Выбрать главу

— У нас свае, школьныя, — легла жыватом на стол, перавесілася і пальцам тыркнула ў скрыначку ў самым кутку шуфляды. — Вось, сёмы клас, Данілава...

— Я не думаў, што ты школьніца, — нічога лепшага за такі жарт не знайшоў прысаромлены Васкевіч.

Пакуль запісваў кнігі гэтай Данілавай Наташы («Божа, сёмы клас!»), яна расшпіліла футру і пачала абмахваць далоняй шыю. Вось тут думай: ці ад духаты яна расшпілілася — бо ад грубкі патыхала ўжо аж гарачынёй, — ці Васкевіч правільна зрабіў, што вырашыў не прыніжаць сваіх чытачоў праверкаю і шпіянажам, і гэта было ацэнена, і цяпер дзяўчынка плаціла яму даверам на давер, паказваючы, што пад футрам нічога няма. Нагнулася распісацца ў фармуляры, і Васкевіч міжволі ўбачыў беленькія на чорным карункі школьнай формы; распісалася, адступіла — і ўбачыў белы школьны пярэднічак... Ах, як востра ўспомнілася школа, парты і чамусьці малюнак з чытанкі — грыб у траве пры дарозе з ссунутым капелюшом, і верш побач: «Ахінае восень восеньскім надвор'ем...»!

Выходзячы, дзяўчынка яшчэ затрымалася і ціха — аказваецца, ціха яна гаварыла не ад вядомай падлеткавай сарамлівасці, а проста быў такі голас — папрасіла, «ці не маглі бы вы ўзяць у горадзе Надара Думбадзе?»

— Тут няма, я яшчэ раней усё паперашукала...

Васкевіч паабяцаў.

У акно было відаць, як высыпалі на двор дзяўчаткі і, даўшы волю, смяяліся і штурхалі адна адну з вузкай сцежкі ў снег... Па вуліцы дзядзька цягнуў санкі, каля веснічак Іван шуфлем расчышчаў дарогу, і дзяўчаткі спыніліся і пагаварылі з ім — ён нешта адказваў і ківаў на бібліятэчныя вокны... На вуліцы дзяўчаты разышліся: адна павярнула да магазіна, Наташа з меншаю — на бокаўскую дарогу. Малая на хаду зачэрпнула з-пад ног снегу, зляпіла снежку, адкусіла, прыклала да шчакі... Васкевіч курыў каля акна, глядзеў ім услед, і сумна, і радасна, і трывожна было ў яго на душы... «Глянуць бы на цябе гадоў праз пяць, — думаў ён пра гэтую Данілаву, — дзе ты будзеш, якая, з кім?.. А вось я дзе буду праз пяць гадоў? Школьная форма, белыя каўнерыкі... Я для іх тое, чым для мяне ў іхнія гады была Зінка, Зінаіда Аляксееўна, настаўніца батанікі — дарослы, зусім іншы ад іх чалавек... А ёй было трохі за дваццаць... Гэтая Наташа не мясцовая, акцэнт не наш; адкуль яна ўзялася? Тут на дзесяткі кіламетраў кругом не знойдзеш прозвішча на «ов» ці «ова»...

«Праз пяць гадоў, — фантазіраваў ён далей, — ты будзеш замужняя пані, марудлівая, з русай касой цераз плячо, галаву будзеш паварочваць паволі, бы нехаця, даючы палюбавацца сваёй доўгай белай шыяю... Дзеці будуць рахманыя, белыя, тоўстыя, як парасяты...»

«Яны пайшлі, я падумаў: чаму ты не нарадзілася на гадоў пяць раней?..» — і Васкевіч схамянуўся. Апошнім часам у яго з'явілася звычка думаць так, быццам ён расказвае некаму.

Ён моцна сумаваў у гэтыя дні. Не было з кім перакінуцца нават словам. Брат у горадзе, матцы не скажаш чаго хацелася б. Ён паслаў у Мінск, Рамановічу, пісьмо на чатырох спісаных з двух бакоў лістах пра тое, як хадзіў у сельсавет і што бачыў у гарадской бібліятэцы, напісаў, што адрас яго не змяніўся, але цяпер лепш дасылаць яму лісты адразу на бібліятэку... Ведаючы, што Алесь зразумее, «асаблівае прывітанне» прасіў перадаць «адной сяброўцы»... Адказу пакуль не было.

Цяпер Васкевіч злавіў сябе на тым, што расказвае пра візіт дзяўчынак нібыта Лене, — расказвае і ўяўляе, як яна пасміхаецца, і — магчыма, — раўнуючы, цэдзіць праз вострыя зубкі: «Ну-у, Васкевіч, усяго ад цябе можна было чакаць, але сёмая кляса — гэта занадта! Я магла...»

«Дарэчы, «Яма»! — успомніў Антон. — Лоб разбіць, а знайсці і прачытаць», — і, каб не думаць больш быццам расказваць, узяў з паліцы двухтомнік Купрына, прысеў за стол. Так, «Алеся» — глядзеў фільм... «Кадэты» — змераў у пальцах таўшчыню, ого... Прачытаў першы сказ «Паядынка» і захапіўся. Што такое, калі гэта напісана?! Глянуў у каментарыі — вось так, сто гадоў назад. «Не быў я паручнікам і дзяншчыка не меў, але чаму так цікава? Вакзалы, як Рамашын, люблю, і люблю думаць пра сябе ў трэцяй асобе; «калі ён (я) убачыў тую школьную форму, цэлы віхор няўлоўных асацыяцый і ўспамінаў закружыў у ім...»

Паспрабаваў згадаць, што чытаў апошнім часам з сучаснай літаратуры — такое, дзе б знаходзіў сябе. «Архіпелаг ГУЛАГ», рэпрэсіі, «Чонкіна»... Цікавыя кнігі, у іх было ўсё, акрамя яго, Антона Васкевіча.

«Пытанне: ці ў нас перавяліся класікі, што само па сабе было б зразумела ў век тэлебачання і магнітафонаў, ці я проста неначытаны і нічога не ведаю пра іншыя творы.... Бо што за выпадковасць — у першай жа кніжцы, з першых сказаў наляцець якраз на тое, што мне цяпер патрэбна? Ану, паспрабую...»