Выбрать главу

— Чым?

— Камароў няма. Я іх так цярпець не магу…

— А па мне дык кожная пара добрая. Восенню грыбы, бульба… Ёсць, дарэчы?

— Няма ні халеры. Убілася, пакуль гэты кашэль накапала…

— Цяжка нясці? А я і памагчы не магу…

— От ідзі сабе! Ты ж грыбы нясеш.

І то праўда: што ёй гэтая ноша — так, забаўка. Маладзіца ў самай сіле, пародзістая, рослая — за Міканора, прынамсі, вышэйшая… Такія сем’і, дзе чалавек меншы за жонку, звычайна шчаслівыя, і яшчэ ў такіх (заўважыў Трухановіч) чамусьці часцей нараджаюцца дзяўчынкі.

Гуляючы, несла яна свой цяжкі кашэль. І прытрымліваць не трэба — высокія выпнутыя грудзі не давалі апусціцца шлейцы, рукі вольныя былі; відаць, па сялянскай звычцы, каб не гулялі яны, на хаду адламала яна галінку і абмахвалася, нібы тыя ж ненавісныя камары дакучалі ёй. Пазіркваючы на яе збоку, такую ладную, дужую, Трухановіч упершыню за гэтыя дні адчуў зайздрасць да Міканора. І яшчэ — зразумеў, што зусім не прырода, не цёплы і пахкі вераснёвы вечар і не абставіны ствараюць гэты ягоны лірычны, нейкі ўзнёслы настрой — а яна, Наста, блізкая, амаль інтымная прысутнасць яе.

Усплыла ў памяці Нэлі, тое, як яго мінскаму двайніку­Трухану заўсёды было неспакойна, трывожна з ёю, які ён быў з ёю напяты, увесь час у чаканні нейкай каверзы, падману, непрыемнасцяў… І як — у параўнанні з Нэлі — проста, лёгка, спакойна было цяпер Трухановічу з Настаю.

Яму раптам захацелася вось зараз, бо іншага такога моманту магло і не быць, адкрыцца ёй, адзінаму і ў тым, і ў гэтым яго жыццях чалавеку, якога можна не баяцца, з якім можна адчуваць сябе самім сабою. Расказаць ёй усё­усё, як на споведзі, проста і шчыра, без заўсёдных сваіх хітрыкаў і перастраховачнай вечнай асцярогі. Бо так ужо надакучыла насіць усё ў сабе, так жывой, спагадлівай душы захацелася!

— Дык мы даўно знаёмыя з табою, Наста? — без падрыхтоўкі, без дальніх падыходаў адразу пачаў ён.

— А то ты не ведаеш…

— Каб ведаў, не пытаў бы. Ты адно нагадай, дапамажы мне ўспомніць. Мы гулялі з табою — перад тым, як у войска я пайшоў? Між намі было што­небудзь? Мы хоць цалаваліся з табою?

Яна толькі хмыкнула. Знайшоў пра што пытацца. І як адказваць на такое?! Калі сам не можаш успомніць, дык толку табе з таго, было штосьці, або не?

— Наста, зразумей. Я з вялікай ахвотай і радасцю ўспомніў бы, каб мог! А тым больш такую прыемную рэч, як нашыя… нібыта нашыя! — бо на самой справе то ж быў не я, — адносіны. Прыкрага, саромнага не хочацца ўспамінаць, а тут — цябе, дзяўчыну! Ты стань на маё месца. Нейкі, выбачай, гад, пра якога нават згадваць не хочацца, гэты нібыта Я, ад майго імені ціскаў цябе да плота, шаптаў розныя словы, да вуснаў тваіх прысмоктваўся…

Адказам яму быў смех — нягучны, дзявочы, той самы, які так многа ў сабе тоіць. Яна паказвала гэтым смехам, што разумее яго, нават апраўдвае яго, што ёй цікавы яго маналог.

Падахвочаны, Трухановіч працягваў:

— А можа ён, гэты нібыта Я, карыстаўся табою, тваім целам, вабнотамі тваімі, распранаў цябе, мацаў, дзе хацеў — такую голенькую, белую, цёплую, падатлівую…

Яна ўсё смяялася.

— А мне, у каго нават успамінаў, якія сагравалі б, няма — мне цяпер за кагосьці адказваць!

Дасюль Трухановіч гаварыў як бы жартуючы, з іроніяй. А тут пачаў сур'ёзна:

— Хаця ўсё адно ж ты мне не верыш. І я б на тваім месцы не верыў…

— Я даўно гэта ведаю ведаю, — сказала яна раптам. Спакойна ў яе гэта атрымалася, нават абыякава. — Ты не той. Ты — іншы.

Ён спатыкнуўся, ледзь грыбы не рассыпаў. Вось табе маеш! Варта было ў адчыненыя дзверы ламацца, даказваць штосьці… «Бацька» з «маткаю» не пазналі, і «брат родны» Міканор, а яна — Настачка, першае каханне… Не маё нават, чыёсьці, чужое, а адразу ўгадала, сэрцам адчула… Ён быў і ўзрадваны, і ўзрушаны, і азадачаны.

— Дык… а чым іншы? Чым мы рознімся?

— Проста інакшы ты. Тварамі аднолькавыя, а так… Не ведаю!

— Ну, добра. Тады — а з кім табе лепш?

Наста пазірнула на яго. Неахвотна сказала:

— З тым прасцей неяк было…

— Дзякую.

— А з табою — цікавей.

— Чаму мы раней не пагаварылі так? — шчыра пашкадаваў ён. — Ці ты не хацела?

— Я баялася, — адказала яна проста. — Вінаватая ўсё ж… Не дачакалася, за Міканора выйшла…

— Дарэчы, а чаму не дачакалася? Зацяжарыла? Ці мо Міканор шантажыраваў (выбірай ты словы!)… ну, пагражаў табе? Можа, казаў — не пойдзеш, дык…

І Трухановіч пачаў пералічваць­перасыпаць вядомыя шаблонныя «вечныя» матывы, не заўважаючы, што заносіць яго, што пара спыніцца ўжо, бо не дзяўчынка­аднакласніца перад ім, а чужая замужняя жанчына, маці.