Выбрать главу

Усярэдзіне, на першым паверсе, было сапраўднае пекла. Усё калоціцца, грукочуць камяні, за белым пылам амаль нічога не відаць, у гэтай завірусе мітусяцца, як чэрці, людзі, робячы якуюсь незразумелую работу… Па драўлянай, белай, нібы засыпанай крэйдаю, лесвіцы падняўся наверх. Тут было крыху спакайней. Пастаяў, агледзеўся. Ну што ж, збольшага механіка зразумелая. Калаўрот, якім знізу падымаюць мяхі, вялізны кош, куды высыпаюць жыта. Жорны круцяцца пры дапамозе пары, і ўніз па латку ў скрыню ссыпаецца мука…

Спусціўся ўніз, трохі прывыклымі ўжо вачыма ўбачыў, што і тут, аказваецца, зусім не хаос, а прадуманыя, зразумелыя дзеянні: людзі выграбаюць саўкамі муку са скрыні і напаўняць мяхі. У кутку каля акна, дзе святлей было, і крыху менш пылу, сядзеў на адной скрынцы чалавек, другая, вышэйшая, служыла, відаць пісьмовым сталом, бо на ёй ляжаў разгорнуты сшытак. Трухановіча міжволі пацягнула туды — знаёмы занятак, папера, аловак… А калі яшчэ ўбачыў, што ў чалавека замест нагі — драўляная кульба, зусім растаў душою: «калега», такі ж, як і ён, знявечаны…

Ён падыйшоў і, сам не ведаючы, навошта робіць гэта, выцягнуў з кішэні паддзеўкі пляшку самагоні і моўчкі працягнуў чалавеку. Той не столькі ўзрадваўся, колькі здзівіўся, нават нібыта спалохаўся чагосьці. Аднак, азірнуўшыся, пляшку ўсё­ткі ўзяў і схаваў пад свой «стол»­скрынку.

Затым змераў Трухановіча доўгім насцярожаным паглядам.

— Без чаргі трэба? — спытаўся нарэшце. — Арганізуем!

— Ды не. Спяшацца няма куды.

Чалавек памякчэў.

— А, ну тады дзякую. Змелем! Мы табе так змелем, што пірагі з тае мукі пячы можна будзе!..

Добрым сваім зрокам Трухановіч ухапіў на разгорнутай і разграфленай старонцы: учот… мяхі… пуды… мука — крупчатка… першы памол… другі гатунак…

— Вы ўчотчык? — ляпнуў ён, робячы другую пасля дачы хабару памылку. Чалавек ізноў насцярожыўся. Ты прыехаў на млын і не ведаеш, хто я? — нібы хацеў сказаць ён. Зрэшты, прыблізна так і сказаў:

— Я то ўчотчык… А вось ты хто? Нешта не згадваю. Ці не Трухановічаў меншы будзеш?

— Не… Трухановіч, але не меншы… Не той. Другі я, — адчуўшы, што заблытваецца, Трухановіч змоўк на паўслове і, поўны прыкрасці, павярнуўся і паклыпаў на двор. Навошта яму спатрэбілася хлусіць? І што за шчодрасць з гэтым самагонам?.. Як усё ж цяжка з людзьмі, як збіваешся з імі, не ведаеш, як трэба паводзіццца!

І толькі калі, змалоўшы, уладкаваўшыся, выехаў са Скрыгалава і апынуўся зноў у лесе, адзін, з канём, — палегчала трохі. Дождж перастаў. Спіну ўтульна грэў цёплы мех мукі. Толькі аднаму і можна існаваць. Гармонія… «Лявон­Бушмараўшчына»…

Але на гэты раз думкі яго ўзбунтавалі. І прыкрасць, і злосць нечакана расхадзіліся ў душы. Ад таго, што такі ён непрыдатны сярод гэтых сялян — з іхнімі вечнымі праблемамі, з іхняй вечнай барацьбой за выжыванне… Чужы, усяму і ўсім чужы! І як жа абрыдла ўжо гэтае сваё «ўсёведанне»! Ад якога ні яму самому, нікому іншаму ніякае карысці!

І ён адчуў, як стаміўся ад гэтай чужацкасці, ад вечнага свайго акторства ў гэтай занадта ўжо зацягнутай п'есе.

І, як і сёння раніцай, толькі яшчэ больш востра, з яшчэ большым адчуваннем палёгкі ён зразумеў, што пара, што хутка скончыцца ўсё, што ён, сам таго не ўсведамляючы, набліжае развязку, прынамсі, хоць бы вось гэтым эпізодам на млыне… І яму хочацца, каб гэтая развязка хутчэй настала.

Чаму ім не цікавяцца?! Чаму не арыштоўваюць?! А можа — ужо? Вось пад'едзе ён зараз да хаты, а там чакаюць… Каб «узяць».

Да таго ён гэтай развязкі хацеў, да таго быў да яе падрыхтаваны, што амаль не сумняваўся — так яно і будзе.

5

Але «ўзялі» яго толькі праз тыдзень.

За гэты час паспеў Трухановіч развітацца і з любімай рэчкаю, і з родным лесам, і з восеньскім сонцам, якое «шчодра аддавала сваё апошняе цяпло» пустым ужо, але ад таго не менш прывабным для вачэй і для душы палеткам… Самае галоўнае — паперы яго, успаміны яго пра будучыню былі дапісаны, у снарадную гільзу ўкладзены, воскам заліты і ў надзейным месцы захаваны. Гэта было адзінае, што мог ён паслаць праз гады самому сабе — будучаму.

Больш нічога не звязвала яго з гэтым часам. Арышту ён не баяўся, не баяўся нават смерці — па вядомай прычыне; будучы допыт не так палохаў яго, колькі чакаўся ім. Яму здавалася, гэта будзе штосьці кшталту філасофскай, інтэлектуальнай гутаркі за шклянкаю гарбаты… Бо якая віна на ім? Што яму можна «прышыць»? Не прымітыўную ж контру! Мо таму і не арыштавалі дасюль, бо самі не ведаюць, за што? За бяспамяцтва, за бяскрыўдныя фантазіі — дык нібыта нават бальшавікі за такое не расстрэльваюць…