Як пачалося, так і пайшло. Праз пэўныя прамежкі часу —крокі на калідоры (хутка яны пачалі замяняць Трухановічу гадзіннік), бразгат дзвярэй, «хто на…!» І з кожным разам, чуючы гэтыя крокі за кіламетр, нават, здаецца, тады, калі яны яшчэ і не пачаліся, замірае ўвесь людзьмі забіты катух… Некалі вось так сама сядзелі і чакалі, пакуль іх кінуць на корм дзікім звярам, першыя хрысціяне… Ці прарокі, аракулы, «ведзьмакі» часоў інквізіцыі перад апошнім сваім вогнішчам… Як чорна і глуха. Нібы апусцілі на людзей вялізную квадратную скрыню — тры сцяны і столь, і адрэзалі ёю, адсеклі ўсё лішняе, непатрэбнае, няважнае… Усё засталося там, паза скрыняю, а тут толькі дзве рэальнасці: жыццё і смерць. Жыццё — гэты крохкі маленькі шкляны шарык, з рэдкім пералівам падманлівага бляску, —шарык на накавальні, а над ім смерць — цяжкі, усюдыісны, бязлітасны жалезны молат…
— Хто на «тэ»?!
«Я! Я, таварышы, на «тэ», і я гатовы супрацоўнічаць з вамі! Вы толькі не спяшайцеся забіваць мяне, і я вам усё растлумачу… Я — неацэнны грамадзянін для любой дзяржавы. Ад мяне карысці можа быць больш, чым ад цэлага войска, больш нават, чым ад вас, арміі чэкістаў… Не, што вы, гэта зусім не азначае, што вы застанецеся без працы! Як вы кажаце? Так, канечне, — віну сваю прызнаю, гатовы падпісаць любы пратакол. Вінаваты ў тым, што па слабасці, ці па дурасці, думаў адсядзецца ў каморцы, у грыбах, не хацеў дзяліцца сваім дарам з дзяржаваю… Выпусціўшы зпад увагі, што дар гэты не столькі мой, нават зусім не мой, а — калектыўная ўласнасць, дзяржаўная зброя; мне ж належыць толькі тленная абалонка, толькі маё скалечанае цела… Так што вельмі прашу вас пакінуць мяне жыць, а ўзамен вы атрымаеце самыя дакладныя гістарычныя прадказанні, якія памогуць вам за кароткі час авалодаць усім светам».
«Добра. Іншага мы ад вас і не чакалі. Ніхто, само сабою, не верыць, што вы жылі ў будучым, і таму падобнай лухце. Як камуністыматэрыялісты, мы не верым нават у дар як у штосьці індывідуальнае, ад нараджэння дадзенае — гэта буржуазныя хімеры, людзі будучага ўсе будуць геніяльныя і ўзаемазамяняльныя… Але пакуль мы вымушаны лічыцца, што няроўнасць існуе не толькі ў эканамічным, але і ў духоўным плане. Часова талент як адзнаку выключнасці мы прызнаем, і верым у звышмагчымасць чалавечага мозгу, у неадкрытыя яго рэзервы. Дар прадбачання, прадчування, інтуіцыі — такі ж самы дар, як і пісаць музыку, карціны або ствараць мастацкія творы, пакуль не ўсе гэта могуць. Што да вас, дык хутчэй за ўсё пасля ранення і кантузіі розум ваш даў збой, і вы атрымалі магчымасць прыадкрыць заслону будучага, зазірнуць туды… Такія людзі нам патрэбны. Мы залічваем вас у штат малодшым супрацоўнікам. Паёк — мука, чай, цукар, як прэмія — веласіпед… Дрывамі будзеце забяспечаны. Але як толькі не спраўдзіцца хоць адно вашае прароцтва…»
— Хто на «гэ»?!
— Галёнка…
— Голуб!
— Гершвін…
— Апошні — на выхад!
Трухановіч у каторы раз сцяўся, прапускаючы няшчаснага Гершвіна, які прабіраўся да выхаду і плакаў уголас. Вось чаго ён не ўлічыў. Вось на што варта было настройваць сябе, вось чаго трэба было, урэшце, баяцца: не арышту, не смерці — апускання молата на шкляны шарык (у яго становішчы, калі ведаеш, што смерці няма, што зноў народзішся, гэта было б дурасцю), а ўсяго спадарожнага. Перыядычнасці крокаў на калідоры, ляскату засова, падбірання пад сябе ног, каб даваць камусьці дарогу, і дзікай палёгкі, што не табе яе даюць… Смуроду, мацюкаў, галасоў, плачу — усяго жывёльнапрымітыўнага, сярэднявечнаінквізітарскага… Допыту, грукання кулака па стале… І як упарта не йдзе з галавы Плейшнер з яго ядавітай ампулай у цыгарэце! Вось толькі не ў цыгарэту, а ў каўнер пінжака ці гімнасцёркі ўшываць трэба такія рэчы…
Ніхто не выклікаў яго.
І пакрысе, чым бліжэй да раніцы, уся яго іронія наконт нібыта хуткага допыту, якая павінна была змяніцца распраўленнем плячэй і гордым пляўком у твар кату, на нішто сыходзіла, раставала, знікала, як і адчуванне сваёй нібыта важнасці — хоць бы і ў параўнанні з гэтымі вось сукамернікамі. Ясна было, што ён такі ж, як усё тут; ніхто не збіраецца яго вербаваць, нічога яму прапаноўваць… Не ён ім у твар, а ім было напляваць — і на курыцу, і на залатыя яйкі…
Невядома, колькі часу так прайшло. Як раптам штосьці змянілася ў камеры. Трухановіч не адразу зразумеў, што. Аказалася, пасвятлела вакенца. Зачынаўся ранак. І не паспеў Трухановіч разлыпіць вочы як след, не паспеў агледзецца — жудкая карціна толькітолькі пачынала вымалёўвацца перад ім, як на калідоры пачуліся крокі, бразнулі дзверы: