Выбрать главу

У Бокаўцы няма магазіна, затое ёсць вялікая ферма, з якой у асноўным і кормяцца тутэйшыя людцы; будуецца многа фінскіх домікаў, якія чамусьці засяляюцца не мясцовымі, а прышлымі, перасяленцамі з-пад Чарнобыля. Урэшце, у самым меншым, дальнім Ставе няма ні фермы, ні школы, ні магазіна, прыязджае разы два на тыдзень аўталаўка і два разы ў дзень ходзіць аўтобус з горада.

Нягледзячы на той жа лес вакол і тыя ж балацянкі, гэтыя вёскі непадобныя адна на адну. Яны розняцца і ўмовамі жыцця, і прозвішчамі, і вымаўленнем; у Сасноўцы, напрыклад, большасць прозвішчаў канчаецца на «іч» — Асіповіч, Мохавіч, Васкевіч; у Двароўцы — на «а»: Ткачэнка, Кузьменка, Дварэнка; у Ставе — зусім без канчаткаў: Галас, Гаман, Басак, Цык, Лізун... У Сасноўцы скажуць звонка — мы, дзеўкі, хлеў, мёд; у Бокаўцы — му, дзёўкі, хлёў, мюод; у Ставе — яшчэ інакш. Увесь тутэйшы люд цвёрда лічыць сябе беларусамі праваслаўнай веры і гэтак жа цвёрда не лічыць сваю мову беларускаю. Калі папытаць, а якая, з гатоўнай пагардаю да сябе адкажуць: «Абы-якая, ні польская, ні конская!» Прызнаюць свой рэгіён Палессем (ад таго, што вобласць не так даўно звалася Палескаю?) і не прызнаюць сябе палешукамі; пагардліва крывяцца, ківаючы на захад: «Ета там, пад Пінск, западня!» Паважаюць яўрэяў («Адзін аднаго глядзяць, не тое, што му»), у кожнага знойдзецца гісторыя, як спрытна «от була Фаня» зубы без наркозу рвала, і «буў Мойша» ставіў — во, паглядзі, — і пакажа белы сталёвы рот, адвярнуўшы пальцам губу. Цыганамі, як і паўсюль на Беларусі, любяць палохаць дзяцей, але і ў дарослых ёсць боязь перад гэтай таямнічай нацыяй — «усе языкі на свеце можна разабраць, а цыганскі ніхто ніколі не разбярэ!» Калі ходзяць па сяле цыганкі, бабы абавязкова вынесуць сала, яек — невядома адкуль і з якіх часоў убілася ў тутэйшыя галовы паданне, што «яўрэі Хрыста распялі, а цыганы знялі з крыжа». З рускіх пасмейваюцца, лічаць горшымі за сябе — «пскапской есь пскапской!» — скажуць, перадражніваючы. Пабойваюцца ўкраінцаў — «усіх можна абдурыць, а хахла ніколі!», але песні ўкраінскія любяць больш за беларускія, хоць і спяваюць зусім на свой лад.

За свае дваццаць тры гады Васкевіч трохі пабачыў свету, служыў у арміі, але да вучобы ў Мінску яму нават у галаву не прыходзіла, што іхні рэгіён нейкі адметны, нейкая іншая Беларусь, чым тая ж Міншчына або Гродзеншчына. Сорамна прызнацца, але ён і пасля войска слаба арыентаваўся ў геаграфічным становішчы сваёй вёскі, раёна — поўдзень гэта ці поўнач? з кім мяжуецца?.. Беларусь, Гомельская вобласць, Палессе — гэтым усё сказана. І толькі ў Мінску, на падрыхтоўчых курсах, калі пайшла чутка пра Чарнобыль, ён проста дзеля цікавасці — чаго яны ўсе бегаюць, гэта ж недзе пад Кіевам, у іншай рэспубліцы? — палез у карту, глянуў і абамлеў. На карце даволі вялікага маштабу адлегласць ад Чарнобыля да іхняга раённага горада была меншая за два запалкавыя карабкі. З гарачкі схапіўся пісаць дамоў ліст, каб маці кідала ўсё і... А што «і»? Кідаць — і дзе дзецца? Так нічога і не напісаў. Гады праз два ён яшчэ раз сутыкнуўся з праблемай «адметнасці свайго рэгіёна» — калі неяк адносіў у дэканат бальнічную даведку, у пустой прыёмнай паклаў на стол і сабраўся выйсці, як раптам з прыадчыненых дзвярэй пачуўся  голас дэканшы: яна гаварыла з кімсьці «жывым» ці па тэлефоне. Васкевіч пачуў сваё прозвішча, Антоненкі, Рамановіча... Ён застыў, прыслухоўваючыся. «Да нет, так нормально... Просто кучка этих гомельских хохлов мутит...» — гаварыла дэканша. Зайшла сакратарка і не дала даслухаць на самым цікавым месцы. Тады ён не столькі насцярожыўся, колькі здзівіўся. Дастаў зноў карту, пачаў вывучаць ужо як след. Так і ёсць: вось Чарнігаўшчына, Кіеўшчына, Жытоміршчына, абступілі, ціснуць з усіх бакоў... Успомніў, як колісь дзед Пятро хваліўся, паплёўваючы: «Я ў Кіеў за суткі канём заязджаў!» Не ў Мінск, а ў Кіеў.... Сапраўды, мінскаму чалавеку, гледзячы на карту, смела можна называць іх «гомельскімі хахламі». Але іншае цікава — раней ён неяк не задумваўся, не звяртаў увагі, што з дзесяці беларускамоўных чалавек у інстытуце адзін з Магілёўшчыны, і восем з Гомельшчыны! З Мінска Лена, але і ў яе бацькі са Светлагорскага раёна. З Рэчыцы Рамановіч, з-пад Лоева Антоненка, з Жыткавіч Брусавец, недзе адсюль, з-пад Нароўлі, блізкі яго, Васкевіча, зямляк, быў паэт Вяргейчык, які загінуў у канцы першага курса...

Увечары расказаў пра ўсё чутае ў дэканаце Рамановічу. Той задаволена пасмяяўся і растлумачыў, што ўсё правільна, так і павінна быць, і вельмі добра, што такія чуткі ідуць пра іх, бо гэтая, найбольш здаровая хваля «адраджэння», заканамерна ідзе з усходу, з Гомельшчыны і Магілёўшчыны — як з рэгіёнаў, якія ў іншыя часы не змаглі «нацыянальна рэалізавацца». Згадаўшы Калубовіча і яго «хвойніцкіх альтруістых», Рамановіч захапіўся і яго, як заўсёды, панесла: