Так як Трухановіч упарта пазбягаў зваротаў «тата», «маці», так і ў адносінах да яго трымалася ўсё ж пэўная насцярога: і Бацька, і Маці звычайна не да яго напрамую звярталіся, а, як да перакладчыка, да кагось трэцяга, нейтральнага, часцей да Міканора: «Хай мо паспіць чалавек», «Мо ён есці хоча»… Гэта было, вядома не дужа тактоўна — і з іхняга, і яго боку, але Трухановіча задавальняла, бо трымалася дыстанцыя. Можна было слухаць, прымаць да ведама, а рабіць пасвойму. Як і цяпер. Калі б у яго спытаў Бацька: «Есці хочаш, сынок, ці Алесь?», дык давялося б адказваць, ды прысесці побач, ды ізноў выдумляць, акторстваваць, ламацца… А так — цішком кульгай сабе кудыхочаш і рабі штохочаш. Хоць бы і вячэрай.
Дарэчы, яшчэ праблема — гэтая вячэра. Ураніцы, ці ў абед добра — бульбы напячэш, «шашлыка» як сёння, калі ёсць сала кавалачак, пакаштуеш, рэпу якую на агародзе вырвеш, сланечнік скруціш, гуркі яшчэ не ўсе выбраны… Малако кіслае і салодкае заўсёды стаіць у гладышках. Поліўка грыбная, са шчаўем, хоць і халодная, але кісляком забяліць, дык лепш і не трэба… Так што галодным, ды яшчэ маючы шпітальны вопыт, Трухановіч не хадзіў — і за сталом не седзячы.
А вось вечарамі! Дзве сям'і хоць і жылі ў розных хатах, але ў адным двары, і ўзялі за правіла вячэраць разам. Для Трухановіча гэтыя сумесныя пасядзелкі былі суцэльнай пакутаю. Аніяк не мог ён да іх прывыкнуць і знаходзіў любыя адгаворкі, каб аднекнуцца. Не падабаўся яму, сіраце, бязбацькавічу, сам працэс, гэтая дэкаратыўная зададзенасць: калі Бацька, перад тым, як пачынаць есці, крыжуе лоб, тады першы цягнецца лыжкаю да агульнага чыгуна, за ім — па ранжыру — дамачадцысямейнікі… Лішнім усё гэта здавалася, фальшывым, пародыяй на старадаўнюю патрыярхальнасць.
Другое — сам ён не мог пазбавіцца адчування, што прысутнасцю сваёй скоўвае людзей, замінае ім, і яны вымушаны падладжвацца пад яго — як бывае, калі за сталом чужы чалавек. А самае галоўнае, за што не любіў ён гэтыя вячоркі, дык гэта за тое, што звычайна як яны пачыналіся, так і заканчваліся — адным і тым жа. Ікнуўшы і перахрысціўшы рот, Бацька — не да яго, Трухановіча, а да Міканора, ці да Маці звяртаючыся, заводзіў пра тое, як людзі ў жыцці ўладкоўваюцца: той у камуне, гэты — учотчыкам на млыне, іншы — на чыгунцы, і што някепска было б «і нам у людзей павучыцца», з іх прыклад браць…
Трухановіч тады апускаў галаву, і кавалак не лез яму ў горла.
Таму і перастрахоўваўся. Лепш за ўсё яшчэ да вячэры прыхапіць са стала што пад руку, і, стараючыся менш на вочы не трапляцца, — да сябе, у любімую камору. А там боты зняць… Прахалода… Насалода!.. І есці няспешна, у сваё задавальненне, у акно пазіраючы… Каб ні яго не бачылі, ні яму нікога не бачыць.
І вось адпачылі ногі, перастала ныць спіна, жывот поўны…У каморцы ціха патрэсквае свечка і асвятляе стол, на якім — стосік паперы і ашчадна, «на іголку» падвойстраны алавік…
Тут затупалі, загрукалі ў сенцах, і ў камору — без дазволу, само сабою, уваліліся Міканор з Якавам.
— Можна? — спытаў Яшка, калі зайшлі ўжо. — Не памяшаем, можа?
«Свінням мяшаюць, — хацеў адказаць Трухановіч, — а ў нас — турбуюць…». Ён перавярнуў аркушыкі спісаным уніз. Пачынаецца. Як тыя палкаводцы, плануючы ваенную аперацыю, бачаць, што прамаруджванне смерці падобна, так і гэтым прыспічыла, няма больш рады цягнуць, трэба нарэшце браць гэтага барчука за жабры.
— Мо на двор лепш выйдзем? — прапанаваў Трухановіч, устаючы. Так не хацелася, каб тырчэлі чужакі ў ягоным жытле. — І сесці няма дзе…
— А нам хоць дзе. Хоць тут, на тапчане, радкомладком.
І прымасціліся адзін да аднаго, цесненька, плячо да пляча. Такія смірныя, далікатныя. Талент яшчэ трэба, каб уявіць, як у любы момант заміранасць гэтая, гэтае ў рот глядзенне вельмі проста можа змяніцца на аскал, мацюкі і жалезную хватку.
— Цёмна тут, — Трухановіч яшчэ не губляў надзеі выправадзіць іх.
— Га? — перапытаў Яшка. Трухановіч ужо ведаў за ім гэтую звычку — «гакаць», перапытваючы на кожным слове, такую ж, як Міканорава «смяюся!» Слых у Якава быў, як у савы, а перапытваў ён, каб выгадаць час і, пакуль чалавек паўтарае, падрыхтавацца да адказу.
— А на дварэ яшчэ цямней, — дабрадушна прамовіў Міканор. У роце ў яго тырчэла цыгарка. Ён курыў і асцярожна памахваў перад носам, разганяючы дым, які мог нашкодзіць «хвораму на атручаныя лёгкія» брату. Калі попел падаў на падлогу, нагінаўся і здзьмухваў пад тапчан, у шчыліны падлогі.
— Хіба каб гаварыць, святло трэба? — падтрымаў Яшка. — Мы ж не ў сваты, не на агледзіны прыйшлі, не дзеўку выбіраць.