Пульс любіў гаварыць і гаварыў многа, гучна, бязладна — як і цяпер, калі яшчэ здалёк пазнаў, вядома, Васкевіча, але абазваў яго чамусьці «дзядзькам цыганам». Калі гаварыў, сморкаўся, кашляў, паўтараўся, з рота, у якім не было пярэдняга зуба, ва ўсе бакі ляцела сліна, страшна моргаў на кожным слове, і звычайна Васкевіч, гледзячы на яго, слухаючы, таксама міжволі пачынаў моргаць — нібы глядзеў і размаўляў з чалавекам, які кляпае касу ці проста стукае малатком.
— Матка дома ці на рабоце? — спытаў Васкевіч, калі яны ўжо ўвайшлі ў лес: Пульс цягнуў саматужкі, а Васкевіч ступаў сабе збоку па старым следзе ад саней.
Пульс выплюнуў фільтр — усё, што асталося ад цыгарэты пасля некалькіх зацяжак — і адказаў так:
— Наверно... здаецца... мабуць... каэцца... уродзі бы... няма, наверно! Я йшоў, свет у акне не гарэў.
— А чаго ты крычаў, што я цыган? Цыганы ж чорныя, а я белы, бачыш? — і Васкевіч нават зняў шапку, правёў далоняй па сваіх светлых кароткіх валасах.
— Я знаю, белы, я падумаў — цыган! — апраўдваўся Пульс. — А ты на канікулы, кх-гх, нікулы?
— Ты пытаўся ўжо дзесяць разоў.
— Я помню, пытаўся!.. Кх-гм... А казалі выгналі цябе, казалі!
— Хто казаў?
— Матка твая ў магазіне! Усе кажуць! Што ты п'янстаў, кажуць!
Васкевіч не здзівіўся. Яшчэ месяцы тры назад, калі пад яго пачалі «капаць» і ўжо ясна стала, што ў інстытуце яму не ўтрымацца, ён паслаў матцы ліст, у якім пісаў, што ўсё ў яго добра, толькі вось магчыма «давядзецца хутка ўзяць акадэмічны адпачынак на паўгода ці на год». Але цяпер ён не здзівіўся: ён добра ведаў сваю матку, яе ўмельства чытаць між радкоў, ведаў сваю вёску, сваіх людзей. Успомнілася, як часта, перад тым як заснуць, у думках рыхтаваў сябе да гэтага прыезду, уяўляў гэтую дарогу ад станцыі — вось ён уступае ў вёску, ідзе па вуліцы з сумкаю, а вяскоўцы ўжо стаяць, паперавешваліся цераз платы, здароўкаюцца гучна, пераходзяць з вёдрамі яму дарогу, і кожны ўжо ведае, што яго выгналі за «п'янста». Успомніў, што нават знарок збіраўся прыехаць на ноч, каб нікога не спаткаць...
— А раскажы, як ты п'янстаў? — дапытваўся Пульс.
— Запомні: я пастрадаў не за п'янства, — смеючыся, адказаў Васкевіч, — а за «ідзею»!
— Надзею? Якую? Што пошту носіць? (Надзя, мясцовая паштальёнка, жыла нераспісаная з прымаком, якога дражнілі Рускі.) Я раз у магазіне ўзяў... цоп Надзею за ногу! Дай, пакажу як...
І ён хацеў паказаць гэта на Васкевічу, той, вядома, не даў.
— А ў цябе баба ёсць? — напаў на сваю любімую тэму Пульс. — А раскажы, як з бабамі спяць?
Ён зазіраў Антону ў твар, сагнуўшыся, аберуч цягнучы санкі, смяяўся, кашляў, моргаў, з-пад збітай набок шапкі яшчэ больш павылазіла сівых патлаў, і нават добра ведаючы яго, тут, на пустой дарозе, у ранішнім снежным глухім лесе адзін на адзін было з ім неяк не па сабе. Васкевіч, каб збіць яго з гэтай даволі небяспечнай — «бабскай» — тэмы, прапанаваў:
— Скажы бакенбарды.
— Ка-кен-кар-ты! — адразу ж, ахвотна, як умеў, паўтарыў Пульс. — А вазьмі мяне ў Мінск, Антон! Знойдзем там бабу...
Антон у яго гучала па-мясцоваму як Туон.
— Раскажы, як ты галёшы ў рэстаране згубіў.
— Загубіў, ёпа-маць, праўда...
— Было такое?
— Было, я кажу, я танцаваў-ваў... І ён сабраўся быў расказваць, але не выходзіла складна, і Васкевіч вымушаны быў памагаць яму, пытаўся:
«Ты рабіў тады на пуці?» — «На пуці- ці, праўда...» — адказваў Пульс і паўтараў гэта некалькі разоў, а Васкевіч тым часам мог глядзець па баках і думаць пра сваё.
Пішчаў снег пад палазкамі саматужак, рыпеў пад нагамі, абы-як расказваў пра свае галёшы Пульс, цягнулася між заснежаных хвой і бяроз белая роўная дарога... Зараз яна раздзеліцца на дзве, потым зноў сыдзецца, а пасярэдзіне астануцца некалькі таўсматых, разголістых, прытуленых адна да адной хвояў... Пасля дарогу перасячэ паласа прасекі... Вось астравок з хвоямі, вось прасека. Васкевіч азіраўся па баках, дыхаў родным снежным лясным паветрам і ўспамінаў... Вось тут, на гэтай прасецы, калі яму было гадоў шэсць, яны са старэйшым братам Сцяпанам гатавалі дровы, у такую ж снежную зіму, — пайшлі з раніцы на ўвесь дзень. Брат падсякаў гонкія, адна.ў адну, хвойкі, валяў, церабіў, ён, малы, сцягваў у лаўжы галлё... Потым абедалі — разаслалі на тоўстым пні газету, елі мерзлае смачненнае сала, ад успаміну пра якое і цяпер бягуць слінкі, цыбулю, хлеб... Потым выйшаў з-за дрэў ляснік дзядзька Мікола, у кажусе, з двухстволкаю, стаў качаць абутымі ў вялізныя валёнкі-бахілы нагамі іхнія, ужо складзеныя ў штабель хвойкі і крычаць: «Страіцельны лес!», а ён, Антон, перапужаны, роў і хаваўся за брата, а брат, саромеючыся перад лесніком, чырванеў, аддзіраў яго ад сябе і біў па вушах рукавіцаю... Антон не ведаў, што брат папярэджаны і што матка паклала ім у сумку пляшку самагонкі; брат дастаў пляшку і даў лесніку, той адразу ж прыцішэў, схаваў яе ў кішэню кажуха і пайшоў, сказаў толькі, каб спалілі лаўжы і прысыпалі пні снегам.