Выбрать главу

— Толькі мы, усходнікі, якія за столькі вякоў змаглі захаваць сваю непадобнасць на рускіх, украінцаў, палякаў, захавалі сваю мову — мы, хітрыя, абачлівыя, якія ўсіх асцерагаліся і нікому ніколі не верылі, капілі, шанавалі да пэўнага часу свой патэнцыял, — мы зможам зрабіць нармальную незалежную праваслаўную дзяржаву! І не збіраюся я лічыць сваю Рэчыцу горшаю за Вільню ці Наваградак, хоць «разумныя» кніжкі і стараюцца мне гэта ўнушыць; тое, што ў нас не было палячкоў, якія на тэрыторыі Беларусі бунтавалі за «ойчызну мілу», ні пра што не гаворыць. Гэта яшчэ невядома — плюс ці мінус. Так што правільна яна (дэканша) сказала. Далей — што раз'ядноўвае Беларусь? Літаратурная мова, якую беларусы не ведаюць і ведаць не хочуць, бо яна «сделана» на аснове дыялектаў трох мінскіх вёсачак, і правільна Гарэцкі называў яе «мінская ламаніна». Гэта ж здурэць можна — у моўных адносінах адрэзаны такі кавалак, як Усходняе Палессе! Зусім не ўлічаны нашы дыялекты, асабліва такі феномен, як «саканне», якое трэба ўвесці абавязковым для ўсёй літаратурнай мовы, бо гэта адразу розніла б канчаткі нашых дзеясловаў ад рускіх, польскіх і ўкраінскіх. Нідзе, ні ў адной мове не кажуць «наеўса, напіўса», а ў нас было б. Хоць што дэканша! Вазьмі нашу Лену: раз ледзь не пасварыўся з ёю — і яна не верыць, што ў нас водзяцца і яйкі адкладаюць чарапахі, што ў вашым Мозыры спакойна растуць і спеюць садовыя абрыкосы...

Усё гэта цяпер успаміналася Васкевічу, калі вось такая гаспадарка — чытачы чатырох вёсак «адметнага рэгіёна» — яму дасталася.

ІХ

Бібліятэка знаходзілася ў старой будыніне васьмігадовай школы, у самым цэнтры Двароўкі, каля магазіна, да якога сыходзіліся некалькі вулічак. Квадратны, абнесены пачарнелым штакетнікам двор, зарослы акацыямі, завалены снегам, у двары воддаль — хлеў, дрывотня. Адразу з вуліцы, як увайсці ў веснічкі — ганак бібліятэкі, прайсці за вугал — такі ж ганак пошты, яшчэ за адзін вугал — ганак пачатковай школкі. Да бібліятэчнага ганку не вяло ні следу, ляжаў некрануты снег.

Калі Васкевіч у першы дзень, следам за маладой нахмуранай дзяўчынай, што прыехала ранішнім аўтобусам з горада і прывезла ключы, увайшоў перш у маленькія, нядаўна прыбудаваня сенечкі, потым з цёмнага калідора, у настылы, гулкі, таксама цёмны пакой, калі вочы трохі абвыкліся і ён убачыў доўгія рады стэлажоў, забітых з верху да нізу кнігамі, ён проста ахнуў:

— Гэта... столькі?!

— Здесь три филиала, — суха адказала дзяўчына, бразнула на стол каля грубкі ключы і ўзялася адшморгваць шторы на вокнах.

Васкевіч нават не ведаў, што такое філіалы. А гэта значыла, што сюды звезены кнігі з трох бібліятэк. Вырашылі, нашто плаціць тры аклады, калі можна адзін?

Дзяўчына пачала прыязджаць у Двароўку кожны дзень.

З раніцы Антон на двары мыўся снегам, тады грэў ваду, галіўся; часта праз сілу стараўся добра наесціся, каб потым цярпець да чатырох гадзін, калі са Става вяртацьмецца дзённы аўтобус і дзяўчына паедзе, доўга тырчэў перад люстэркам, замест лаку для валасоў разводзіў у цёплай вадзе зубную пасту і сяк-так прыладжваў валасы ў прычоску, бег на аўтобус і ў аўтобусе адразу шукаў вачыма знаёмую чорную хустку ў чырвоныя кветкі — зноў была пайшла мода на такія хусткі, — і калі дзяўчына сядзела адна, масціўся побач. У халоднай, не паленай ні разу за зіму бібліятэцы дзяўчына, як была, у паліце, не здымаючы тонкіх пальчатак, падсаджвалася да сталоў, на якіх стаялі слупкі кніг, падсоўвала бліжэй «калоду» бібліятэчных картак і хутка, так, што карткі з-пад рукі выляталі і проста на вачах меншалі слупкі, пачынала пісаць. У гэтым была іхняя работа: пераносіць на карткі назвы кніг, аўтараў, нумары і раздзелы — мастацкая гэта кніга ці медыцынская, ці грамадска-палітычная. Васкевіч, да сораму свайго, мёрз. Ён таксама паспрабаваў пісаць у сваёй тоўстай скураной пальчатцы, але нічога не выйшла. Штораз хукаў на пальцы, а калі трэба было браць з паліцы чарговую партыю кніг, заходзіў за стэлажы і рабіў некалькі прысяданняў. Выходзіў на ганак пакурыць і заадно пагрэцца — на двары было цяплей. Снегу наваліла процьму, а мароз вялікі так і не стаў.

Гадзін у дванаццаць дзяўчына, не перастаючы пісаць, даставала з сумачкі яблык ці булачку, бутэльку кефіру, ела з адной рукі. Васкевіч браць з сабою саромеўся, ды і што ён мог узяць? Хлеба з салам, цыбуліну?