Ён выбраўся на сярэдзіну бібліятэкі, заплюшчыў вочы, раскінуў рукі і патрошку, каб не выцяцца аб сталы, пайшоў на крайні стэлаж. Торкнуўся ілбом у кніжкі, удыхнуў гэты спецыфічны, саладжава-прыемны пах, навобмацак выцягнуў адну... «Вайна з шумам кацілася на захад». Ужо не заплюшчваючы вачэй, перайшоў да наступнага стэлажа, узяў другую кніжку. Зборнік вершаў.
З наступнай паліцы выняўся зборнік апавяданняў. Першае — пра брыгаду муляраў і брыгадзіра, у якога «план гарэў»... Зборнік замежнай літаратуры, апавяданне ў сярэдзіне, першы сказ — «Ван Уик Брукс написал книгу под названием «Расцвет Новой Англии»...
— Ну і хай радуецца, — мармытаў Васкевіч, — гэта яго праблемы...
Ён пераходзіў ад аднаго стэлажа да другога, выкалупваў з паліц кнігі, з нейкім зларадным раздражненнем упіваўся вачыма ў сказы і, нават не дачытваючы іх да канца, адразу бракаваў. Што яму ўжо хацелася, ён і сам, відаць, не ведаў.
Але вось, разгарнуўшы чарговую кнігу, пачаўшы чытаць канцоўку апавядання, не змог адарвацца, словы не адпусцілі. І словы, між іншым, былі самыя звычайныя, простыя: «Думаў неяк спакойна, што і без яго будзе ісці снег, будуць стыць сінія марозы, будуць дыхаць белай параю ў палях разагрэлыя коні з аб'інелымі ласкавымі пысамі, а потым на сонцы будуць выгінаста блішчэць сляды ад палазоў... І ён адчуў, як не хочацца пакідаць гэтую зямлю, над якой ідзе снег, кружацца вішнёвыя пялёсткі, ідуць «сляпыя», як шчасце, дажджы, і потым за ўсю сваю зялёную радасць разлічваюцца ўвосень золатам лясы...»
Ах, як здорава! Гэтага пісьменніка варта запомніць і прачытаць усяго... Антону прыгадалася яшчэ адно падобнае апавяданне, дзе таксама паміраў чалавек, якое яны некалі праходзілі ў школе. Ён адшукаў тую невялічкую кніжку, знайшоў адразу і месца: «Стадо оленей, необыкновенно красивых и грациозных, о которых он читал вчера, пробежало мимо него... потом всё исчезло, и Андрей Ефимыч забылся навеки»...
І раптам аж дыханне перахапіла, рэзанула проста па жывому гэтае «о которых он читал вчера», — і такім салодкім болем адазвалася ў сэрцы!.. Вось гэтыя словы мелі права стаяць толькі ў такім парадку, як стаялі; нечым знаёмым, прадуманым, безнадзейна тужлівым і велічным, несумненным веяла ад іх...
Антон падышоў да акна. «И всё исчезло...» А для мяне нічога не знікла! Жыццё — вось яно: рука, цыгарэта, снег наліплы на акацыях, чорны плот, крывыя веснічкі...» І яму хацелася любіць гэты адліжны туман, і плот, і прыцемак, які ўжо запанаваў на двары і асабліва тут, у бібліятэцы, па кутках, хацелася любіць гэтыя кнігі і іх аўтараў... Ён уключыў святло. Так радасна — ціха, беспрычынна-радасна — яму даўным-даўно ужо не было. «Ды я сам яшчэ не здагадваюся, які тут у мяне скарб!» — падумаў ён, аглядаючы ўтульныя, стракатыя ад кніг паліцы.
ХІ
Васкевіч ужо вешаў замок на знадворныя дзверы, як падышлі яшчэ чытачы, двое хлопцаў. Давялося вяртацца.
Аднога, большага, Васкевіч трохі ведаў са школы, помніў нават, як зваць — Пеця. Пеця гэты, калі закрылі іхнюю васьмігодку, давучваўся ў мястэчку. Васкевіч помніў яго, як нешта малое, галаватае, што вечна лазіла ва ўсіх пад нагамі на школьным двары і ў калідоры; помніў, што, бадай, не было такога перапынку, на якім Пеця не роў бы ўзахлёб — бо і пападала яму, вядома, як паганаму кату... Цяпер гэта быў мацачок гадоў семнаццаці, з вусікамі на шырокім квадратным твары, з пытлівымі разумнымі чорнымі вачыма. Відаць, ён вучыўся цяпер у горадзе і прыехаў на выхадныя, бо быў без шапкі — каб паказаць прычоску, — у харошай куртцы, у красоўках, хоць трэба было яшчэ ўмудрыцца прайсці ў іх сюды расталым снегам. Яго таварыш — тут, у памяшканні на святле, Васкевіч разгледзеў, што гэта не хлопчык, як падалося яму ў цемры на ганку, а нізкарослы мужчынка гадоў за трыццаць — быў у старой, заляпанай кухвайцы (ах, нязменны сімвал савецкай вёскі!), у гумовіках з адкочанымі да нізу халявамі, ад чаго быў падобны на маленькага кінакамедыйнага каўбоя. У бібліятэку ён прынёс пах сіласу і таго, што вясною на палі вывозяць. Спартыўная шапачка-грабеньчык збітая набок, твар маленькі, увесь пашчапаны маршчынамі, парослы пухам — быццам гэта дзіця гадоў сямі не паспела вырасці і пастарэла... Зрэшты, глядзець ён стараўся смела і па-п'янаму нахабна — маўляў, бачылі мы і не такіх, і не думай у чужым манастыры заводзіць свае законы.