Найбольш уразіла Васкевіча, ледзь не да саромных слёз давяло, што гэтая бабка з кіёчкамі марыць пра ўнукаў, і што паганенькі Ручка для яе ніякі не Ручка, а родны сын, у якога, як і ў кожнага чалавека, ёсць імя — Валера; яна так і заве яго, і, відаць, ёй крыўдна, што людзі дражняць яго нейкай сабачай мянушкай; сын, якога яна песціла малога, любавалася ім і спадзявалася, верыла, што калі ён вырасце, будзе ёй помач і абарона.
ХІІ
Скончыўся люты, і адразу ж, за якіх пару дзён скончылася і тая слотная, адліжная зіма 91-га года. Толькі дзе-нідзе ў полі, у лесе, каля платоў і ў ямках паўз дарогу пааставаліся латкі старога снегу. Замаразкі прапалі, і ўночы было цёпла, як і днём. Другія суткі амаль без перапынку церушыўся нудны дожджык.
Увесь час цягнула ў сон, а выспацца не можна было. Васкевіч прачынаўся раніцаю і не мог дапяць, што цяпер — вечар ці ранак? Усё тая ж цемрадзь за акном, капае, ціхенька шоргае аб рамы дождж, запацелыя шыбы...
З гэтай вясной, з гэтым дажджом прыпоўз такі сум, што выць хацелася. Адзінота, такая доўгая, і якія ўсе аднастайныя дні!
Увойдзеш з двара ў хату, як ні абцірай ногі, сляды астаюцца. І ад гэтага брыдка, сумна, адзінока. Лямпачка, такая няўтульная раніцаю, слаба свеціць жоўтым святлом (яркую матка шкадуе ўкручваць — шмат энергіі бярэ); сядзеш есці, падзёўбаеш відэльцам учарашнюю падагрэтую бульбу, нясмачную, цвёрдую, напішаш пальцам на запацелай шыбе «Лена» ці «Жыве Беларусь» — і вытраш адразу ж, з нейкай злосцю... Нашто ўсё, каму ты трэба, якой Лене, якой Беларусі?!.
Паеў, у Двароўку заехаў, на пошту забег, па бібліятэчныя газеты і часопісы — цэлы пак, і ніводнага пісьма... З Мінска ні слуху ні духу! І ўжо не хацелася думаць так, быццам расказваеш Лене ці Рамановічу. Гартаў часопісы, упіваўся вачыма ў газетныя рубрыкі, загалоўкі — і не мог чытаць, звыклая злосць запаўняла ўсяго, не верыў ніводнаму слову. Нашто гэта пішуць, для каго?.. Няўжо яшчэ нехта можа верыць у гэта?!. Уключаў свой маленькі галасісты «Сокал», які прынёс з дому, — тое ж самае: палітыка, рэферэндум, «паўлаўскі» грашовы абмен... Курыў, хадзіў па бібліятэцы з кутка ў куток, чытаў кнігі; калі была ахвота, калупаўся ў каталозе, прыводзіў да ладу алфавітныя карткі. Абедаў хлебам з салам, салёным гурком. Пёрад вячэрнім аўтобусам, калі трэба было ўжо зачыняцца, наўзгад даставаў пяць-шэсць фармуляраў (столькі чытачоў па планах павінна было ў дзень прыходзіць, але, вядома, не прыходзіла), запаўняў, у дзённік запісваў: школьнікаў — 2, пенсіянераў — 2, служачых — 1, калгаснік — 1; кніг узялі: мастацкіх — 10 (з іх на беларускай мове — 5), грамадска-палітычных — 3... Цёмна вяртаўся дадому, глядзеў тэлевізар, спаць лягаў.
Ну, працуе. Ну, месяц прайшоў. Ну і што? Для чаго ўсё?
Васкевічу думалася, што ён проста яшчэ ніколі не жыў самастойна, як дарослыя людзі жывуць. Возьмем школу — усё ясна, настаўнікі над душою, ведаеш, што гэта ім трэба, каб ты давучыўся да канца і атрымаў атэстат. Армія — яшчэ ясней, кожны яфрэйтар — начальства, ведаеш, што гэтаму начальству патрэбна, каб ты адбарабаніў сваё і вярнуўся дамоў. Інстытут — выкладчыкам трэба, каб ты вывучыўся і адпрацаваў за тыя грошы, што дзяржава ў цябе ўбухала... Заўсёды некаму трэба было, каб Васкевіч рабіў тое й тое. А цяпер каму ён трэба? Нікому. Аддадзены сам сабе. Хочаш — сядзі хоць да пенсіі ў бібліятэцы, не хочаш — кідай, шукай што другое.
