Пасля чаго стала ціха. Матыляўся ад дыхання трох мужчын агеньчык свечкі. У яго дрогкім, ненадзейным святле Трухановіч разпораз пазіркваў на Якава, лішні раз пераконваючыся, што Бог шэльмаў меціць. Не такая ўжо, выходзіць, і заганная практыка, што так раздражняла яго ў многіх мастацкіх творах — гэтая прымітыўная, без варыянтаў, закасцянелая кваліфікацыя адмоўных (зрэшты, як і станоўчых) герояў, усіх гэтых контрыкаўпаліцаяўздраднікаў, абавязкова васпаватых, прышчаватых, гнілазубых, няголеных, якія не гавораць, а сіпяць, шыкаюць, гаркаюць, не глядзяць, а косяцца, кідаюць позіркі; прозвішчы якіх, ці мянушкі, або кароткія: Гуз, Шышка, Коршак, Корчык, Клопік, Сіпун, або чамусьці заканчваюцца на «онак», «ёнак», — нібы аўтары заключылі паміж сабою нейкую змову супраць гэтых бязвінных і бяскрыўдных канчаткаў.
Дарэчы, прозвішча ў Якава было — Калашонак, а мянушка — Гакала. Адслужыўшы і паваяваўшы на флоце, хадзіў ён касалапа, ці, памясцоваму — кашалапа; каранасты, дужы, у нязменнай, падобна, ні разу ад таго, як з вайны вярнуўся, не мытай цяльняшцы, якая і цяпер на ім — выглядвае зпад такога ж заношанага, расхлістанага, без гузікаў бушлата. На галаве — бесказырка, круглая, як феска, з абарванымі ў нейкіх прыгодах істужкамі. Шырокі твар, бязбровыя калючыя вочы, учэпістыя рукі…
І паходкаю, і паводзінамі, і нават адсутнасцю двух пярэдніх зубоў Яшка Калашонак апярэджваў да болю знаёмы вобраз шолахаўскага марачка«дваццаціпяцітысячніка», толькі ў беларускай абгортцы, лепш сказаць — беларускага разліву. Хаця ўсе яны, па вялікім рахунку, былі на адзін капыл, як аднаклеткавыя блізняты, гэтыя хадзячыя спараджэнні свайго часу, усе гэтыя салдацкарабочаматроскія бедакі, «змагары за праўду», — у аднолькавай вопратцы, з аднолькавай лексікай, з дурной сваёй энергіяй, з плакатнай бесталковай адвагаю, з нігілістычным наплявацельствам на ўсё і ўсіх, са сваёй разбуральнай цёмнай жорсткасцю…
Яшка неяк так сядзеў, што толькі авал твару з палоскай рота відаць быў, а вочы, звычайна такія вострыя, калючыя, падазроныя, апынуўшыся цяпер паза кругам святла, былі як бы асобна, самі па сабе — чорныя пустыя вачніцы, над якімі на аколышы бесказыркі, сярод выцвілых слоў «Балтийский» і «Флот», нечакана ярка пунсавела зорачка — гэты «в пустоте зловещий символ: сгусток крови, пять концов, и бездонные могилы наших дедов и отцов!..»
Але вось паварушыўся Якаў — і знік аптычны фокус. Усё аказалася на месцы — і вочы, і насцярожаная пільнасць у іх.
— Абжываешся патроху?
— Патроху абжываюся, — адказаў Трухановіч. — Прывыкаю, а там відно будзе.
— Усё пішаш нешта… Га? — перапытаў Яшка, хоць Трухановіч яшчэ і адказаць не паспеў.
— Трэніруюся. Знаёмыя літары ўспамінаю, каб граматы не забыць.
— Не, я сур’ёзна.
— Я таксама. Дактары наказалі пальцы распрацоўваць.
Акрамя спекуляцыі на хваробе, якая столькі ўжо выручала, раптам прыйшло і адчуванне нейкай дужасці сваёй, перавагі над імі — як у дарослага над дзецьмі, як у вопытнага гульца над зялёнымі дэбютантамі, і захацелася пацвяліцца з іх хоць трохі. Ну, пачынайце, згуляем!..
Хоць і разумеў ён, што адбываецца ўсяго толькі звычайная праверка яго, знаёмая па шпіталі.
— Пальцы пальцамі, а пара і на людзі часцей паказвацца. А то як бы грэбуеш калектывам, ці што.
— Ды не, прывыкаю проста, — паўтарыў Трухановіч.
— Здароўе як? Папраўляешся?
— Папраўляюся…
Міканор напусціў сліны ў далонь і затушыў цыгарку. Засмярдзела тытунём яшчэ больш, чым калі ён пускаў дым.
— Мы чаму прыйшлі… Сходка заўтра. Вялікая, усіх вёсак вакольных. Дык, можа, выступіш?
— А што за сходка? Чаму прысвечаная? Часам не грэблю будаваць? — іранічна спытаў Трухановіч, маючы на ўвазе мастацкія творы пра дваццатыятрыццатыя гады. Усе без выключэння раманы і аповесці заканчваліся там сходамі, пасля якіх шляхам сумеснай працы адбывалася зліццё індывідуумаў у адзіны арганізм. З пятнаццаці прачытаных ім кніг у дзесяці разам будавалі дарогу, мост і гацілі грэблю (дарога як сімвал пераходу ад цёмнага да светлага, мост — далучэнне да прагрэсіўнага чалавецтва, грэбля — выграбанне з твані жыцця на шырокі прастор), у чатырох калектыўна асушалі балота, а ў апошнім (раман А. Чарнышэвіча «Світанне») — усё гэта разам плюс будаўніцтва торфазавода.
— Якую грэблю? — няўцямна спытаў Яшка. — Га? У нас брод жа ёсць!
— Звычайна грэблю будаваць вырашаюць на сходах…
— Не грэблю, — сказаў Міканор і радасна засмяяўся, — а агульны Сялянскі дом! Як клуб, толькі большы!
— Дык фальварак жа ёсць. Гатовы ўжо. Цагляны. Пачысціць, паднавіць…