Выбрать главу

У такіх справах як ні гадай — не ўгадаеш, як ні чакай — атрымаецца нечакана. Прыехалі па яго днём, у самую рабочую пару, калі ён адзін быў дома. А мо гэта Якаў, які паказваў чэкістам дарогу, знарок такі час выбраў? Усё адбылося хутка, будзённа, без асаблівых збораў і слёз­провадаў. Нават вобыску не было. У каморку ўвайшлі двое, адзін стаў у дзвярах, другі акінуў вокам пустыя куткі, голыя сцены, падняў матрац, пад ложак зазірнуў… Трухановічу нічога не тлумачылі, а ён не пытаў нічога. Аднак паддзеўку на плечы накінуць здагадаўся.

Падвода стаяла каля варот. Сабакі брахалі, як шалёныя, — падобна, адзіныя істоты, якія не толькі шкадавалі свайго гаспадара, але і гатовы былі абараняць яго перад чужакамі. Хаця, калі падвода ўжо кранулася, і Трухановіч азірнуўся, падалося яму, што нехта ходзіць у двары, можа, тая ж Наста прыбегла з агароду на сабачы брэх…

Канваіры былі маўчуны. Абодва сядзелі спінамі да Трухановіча: адзін спераду кіраваў коньмі, другі ззаду спусціў ногі ледзь не да зямлі і курыў. Трухановічу была поўная воля. Ён глядзеў на сароку, якая трашчала і ківала хвастом на бярозе. Калі ўехалі ў бярозавы лес, вочы машынальна пачалі шнырыць па доле, шукаючы сярод жоўтага лісця грыбную шапку. А калі пайшлі пералескі, а потым абапал дарогі — палі, ён пачаў пазіраць на пустыя загоны, і знаходзіў, што яны, голыя, падзеленыя толькі ваўчкамі на межах і схіленымі сланечнікамі, яшчэ прыгажэйшыя, чым улетку, калі ўсё на іх цвіло і буяла.

Горад набліжаўся. І чым бліжэй да яго заставалася, тым больш Трухановічу хацелася расцягнуць дарогу — у прамым сэнсе, на манер гумкі, каб даўжэй было ехаць. Паказаліся першыя мазырскія хаты — украінскія мазанкі, белыя ў зялёнай вішнёвай і абрыкосавай зацені. У сваім будучым далёкім дзяцінстве ён яшчэ застане іх…

Вечар надыходзіў з кожнай хвілінай. Аднак, нягледзячы на прыцемкі, і ў горадзе Трухановіч пазнаваў сёе­тое. Славутыя равы і пагоркі, пакрытыя бярозамі… «Я вам пакідаю на кручах высокіх ракіты, мазырскіх бяроз беластвольны тугі карагод, каб вы, дарагія, на прыпяцкіх хвалях блакітных, ка мне прыплылі і праз нейкую тысячу год!»

Спуск. Пад'ём. Цэнтральная вуліца. Прыпяць, якую хоць і не відаць адсюль, але яна адчувалася па рачной свежасці. Плошча, яшчэ без статуі з працягнутай рукою. Будынак, той самы, у адным з пакояў якога, на другім паверсе, некалі будуць прымаць яго ў камсамол…

Падвода завярнула ў цёмны ўнутраны двор. Спынілася каля ледзь прыкметных у сцяне дзвярэй. Трухановіч хацеў устаць, на яго цыкнулі, каб сядзеў і не варушыўся. Затым яго канваіры некуды зніклі, а каля падводы з'явіліся іншыя людзі. Турэмшчыкі? Перадача з «рук на рукі»? Нарэшце яму загадалі злазіць.

— Рукі за спіну. Не азірацца. Слухаць каманды.

Адзін уперадзе, другі ззаду. Пачалі спускацца ў падвал. Трухановіч чыкільгікаў, як верабей. Чамусьці ўяўлялася яму, што ягоная турма будзе без падвалаў, проста які­небудзь маленькі барак, хоць і без вокнаў, цёмны, але драўляны, з нагрэтымі за дзень бярвенчатымі сценамі. А тут — сцены цагляныя, холад, вільгаць, цвіль… Святла не было зусім.

— Улева, — камандаваў задні. — Яшчэ ўлева… Стаяць! Тварам да сцяны!

Бразнулі дзверы. Пацягнула скразняком і адначасова — тым адмысловым смуродным пахам, па якім льга было здагадацца, што людзей тут, як селядцоў у бочцы. Трухановіч зрабіў крок, дзверы зачыніліся за ім. Цемрадзь была поўная… Хаця, здаецца, у процілеглым кутку камеры святлее прамакутнік акна. На яго арыентуючыся, Трухановіч паспрабаваў быў прайсці туды. Але спатыкнуўся аб нечае цела, як яму падалося, мёртвае… Не, лепш вярнуцца назад і ўладкоўвацца каля дзвярэй.

Так і зрабіў. Хоць і скразнячок з­пад нізу, затое лягчэй будзе дыхаць. Паддзеўка на падлогу… Ногі абедзьве ў рукаво… Нос да скразняку… Аднак не паспеў ён зрабіць усяго гэтага, як зноў з ляскатам адчыніліся дзверы.

— Хто на «хэ»?!

Заварочаліся, закашлялі, заскрыпелі, застагналі…

— Хамцэвіч.

— Хамутоўскі!

— Хальчэня, — пачало адгукацца з розных куткоў.

— Апошні, на выхад!

Трухановіч падцягнуў пад жывот ногі, каб даць дарогу. Па вакенцы, ды па прыблізнай адлегласці паміж месцамі, адкуль чуліся галасы, можна было вызначыць памеры камеры — не менш як чалавек на пяцьдзесят, гэта калі ўсе ляжаць на падлозе, ўпокат, а калі тут яшчэ і нары, дык удвая больш...