Але яна смірненька сядзела на тым жа месцы, дзе й сядзела.
— Усё; Наташа, — будзеш тут са мной да вячэрняга аўтобуса.
— Ну і што. Што мне там дома рабіць?
— Урокі вучыць.
— У нас чатыры дні канікулы.
— Ну, тэлевізар глядзі.
— У нас няма. Васкевіч уразіўся:
— А радыё?
— Ё. І прыёмнік, «Акеан». Толькі ён адзін «Маяк» ловіць...
— Ты сказала «ё» — вы ж не мясцовыя?
— Не, мы з Магілёўшчыны, з «зоны»... Далі тут хату.
— А якая ў вас сям’я?
— Матка, бацька, брат большы, сястра большая...
— Знайшлі куды высяляць! Быццам у нас тут меншая «зона»... Ды проста па карце глянуць — мы ж у два разы бліжэй да Чарнобыля, чым Магілёўшчына... Точна тыя ж самыя «грабавыя» плоцяць... А дзе было лепш, Наташа? — спытаў Васкевіч. — Ну, прырода там, людзі...
— У нас, вядома! Мы можа, будзем назад вяртацца. Яна ўздыхнула, і Васкевіч раптам адчуў да яе пяшчоту, як да сястры — «Беднае дзіця, любіць сваю Магілёўшчыну, такая вырасце сапраўдная беларусачка...»
Ён убачыў, што адкрытка яго ляжыць перад ёй на стале, акуратна загорнутая ў лісцік са школьнага сшытка.
— Дай, я табе надпішу...
Напісаў — «Мілай Наце на 8-га сакавіка, са шкадаваннем, што яна пазнавата нарадзілася», — падаў. На яго здзіўленне, яна, прачытаўшы, як бы і не ўзрадвалася, спытала:
— А колькі вам гадоў?
— Дваццаць адзін. Яна гмыкнула:
— Мая сястра ў сёмым класе... нарадзіла дзіця, а ён быў старэйшы на дзесяць гадоў. А я за вас усяго на сем.
Не яна засаромелася, а Васкевіч; ён не ведаў, што сказаць, уключыў «Сокал», тады спахапіўся:
— Хочаш, вазьмі гэты прыёмнік? Таксама як падарунак. На!..
— Што вы — ніколі! Вы і так добры.
— Вясковая дурная беларуская сціпласць, — прамармытаў Васкевіч, падумаўшы, колькі ён сам паспеў ужо ў жыцці намучыцца з-за гэтай сціпласці.
— Лепш я да вас буду прыходзіць і слухаць, — і падняла на яго шэрыя вочы і не адводзіла іх.
— Прыходзь, толькі пры ўмове — калі перастанеш выкацца.
— Вы ўсё ж старэйшы...
— Ну, дзякуй, — Васкевіч хоць і жартаваў, але нейкая крыўда варухнулася ў ім. — То расказвала пра сястру, а то я ўжо здаюся табе дзедам у дваццаць адзін год.
— Не, што... ты! Я так сказала. Як хочаш, так і будзе...
— Тады давай вып’ем — на «ты», — сказаў ён, дастаючы шампанскае. — Калі ўжо растлеваць непаўналетніх, дык да канца... («Якая дзікасць, Божа мой, што я вярзу?!»)
Яна сапраўды прасядзела да самага вячэрняга аўтобуса. Чытачоў ніводнага не было. Васкевіч адзін выпіў усю пляшку, але ап’янеў чуць; язык яго мянціў не перастаючы. Пра такога слухача можна было толькі марыць, і Антон у той вечар адвёў душу за ўсе месяцы, дні і гадзіны свайго змушанага маўчання...
Калі яна паехала, Васкевіч, стоячы каля любімага акна, пазіраючы, як хаваюцца ў лесе агні аўтобуса, думаў:
«Дзякуй табе, мілая дзяўчынка!..» Потым спахапіўся, што так і не аддаў кніжку Думбадзе; кніжка ляжала на стале, а на ёй — пластмасавы кубак з недапітым шампанскім...
Абое яны проста забыліся пра класіка Надара Думбадзе.
ХІІІ
Перад 17-м сакавіка бабка вымыла вокны, вышаравала падлогу ў калідорах і ў «клубе». Васкевіч памог Івану перанесці з бібліятэкі ў «клуб» сталы; з каморкі, з-пад рознага друзу выцягнулі дзве чырвоныя, аблупленыя, брудныя урны, у кутку «клуба» збілі з фанеры кабіны «для тайнага галасавання», бабка павесіла шторы — «ад тых вубараў», заслала сталы чырвоным паркалем, паабтыркала хваёвымі лапкамі ўваходныя дзверы і кабіны... Бабка была вясёлая, прыбраная, Іван цвярозы, спаважны, у новай шапцы — словам, да рэферэндума гэтага (ні бабка, ні Іван і слова такога не маглі вымавіць) рыхтаваліся сур’ёзна, урачыста, як да якога вялікага хрысціянскага ці паганскага свята.
Васкевіча падчас гэтых падрыхтовак — а ён воляй-няволяй вымушаны быў памагаць — не пакідала адчуванне, што робіцца нешта несапраўднае, бутафорскае, падманлівае для людзей, нешта, па-руску кажучы, «жалкое»... Точна такое ж ён перажыў ужо адзін раз, у арміі, дзе ўпершыню давялося галасаваць. Як жа іх тады вымучылі, колькі марынавалі на розных сходах, як па адным выклікалі да зампаліта-капітана для інтымных размоў!.. «Падумайце яшчэ, добра падумайце! І лепш адразу прызнайцеся — хто не хоча галасаваць? Можа, хто веруючы,— дык скажыце; можа, у каго ў сям’і былі асуджаныя за палітыку — прызнайцеся, не цягніце!» Не было такіх ва ўсёй роце, усе хацелі галасаваць, але зноў і зноў збіраліся сходы, і зноў напрамілы Бог упрошвалі ў нечым прызнацца, нешта ўспомніць... У час адной з такіх гутарак-упрошванняў, адзін на адзін з зампалітам, асалавелы Васкевіч ледзь не нагаварыў на сябе — маўляў, веру ў Бога, таму не магу галасаваць, — каб толькі адчапіліся ад душы. А як ім хлусілі, што дзень выбараў будзе самым «дэмакратычным» днём! Ніхто не ведаў, што гэта такое. Аказваецца, каманды «пад’ём!» не будзе, могуць спаць колькі ўлезе. «Пад’ёму» сапраўды не было, але без пятнаццаці шэсць ротны ціхенька прывёў у казарму двух украінцаў-музыкаў, з баянам і бубнам, пасадзіў іх побач на табурэціках, даў знак — і музыкі, маладыя хлопцы з вучэбкі, «урэзалі» такога гапака, што палавіна роты пасыпалася з верхніх ярусаў — думалі, «трывога»... Да сямі раніцы ўся як адзін чалавек часць прагаласавала. На сняданак далі — сярод рускай траскучай зімы — па добрай порцыі салаты са свежых гуркоў, памідораў і зялёнай цыбулькі ў алеі. Вось тым гапаком ды смачнай салатаю і запомніліся тыя выбары, і яшчэ — адчуваннем сораму за сябе і за ўсіх, і боязі зрабіць нешта не так і гэтым пакрыўдзіць зампаліта, ротнага, хлопцаў «хахлоў» з іхнім гапаком...