Вельмі доўга то сядзелі, то з кутка ў куток туляліся, і чакалі, як навабранцы на прызыўным пункце, пакуль не прыходзіла і не забірала чарговую партыю з трохчатырох чалавек санітарка.
Прыйшлі і па Трухана.
Пачалося тое, чаго ён баяўся, хоць і ведаў, што яно абавязкова пачнецца. Менавіта: усе папярэднія аналізы ягоныя, тыя самыя, што ў чэргах выседзеўшывыстаяўшы, з такімі нервамі і праблемамі столькі разоў здаваў у студэнцкай паліклініцы, усе рэнтгенаўскія здымкі, заключэнні, кардыяграмы і гэтак далей — усё, што наказвалі яму берагчы, як зрэнку вока, цяпер прызнавалася нікуды не годным. На іх нават не зірнулі як след. Усё трэба было рабіць пановаму.
Што ж. Гэта ж не электрачайнік, а чалавечы механізм — тут маглі і састарэць аналізы… Ды і куды яму было спяшацца?
Прыйшоў доктар. Малады, дзелавы, строгі.
«Як адчуванне?»
«Доктар, скажыце, аперацыя… вельмі небяспечная?» — нясмела спытаў Трухан тое, што да гэтага сотню разоў пытаў. У самым пытанні з дзіцячай хітрасцю закладзена была падказка: каб доктар зачапіўся за гэтае вельмі і абвяргаць пачаў.
Але доктар не клюнуў на наіўную прыманку.
«Колькі вам поўных гадоў? Ці жанаты? Хто ў вас з радні? Чым хварэлі? Як пераносіце наркоз?»
А Трухан расшыфроўваў: мы рыхтуемся да самага горшага, і табе і тваім родным тое ж раім. І гэты доктар быў цюцелька ў цюцельку такі самы, як і паліклінічныя. Шэнціла ж на такіх Трухану. Ці то мода пайшла сярод медыкаў — быць максімальна жорсткімі да хворых, не спакушаць іх надзеяю, каб не сурочыць, ці то новая нейкая парода іх узнікла за апошні час — перастраховачная парода, але ніводзін з тых, што яму трапляліся, не лічыў патрэбным суцяшаць яго, неяк абнадзейваць, слова ветлівага не сказаў. І ў дым разлятаўся стэрэатып рассеянага, з блізарукімі паверх акуляраў добрымі вачыма, з трубкай у нагруднай кішэні халата прафесара, які называе пацыента «галубок», які не шкадуе фразаў тыпу «усё будзе цудоўна, галоўнае крышачку пацярпець…»
А мо ён проста многага патрабуе ад савецкіх дактароў? Ды не, элементарнага — чалавечнасці. Бо сваёй залішняй строгасцю, грубасцю, сваім нагнятаннем варыянта толькі негатыўнага, падрыхтоўкай толькі да горшага — аж да таго, што «пакінь надзею!», яны перабаршчвалі ўжо занадта. Здавалася б, ім прасцей, лягчэй, выгадней, урэшце больш гуманна было б падмануць хворага, наабяцаць яму залатыя горы здароўя… А не!
А раз яны робяць наадварот, сумна разважаў Трухан, дык шукай прычыну ў практычным: даць трэба «ў лапу». Інакш, заплаціць.
Ён уяўляў сябе тады на месца доктара, і жахліва яму рабілася. Няўжо можна да аднаго хворага ставіцца інакш — дабрэй, прыязней, а да другога — як да паддоследнага сабакі — толькі таму, што заплацілі, ці папрасілі? Толькі па прычыне хабару, прэтэкцыі, блату? У любой іншай сферы, дзе хочаш такое дапускалася, толькі не ў медыцыне.
Былі б гэтыя развагі зусім моташныя, каб не контраргумент, каб не выдатны доказ, што гэта — няпраўда. Вось акурат медыцына і ёсць тая штука, дзе малы толк і ад хабару, і ад пратэкцыі, бо хварэюць і паміраюць як любыя багатыры, так і самі, як гэта ні парадаксальна, медработнікі.
На дактароў, як на жонку Цэзара, не павінна было падаць падазрэнне. Затое як раздражняў, злаваў, з сябе выводзіў гэтак званы персанал малодшы і сярэдні — санітаркі і сёстры. Гэтыя ну ніяк не хацелі разумець, якія глабальныя пытанні стаяць перад хворым чалавекам, і пастаянна лезлі са сваім дробным, надакучлівым глупствам. Як бы адзінай іхняй задачай было — пазбавіць яго адзіноты, не даць яму пабыць аднаму. Яны пастаянна адрывалі Трухана ад думак пра галоўнае і атручвалі яму — цалкам магчыма — і гэтыя некалькі лішніх, падараваных лёсам дзён, якія ён хацеў патраціць на падвядзенне вынікаў і на развітанне…
Дзе там! Увесь час ён камусь трэба быў, яго шморгалі, клікалі, шукалі, пыталі — прычым адна пытае слова ў слова тое самае, што некалькі хвілін назад — другая. Ён цярпліва адказваў.
Сястрагаспадыня насварылася, чаму не ўзяў «з дому» свой ручнік, бо казённых мала, а хворыя, якім выдаюць, выпісваюцца і забіраюць напамяць.
«Я далібог не краў, я ўпершыню ў вашай бальніцы», — паспрабаваў аджартавацца Трухан. Гэтыя словы чамусьці так расстроілі жанчыну, што яе «на пасту» адпойвалі кроплямі. Усё ж прынесла — як ад душы адарвала: мытуюперамытую, зжаўцелую ад старасці вафельную анучку, і пад распіску выдала.