— Месца паганае, — патлумачыў Якаў. — Ад дарог убаку. Ды і дух там яшчэ панскі…
«Не так панскі, як ваш». Трухановіч нядаўна ў грыбах наблукаў на той фальварак, лепш сказаць, на тое, што пасля яго засталося. Але нават па фрагментах яшчэ можна было рэстаўраваць, хоць бы ва ўяўленні ўзнавіць гэтае маленькае архітэктурнае цуда ў яго першапачатковай некранутасці, гэты двухпавярховы будыначак са шпілем, з флігелем, з мосцікам праз канаўку, з сажалкай, з прысадамі акацыяў, з клумбамі ў дворыку… Усё гэта было, канечне, яшчэ ад семнаццатага года ператворана ў адну вялікую грамадскую прыбіральню.
— Ну, так, — сумна прамовіў ён, — новае прасцей пабудаваць.
— Аграмадная такая, прыгожая будыніна! — захапіўся Міканор. — І каб месца зручнае, на роўнай адлегласці ад усіх вёсак, і каб хатачытальня там, і школа, і пошта… І, можа, нават крама, і міліцыя, і камбед…
(І кансерваторыя — як у тым анекдоце: «вось скончыцца вайна, кансерваторыяў набудуем, і на кожнай — па кулямёту, каб кансервы не кралі!»)
— Справа добрая, — сказаў Трухановіч. — Усё ў адным месцы, усё навідавоку, пад кантролем — хто што чытае, хто што ў краме купляе, каму лісты прыходзяць… Але чым я вам памагу? Хіба мохам шчыліны канапаціць…
— Я ж кажу — выступі заўтра! І раскажы, патлумач людзям, чаму гэта трэба.
— А яно трэба? — дабрадушна спытаў Трухановіч. — Чалавек жа не жывёла, каб усіх у адзін хлеў, дык нават і жывёла не хоча жыць разам…
— Штошто? — насцярожыўся Якаў.
— Кажу, нават жывёла кожная хоча свой катух мець.
— Гэтак? У цябе, выходзіць, прапазіцыя такая: мая хата з краю?
— Пазіцыя, а не прапазіцыя, — з мяккай усмешкаю паправіў Трухановіч.
— Хай пра шпіталь, можа, раскажа, дый усё, — уступіўся добры Міканор за брата. — Якія там настроі…
— Ды якія там настроі? Ніякіх, можна сказаць, — Трухановіч успомніў Антонава. — Аднаму ногі ўсё рэзалі, ад гангрэны… Другі, сляпы, дык той усё казаў, што калі зноў пачне бачыць, з бальшавікоў выпішацца, на хутары дзікуном жыць стане, частаколам ад усіх абгародзіцца…
— А ты не пра такіх, ты пра іншых раскажы. Хіба адны такія былі?
— Можа, былі і іншыя. Мне не трапіліся.
Канечне, бачаць, ужо зразумелі яны, асабліва Міканор, які больш Трухановіча ведае, што цвеліцца ён з іх, усур'ёз іх не ўспрымае. Міканору ўвачавідкі было няёмка, але Якаў валодаць сабою ўмеў, выгляду не паказваў, што слухае зараз такое, чаго ў гэтых мясцінах на дзесяткі вёрстаў кругом не пачуеш. Ды і марку трымаць трэба было — усё ж такі прадстаўнік улады ён, а не якісьці кантужаны калека без памяці.
— А ты падумай добра, — ледзь не з пагрозаю параіў ён. — Можа, успомніцца. А не ўспомніш, дык прыдумай. У цябе ж галава на плячах.
— Ды прыдумаць справа няхітрая… І выступіць можна, і бальшавікоў пахваліць… А вось калі раптам не вечная іхняя ўлада? — няхочучы, пачаў уцягвацца Трухановіч. — Гурты, агулы, таварыствы, калектыўнае гаспадаранне… А раптам спяшаемся? Свае ж потым не пахваляць… Рэпрэсіі, чаго добрага, пачнуцца — за перагіб… А то — не прывядзі Бог, канечне, яшчэ і саджаць, і расстрэльваць возьмуцца — свае сваіх… Тады што?
— Гэта я чуў, — сказаў Яшка, — што ты, як той цыган, варажыць навучыўся. Скора грошы на гэтым зарабляць будзеш.
— Добра гадаецца, калі добрае спераду. А калі на бяду паварочваецца, дык варажбіты і грошы за такое не бяруць.
— Змяніўся ты, — прамовіў, устаючы, Яшка, і Міканор з ім разам. — Вайна, кантузія, хвароба… Змянілі цябе моцна!
Які ні быў рады Трухановіч, што скончылася гутарка і сыходзяць яны, усё ж не ўтрымаўся, каб не адказаць:
— Як і цябе, Якаў, як і цябе, — сказаў, не надта спадзеючыся, што намёк яго будзе зразумелы.
Частка пятая
Адзін філосаф у рэдкія хвіліны адпачынку ад спраў разумовых любіў аддацца марам: вось каб, напрыклад, захварэць невылечнай хваробаю і ведаць — з дакладнасцю да аднаго дня, што абавязкова памрэш? Гэта ж можна рабіць усё, што зажадаецца, рэзаць у кожныя вочы праўдуматку, ды, нарэшце, проста жыць — так, як заўсёды хацелася!
Другі філосаф, беларускага паходжання і сучасны, развіваючы гэтую ж тэму — ведання даты заўчаснай смерці і таго, як найлепш астаткамі жыцця распарадзіцца, выказаўся ў тым сэнсе, што раз ужо ўсё адно паміраць, дык у знак пратэсту няблага было б здзейсніць публічны акт самаспалення. Гэткая перадача эстафетнай палачкі ад панчанкаўскага героя, які колісь «лёг на калючыя скруткі дроту, і тысячы пыльных салдацкіх ботаў прайшлі па яго спіне»…
ККД — каэфіцыент карыснага дзеяння.