Выбрать главу

Потым: «забор (у сэнсе, забіранне) крыві». Брыдкая працэдура! Прыцмокванне «грушы», шум у вушах… То руку не так паклаў, то вену не знайсці, то палец паганы… Ды ўсё з уздыхамі, нервамі, з паказваннем, што ў тым, што ў яе такая нелюбімая, абрыдлая праца, вінаватая не яна, а вы — падсобны матэрыял, такія вось бесталковыя хворыя…

І ў сталоўцы без крыку не абыйшлося: чаму не ўзяў зноў­такі «з дому» лыжку з кубкам?! І таксама, павойкаўшы, на службовае злачынства пайшлі, выдаўшы яму — пад клятву аддаць— шклянку з чайнай лыжачкай.

Дзе б ён ні паяўляўся, усюды выклікаў незадаволенасць, вохканні, айканні, усё рабіў не так і не тое. Працэдурная сястра бурчэла: дзе аднаразавыя шпрыцы? — я на вас не назапашуся… Санітарка насварылася, бо з­за ягонай тумбачкі выграбла кучу бруду, скарынкі і крошкі, шалупінне, хаця выдатна ведала, што ён гадзіну назад як паступіў, і яшчэ нават тумбачкі адкрыць не паспеў. У рэнтгенкабінеце сустрэлі лаянкай — чаму пантофлі не зняў каля ўваходу?!

І паступова на яго навая хваля раздражнення накатвала. Ды чаго вы так перажываеце? Адкуль я ведаў? Хто мяне папярэджваў? Няўжо я знарок, за мэту сабе паставіў непрыемнасці вам чыніць?

Але нават не гэта крыўдна было. Што яму прывыкаць — савецкаму хвораму ў савецкай бальніцы? Горш было тое, што з усіх гэтых прыдзірак і прэтэнзій вынікала — калі б ён, дапусцім, захапіў уласны ручнік, і кубачак з лыжкаю для сталовай, і зняў пантофлі пры ўваходзе, дык для яго не паўставала б пытання Смерці; інакш, ад гэтага магло б залежаць, будзе ён жыць, ці памрэ.

Альбо такая накладка. У палату ўкаціла сястра кропельніцу:

«Лягай».

Ён лёг пакорліва, у белую столь гледзячы. Тут праз пару хвілін другая сястра прыляцела, іголку вышмаргнула, толькі кроў на прасціну пырснула…

«Чаго ты маўчыш ляжыш?!»

А ў яго ніхто і не пытаў. Аказалася, у суседняй палаце ёсць хворы па прозвішчы Труман, таксама нядаўна паступіў, і іх паблыталі. І далей, канечне, пастаянна пачалі блытаць. То ўкол, то кропельніца, то таблеткі, прызначаныя Труману, патраплялі ў палату да Трухана. Але і Трухан ужо зрабіўся вучоны.

«Каму?» — пытаў ён. — «Табе, каму ж яшчэ!» — «Паглядзіце добра». — «Ну, паглядзела — табе, Труману!» — «Але я — Трухан».

Сусед па палаце жартаваў:

«Глядзі, каб Трумана замест цябе на аперацыю не забралі! Бо ў нас што хочаш бывае. Такі ўкольчык упякуць, што і аперацыі не спатрэбіцца…»

Гэты сусед быў копіяй Антонава з таго жыцця (а можа, і прамым яго нашчадкам); з такімі ж дурнымі жартамі, хамскімі зваротамі, і так многа ён гаварыў, што Трухан, часам забываючы, дзе знаходзіцца, лез у тумбачку па сухар, каб даць яму і каб ён заткнуўся.

«… А то неяк бальнічны далі на халяву, — вяла, манатонна распавядаў гэты «ўнук Антонава». — Тры дні гуляў на вяселлі. На работу ісці, а як ісці? Прыходзіць знаёмы. Кажа, давай у магазін, купі пляшку гарэлкі і пляшку шампанскага. Я збегаў. Цяпер — бінт і цёплая вада. Мочыць бінт, туга бінтуе мне да калена нагу… Цяпер — стаў нагу на табурэтачку. Я паставіў, ён нечакана — як урэжа па назе бутэлькаю! Боль люты. Выпілі гарэлку, я разбінтаваў — нага чорная, распухлая, у вядро не ўлазіць. І пералому няма — і месяц бальнічнага!»

Слухаючы яго, — а не слухаць не можна было, Трухан пачынаў разумець, чаму так палохала яго заўсёды «звычайнае, простае чалавечае шчасце», чаму яно здавалася яму горай нават за тое, што ён на гэты момант мае.

Іншыя аднапалатнікі, чацвёра іх было, даймалі Трухана больш тонкім спосабам — параўноўвалі яго з нейкім Квяткевічам, які раней тут ляжаў. Як толькі звярталі ўвагу на Трухана, так аўтаматычна згадваўся Квяткевіч.

Пачалося з дыягназу, з таго, што Трухану аперацыю будуць рабіць.

«А вось Квяткевічу — тутачкі ён ляжаў, на тваім ложку, ніякай аперацыі не рабілі!»

Пры Квяткевічы ў палаце быў тэлевізар, «відак», магнітафон.

«А ў цябе ёсць?»

«Няма».

А як умеў Квяткевіч травіць анекдоцікі! А ў карты як гуляў!

«А ты гуляеш?»

«Не».

Пры Квяткевічы з палаты не вылазілі наведнікі, госці, дзеўкі… Спіртное прыносілі, прысмакі розныя.

«А да цябе чаму ніхто не прыходзіць?»

І гэтак далей, і таму падобнае, і ў кожным выпадку параўнанні былі не на карысць Трухана, — нібы ён стаў нейкім іншым полюсам, адваротным бокам, негатыўным двайніком таго невядомага Квяткевіча.

3

«…Калі ў першым акце на сцяне вісіць стрэльба,

дык у апошнім яна павінна… даць асечку»