«Нічога, не прападу!»
Стол у куце, абраз Святога Міколы, завешаны доўгай, да падлогі гардзінаю, тэлевізар, прыкрыты квятастым пакрывалам, збоку на стале — квадратнае люстэрка, абтырканае па краях віншавальнымі адкрыткамі... Васкевіч паглядзеўся ў яго, прычасаўся. Чорны світэр пасаваў да светлага твару, белых кароткіх валасоў. Васкевіч спадабаўся сабе — і знешне, і, галоўнае, сваім становішчам: што вось ён, «выгнаннік», «пакутнік за ідэю», сядзіць тут, у глухой вёсцы, няпаленай хаце, і наперадзе — пуста, ніякай пэўнасці. «Нічога, не прападу», — паўтарыў ён у думках камусьці, хто нібыта якраз дабіваўся і вось урэшце дабіўся, каб ён, Антон Васкевіч, прыехаў у глухамань, абуўся ў бітыя валёнкі і згінуў тут назаўсёды без следу.
Перш-наперш прынёс добры абярэмак дроў, навыбіраўшы сухіх, адных бярозавых, запаліў у грубцы. Ведаючы, куды едзе, што маткі можа не аказацца дома, ён яшчэ ў Мінску, у вакзальным буфеце купіў некалькі бутэрбродаў з сасіскамі і кавы ў пакеціках; цяпер перакусіў, зрабіў гарачай кавы, сеў на ўслончык перад грубкаю, закурыў і стаў глядзець на агонь. Спакой, расслабленасць, утульнасць пакрысе разліваліся па целе — разам з кожным глытком духмянай салодкай кавы, з кожнай зацяжкаю, — і думкі рабіліся нейкія млявыя, расслабленыя, нават не думкі, а адна думка, якую яму асабліва падабалася пракручваць: «Вы яшчэ пашкадуеце, будзеце прасіць... А цяпер — наце, як вы хацелі, так і раблю...»
Адпачыўшы, сагрэўшыся, пайшоў расчысціў ад снегу двор, вывеў шырокую сцежку ад веснічак да вуліцы («жэрдкі пагнілі ў плоце, схадзіць заўтра ў лес, прыцягчы новыя, замяніць — вось і занятак»). Выкаціў з дрывотні калодку, нашчапаў з маленькага смалістага кругляка лучыны («і лучыны ўжо няма, у лесе можна насекчы — вось і работа»). Калі пачалі брацца прыцемкі і куры палезлі на седала, закрываючы куратнік, агледзеў сцены («Сцены дзіравыя, трэба будзе абабіць дошчачкамі...»). Другі раз запаліў у грубе, налупіў чыгунчык бульбы, паставіў варыцца; тэлевізар уключыў...
Сцямнела.
І чым бліжэй надыходзіў час, калі павінна была прыйсці маці, тым больш яму зноў пачынала рабіцца неспакойна. Ён тупаў з большай хаты ў меншую, назад, адным вухам лавіў песню з тэлевізара, другім прыслухоўваўся, ці не рыпнулі веснічкі. Самае цяжкае, непрыемнае павінна зараз пачацца... Вядома, скорая сустрэча з маткаю і свае словы падчас гэтай сустрэчы былі ім прадуманы і падрыхтаваны даўно, але цяпер усё неяк рассыпалася, забывалася... Па-першае, што скажа сама маці? Добры дзень, сынок, дзякуй, што прыехаў? Не, не скажа такога... Уся вёска, нават Пульс, ведае, што прыехаў ён не на канікулы і не ў акадэмічны адпачынак, а выгнаны «за п'янства»!
Штораз ён выходзіў на двор, прыслухоўваўся. Ціха, толькі сабака недзе цяўкае, ды дымкамі пацягвае, ды неба свеціцца чырвоным далёка-далёка за лесам, у тым баку, дзе станцыя і горад, адкуль павінна ісці матка... Але вось рып снегу. Нейкім пачуццём Антон зразумеў, што ўсё, дачакаўся, вярнуўся ў хату, сеў перад грубкаю, дзе малінавыя вуголлі пераліваліся сінім, атухалі, паправіў чыгунчык з прыгарэлай ужо зверху бульбай. Скрыпнулі веснічкі, гупнула нешта на ганку — відаць, маці паставіла сумку з хлебам, купленым на станцыі, — пайшла не ў хату, а некуды: правяраць курэй, кабана, гаспадарку... Яго пабачыць не спяшаецца, што ж, нежаданы госць. Урэшце зноў крокі, бразнула клямка ў хату.
— Фу, дыхаць няма чым. Чаго ты так напаліў? «Вось табе і добры дзень, сынку!»
— Напаліў, бо холад быў сабачы. А ты ўсё дроў шкадуеш?
— Шкадую, яшчэ ўся зіма наперадзе!.. Не скідаючы паліта, хусткі, прайшла да стала, бухнула на падлогу сумку з хлебам, адкрыла тумбачку, убачыла бутэрброды, узяла сасіску, з'ела стоячы.
III
Васкевіч не бачыў маці з самага верасня. Божа, як яна за гэтыя месяцы пастарэла! Як паменела ростам!..