Выбрать главу

— Пайшлі, пайшлі, — падштурхоўваў застылага Трухановіча Міканор. — Конь там стаіць, адзін, каб не адвязаўся…

І пакуль са двара выходзілі, і па вуліцы ішлі, усё тараторыў без супынку, такім чынам — словамі — ад перажытага пазбаўляючыся. Расказваў, які падняўся пярэпалах, калі «цябе забралі», і як ён, Міканор, спачатку не ведаў, што рабіць, а тады кінуўся да Якава Калашонка, і як доўга ўмольваў яго, пакуль не сышліся на тым, што Якаў выправіць «стрэчную» паперу, у якой адмовіцца ад даносу на Трухановіча, а Міканор зараз жа, на ноч гледзячы, павінен здаць усю да грама праклятую тую муку… Што ён, Міканор, і зрабіў. А затым адразу сюды, і дзе мальбою, дзе гразьбою, дзе хабарам, дзе самагонкаю, дзе сваім валрэўкамаўскім «дакумантам», дзе Яшкавай папераю — але такі ўлагодзіў, дзякаваць Богу!

Трухановіч слухаў, і думаў, што вось колькі падзей адбылося, людзі не спалі, перажывалі за яго, Міканор вунь ледзь не ссівеў, — і ўсё гэта ў той час, калі ён, скурчыўшыся ў абаранак на падлозе, абдумваў высокія матэрыі, праблемы «выратавання чалавецтва»!..

Конь стаяў у завулку, прывязаны лейцамі да плота. Пабачыўшы гаспадароў, заіржаў ціха. Свой, знаёмы конь… Свае, знаёмыя калёсы… На якіх яму зноў зараз трэба вяртацца да жыцця: да людзей, да хат, да лесу, поля і рэчкі, да пожняў­загонаў і золкаў­світанкаў…

Тут, каля калёс, у бяспечным месцы Міканор сціснуў яго ў абдымках. Потым адвярнуўся. Хацеў закурыць, ды пальцы не слухаліся, падрыгвалі, табака высыпалася з паперчыны.

— Холадна было ўночы…

Так і не скурціўшы, плюнуў, ссыпаў рэшткі тытуню ў кісет, і туды ж — квадрацік газеціны.

— Прачынайся, — лёгенька штурхнуў Трухановіча. — Давай, памагу залезці… Ды не спі ты!

І сапраўды. Трэба было прачынацца. І жыць. Толькі не жыццём «выбранніка», не носьбітам нейкай «высокай» тайны ў душы, а звычайна — існаваць. Рабіцца як усе.

Не так смерць — прадчуванне яе, падрыхтоўка да яе, набліжэнне яе страшыла, як вось гэтае, раптоўна зваленае на галаву, жыццё. Столькі ўжо было патрачана сілы, энергіі, духоўнага запасу, што ён цяпер проста не ведаў, дзе браць дадатковыя рэзервы? Як гэтую дыстанцыю адужаць?!

І ўсё ж быў момант, згадка пра які сагравала. З двух бакоў спісаныя, у трубку скручаныя і ў гільзу «запаяныя» аркушыкі ляжалі, надзейна схаваныя, і, як тая Сцепанідзіна бомба, «чакалі свае пары»…

Ён разумеў, канечне, што карысці ад іх, як і ад той бомбы, можа атрымацца няшмат.

Але гэта было адзінае, што ён меў.

1987, 1992, 2003 гг.