Выбрать главу

— Хто на тэ?! — над самым вухам.

— Тоўкач!

— Тарасевіч!

— Трухановіч! — хрыпла, уласнага голасу не пазнаючы, прамовіў ён, адрываючы ад падлогі зацеклае, непаслухмянае цела.

— Апошні — на выхад!

— Я? — перапытаў ён, хоць даўно, яшчэ аддалёк крокі пачуўшы, ужо ведаў, хто.

— Галоўка ад …уя! З рэчамі на выхад!

6

«Трухан, на ўкол! Ты не еў, я спадзяюся?»

З шасці раніцы пачынаючы, раз за разам гучала гэтае мілае папярэджаннае: хаця не ўздумай есці перад аперацыяй. Яму акурат да гэтага. Зараз — сядзе, раскладзецца і пачне ўпіхваць у сябе сала з хлебам, ці бальнічную кашу з вараным сінім яйкам.

«Што за ўкол?»

«Каб супакоіўся. Лягай, не бойся…»

«Не трэба. Нічога я не баюся. І абсалютна спакойны!»

Аднак паслухаўся, прылёг. Неўзабаве палягчэла цела, паплыў атуманены наркотыкам мозг. Туман, рэчка, поплаў… Нэлі, Наста… Ну, і што яму так ужо асабліва шкада будзе пакідаць у гэтым свеце? Хіба тую ж рэчку... Рабіну... Дзяўчыну…

Грыбныя туманы,

Мурог каля хаты,

Ды пару з пахмелля

няскончаных вершаў.

У дзевяць трыццаць санітаркі ўкацілі ў палату ложак­«насілкі».

«Сам! — падхопліваючыся, сказаў Трухан. — Ногі ў мяне яшчэ ходзяць».

«А назад? Герой такі».

« Я сказаў — сам!»

«Добра, добра, толькі супакойся…»

«Я спакойны!»

Ліфт. Шкляны, доўгі­доўгі калідор­пераход. У белым інеі дрэвы на бальнічным двары. Падлога пад нагамі робіцца то бетоннай, то драўлянай… У вачах кругі плывуць. Табе ж прапаноўвалі ехаць на каталцы…

— Рукі за спіну! Варушы нагамі! — і Трухановіч паслухмяна заклыпаў хутчэй. Цёмная лесвіца вяла ўверх, да святла, як у рай. Пяць прыступак, шэсць…

Перад аперацыйнай быў вялікі пусты пакой, страшны тым, што зусім без вокан. Каля сцяны стаяла кушэтка.

«Распранайся… Усё скідвай».

Правільна, навошта каб дабро прападала?.. Трыко, піжама, гімнасцёрка… Боты вось толькі цяжка здымаць адной рукою…

Аперацыйная. Зялёныя дактары з белымі павязкамі на тварах.

«Вось сюды. І не бойцеся…»

«Сам!» — ён адвёў чужую руку, і голы, як маці нарадзіла, палез на аперацыйны ложак. Ну вось і ўсё — «маланка… не — скальпель ля скроні шугае. Перадайце наступніку: хай у народзе сваім праз стагоддзе зімы, на Свята, мой твар адшукае, і мы — вочы ў вочы, шчаслівыя — стрэнемся з ім!»

Зыркі да ненатуральнасці, святлейшы за сафіты прамень вераснёўскага сонца паласнуў па вачах. Каб не схапіць пасля такой цемры «зайчыка», як ад электразваркі, Трухановіч моцна заплюшчыўся, а паверх яшчэ і прыкрыў далоняю вочы (самае дзіўнае, што канваір дазволіў гэта). Затым марудна адняў ад вачэй руку.

Замест глухога падвальнага склепа, дзе, як ён думаў, яго павінны былі расстрэльваць, ён апынуўся на залітым святлом двары. Першае, што тахнула ў мазгах: відаць, іншым шляхам і нельга патрапіць да таго склепа, трэба прайсці і гэты двор — каб зрабіць апошні глыток паветра, злавіць апошні сонечны прамень і назаўсёды запомніць, і з сабою на той свет забраць, апошнім зіркам ухапіўшы, вунь тую зялёную латачку мурагу каля сцяны.

Прыжмурыўшыся, ён стаяў і чакаў далейшых камандаў. Ці, можа, ужо прыйшлі? Мо гэтая сцяна і ёсць месца прызначэння?

Ззаду на плячо яму лягла рука. Думаючы, што гэта канваір збіраецца падвесці яго «да сценкі», ён з гідлівасцю тузануўся, вызваляючыся:

— Сам!

— Што сам? Жыта вазіў?!

Ён рэзка павярнуўся. І ўбачыў замест канваіраў… «брата» свайго, Міканора. Няголены, нявыспаны, пакамечаны, стомлены… Але вочы іскрыліся непадробнай радасцю.

— Я па цябе… Пайшлі дамоў. Адпускаюць,— казаў Міканор і азіраўся. Трухановіч з­за яго пляча таксама паглядзеў туды. І ўбачыў яшчэ аднаго старога свайго знаёмага, з «кансіліума» па шпіталі помнага — Картавага. Ён стаяў на ганачку каля ўваходу ў падвал. Гэта яму належала рэпліка пра жыта.

Ён паволі спусціўся з ганка і падыйшоў да братоў.

— Ну што? — сказаў, не вітаючыся, строга­насмешлівым голасам. — Вярнуў памяць? Абжыўся? Я гляджу, аж занадта. Падзякуй брату, каб не ён…

Ды ці не чарговы сон усё гэта? Трухановіч нічога не разумеў. Акрамя таго, што ён не патрэбен ім, яны адпускаюць яго — нават без допыту. Няўжо і ўзялі толькі з­за яго паездкі на млын? Успомнілася крывая ўхмылачка ўчотчыка… Гэтага не магло быць. Няўжо два пуды жыта былі для іх важней за тую бясцэнную інфармацыю, што носіць ён у сабе?! Падобна, што так. У іх былі больш важныя справы, іх чакалі разборкі з вязнямі, якім не роўня быў Трухановіч.

— Абодвух папярэджваю: другі раз, калі лішкі будуць, каб не ў Скрыгалаў тарабанілі, а ў пункты ссыпкі здавалі. Давайце адсюль хутчэй, пакуль ніхто не бачыць.