У горадзе, калі ездзіў атрымліваць першую палучку, заскочыў да брата Сцяпана. Той якраз збіраўся на працу ў другую змену, і не пагаварылі добра — так, перакінуліся парай слоў, пакуль Антон праводзіў яго да прыпынку і пакуль чакалі рабочы аўтобус. Сцяпан быў не ў гуморы. Такім Антон яго рэдка бачыў і не любіў такога. На пытанне, што новага, крутнуў галавою — нічога.
Антон загаварыў пра блізкі рэферэндум, сказаў, што апошнім часам раптоўна перастаў усяму верыць і, відаць, зусім не пойдзе галасаваць.
— А я пайду, — сказаў Сцяпан. — За саюз. Дастаў бардак гэты за шэсць гадоў... Шэсць гадоў бардаку, а дабіліся таго, што гарэлка была па пяць, а стала па дзесяць. І тую купі паспрабуй!..
— Ну чаму — у нацыянальным плане... — пачаў быў Антон — трэба ж было яму нешта гаварыць.
— Што ў нацыянальным? Зараз, глядзі, я табе пакажу ўсе перамены...
Ён выцягнуў з торбачкі газетны скрутак («А там сала, хлеб, салёны агурок...» — падумаў Антон, адгарнуў край газеціны:
— Вось, наша «брахалаўка», — помніш, была ўся па-беларуску? А цяпер, глядзі — уся, акрамя «шапкі», па-руску... Вось гэта адзіныя перамены ў нацыянальным плане!..
Прыязджаў у бібліятэку старшыня сельсавета Лобан, на «Масквічы» з будачкай, наказаў нікому больш не даваць ключы ад «клуба», бо тут будзе ўчастак для галасавання, а ён, Васкевіч, прызначаецца сакратаром гэтай «галасавальнай» камісіі. Усе бібліятэкары ў час выбараў заўсёды былі сакратарамі. Васкевіч вымушаны быў прымацаваць на дзвярах бібліятэкі і магазіна плакаты такога зместу:
БЮЛЛЕТЕНЬ
для голосования на референдуме СССР 17 марта 1991 года
Считаете ли Вы необходимым сохранить Союз?
ДА НЕТ
Если Вы за мир и согласие, зачеркните НЕТ!
І сорамна, прыкра было чапляць гэтыя хітрыя і разам з тым падлізлівыя да людзей плакаты; Васкевіч разумеў, што лепшай, большай прапаганды і не трэба, і дзе-дзе, а тут, на яго радзіме, пагалоўна будуць крэсліць «НЕТ» (напісалі б закрэсліць «ДА» — было б закрэслена «ДА»), а ён, «шчыры незалежнік», беларус Антон Васкевіч, сваімі ўласнымі рукамі памагае праводзіць гэтую агітацыю...
Перад 8-ым сакавіка стала асабліва адзінока. Каго павіншаваць? Лену? І гэтае віншаванне не дойдзе, як здарылася, хутчэй за ўсё, з тым яго вялікім лістом... Васкевіч плюнуў на ўсё і замест бібліятэкі паехаў ранішнім аўтобусам у горад. Дзень урэшце выпаў сонечны, па-веснавому свежы, малады. Лёгкі ветрык цягнуў з Прыпяці, рабацініў ваду, шоргаў аб бераг слабымі хвалямі. Васкевіч палюбаваўся на раку, пазайздросціў дзядзьку, што з лодкі каля самага берага цягаў адну за адной чырвоных тоўстых плотак... Вось у чалавека выхадны, выбраўся на рыбалку, дома жонка, дзеці, прынясе сетку рыбы, дзеці бегаюць вакол, тармусяць, распытваюць, як клявала гэтая, як сарвалася тая, самая большая, просяць і іх узяць другі раз — хоць з берага паглядзець... Жонка бурчыць, што «зноў усю ванну засмярдзеў сваёй рыбаю!», а сама, нябось, радая, што чалавек дома, а не таўчэцца, як другія, каля магазіна... Вось юшка гатовая, чарку вып'е, тэлевізар паглядзяць ці пойдуць гуляць у гэты ж парк...