Проста нічога не аставалася, як верыць, што недзе нехта ўсё ж помніць пра яго і, магчыма, у гэтую вось хвіліну нехта ў некага пытае: «Ну, як там наш выгнаннік?» — «Прыцішэў, гібее ў сваёй бібліятэцы!» — «Вось і добра, нагляду за ім не здымаць!..»
Увечары можна прайсціся па вёсцы: у адзін канец, дзе дарога на станцыю, у другі — дзе шаша з горада на Двароўку... Ціха, цёмна, глуха, нават тэлевізары мала ў якіх вокнах свецяцца, сабакі маўчаць, толькі гразь пад гумовікамі піскае, ды дождж ледзь чутна стракоча аб брызентавую накідку... Калі хто сустрэнецца, буркне нешта на твой «добры вечар» і доўга яшчэ будзе стаяць і глядзець табе ў спіну — быццам ты з турмы збег... Можна да Пульса зайсці, пасмяяцца, як ён чытае — ён ведае амаль усе літары, але не ўмее зліваць іх у склады і выдумляе абы-якія словы: замест «Гомельскія навіны» чытае «голыя ногі», замест «мастацкі фільм» — «майсцер Хведзя» (дзядзька Хведзя — яго сусед)... Пасядзіш, пасмяешся, але праз міг так абрыдне, што захочацца хоць зноў у цемру, пад дождж...
Перад мінулымі выхаднымі ўсё ж астаўся паглядзець, што за двароўская «маладзёж». У такім жа вялікім, як і біблятэка, памяшканні з двух ранейшых класаў, у адным кутку, абсеўшы лаўку, гулялі ў «храпа» — Пеця, Ручка, нейкія малыя, нейкі чорны, калматы, як цыган, з доўгімі бруднымі пазногцямі, якому ішла карта і ён увесь час крычаў: «Са мной!», «Верталёт!», «Тры ўзяткі!»; побач, проста на падлозе, — літровы слоік самагонкі — хто хоча падыходзь, налівай, пі... Усе, у тым ліку і малыя, курылі бесперапынна. У другім кутку, дзе таксама стаялі лаўкі, дзявочая кампанія слухала магнітафон. Была там маленькая, худая і гадкая дзяўчынка, якая пстрыкала клавішам, пераганяючы касету, і лаялася матам. Была баба гадоў пад трыццаць з грудным дзіцём, танцавала, прыціскаючы гэтае дзіцё да сябе. Час ад часу дзіцё заходзілася плакаць, тады з кутка карцёжнікаў крычалі: «Глушы байстручаня!», а баба спакойна адказвала: «Уйди, скройся!». Была нейкая Люда, даволі мілавідная, сядзела сабе ціхенька на лаўцы. Васкевічу, што стаяў слупам каля карцёжнікаў і, як і ўсе, курыў, убачылася ў ёй нейкая блізкасць, роднасць душаў, падумалася, што яна, мабыць, задыхаецца тут, у гэтым балоце, рвецца да жыцця, і проста няма каму ўзяць яе за руку і вывесці «на сонца», і што гэтым чалавекам можа стацца ён, Васкевіч... Ён быў ужо наважыўся астацца тут, выпіць; магчыма, пагуляць у таго ж «храпа» — каб «зліцца з масамі» і каб потым было лягчэй з ёю пазнаёміцца. Але Люда, пасядзеўшы ў рамантычным задуменні, пазяхнула, падышла да карцёжнікаў, стала ззаду, абняла цыгана, пачала падказваць, чым хадзіць... Той адмахваўся, смыкаў плячыма — перашкаджала трымаць карты; Люда яшчэ мацней ашчаперыла. На Васкевіча ніхто не звяртаў увагі. Ён сабраўся і пайшоў, і ніхто яго не пазваў, не папрасіў астацца.