Скінула хустку, толькі цяпер абабіла каля парога мокрыя ад расталага снегу боцікі, зняла жоўтае асенняе паліто з жорсткім каўнерыкам, падоранае ёй некалі нявесткаю, якое маці апранала толькі ў «людзі» — едучы ў горад або, як цяпер, ходзячы на сваю работу. Яна працавала прыбіральшчыцаю на заводзіку пад горадам, радая была, што ўжо на пенсіі, а яе цэняць і не «сакрашчаюць», што хоць і капейкі плоцяць, затое работа лёгкая, усяго чатыры гадзіны ў змену, якія адрабі — і два дні дома. Антон ведаў, што, каб адрабіць гэтыя «лёгкія» гадзіны, яна падымаецца ў паўпятай раніцы, корміць гаспадарку, пораецца[2], у палавіне шостай выходзіць і праз лес, якім яны сёння ішлі з Пульсам, спяшаецца на станцыю, адтуль дызелем едзе ў горад, з горада зноў, ужо рабочым аўтобусам, дабіраецца да заводзіка к васьмі нуль-нуль раніцы. Такім жа шляхам вяртаецца назад, у вёску.
А як яна пасівела, як зморшчыўся, пацямнеў твар!.. Ну, на пенсіі, ну, цяжкая вясковая доля, — але ж, урэшце, беларускія бабы жывуць даўжэй за ўсіх на свеце, не ў пяцьдзесят жа пяць гадоў так старэць... Гэта была тая самая жанчына, маладая, прыгожая, стройна-тоненькая, у вышываным сарафане, якая ішла колісь з ім, малым Антонам, — вярталіся з далёкіх сотак... Лета, ён бегае па поплаве, стракатым ад розных кветак, ірве іх... Потым напіліся вады з крыніцы, і маці смяялася, што ён баіцца падыходзіць блізка, бо бераг дрыгвісты, не хоча нават глянуць, як вада сама высочваецца прама з зямлі... Як яна потым заспявала — радасна, галасіста, на ўвесь луг, нешта палескае, бо яна чыстая паляшучка, з Турава родам, смуглявая, скуластая, яе і дражняць у вёсцы Тураўкай...
Седзячы цяпер на ўслончыку, пазіраючы на гэтае жоўтае матчына паліто, на самую маці, Антон адчуў, як у сярэдзіне ў ім нешта вось-вось збіраецца абарвацца, а вочы пачынае шчыпаць. Адкуль узялася, ад чаго гэтая віна перад ёю?! Што цяпер яна ўжо не спявае? Што не можа ён вярнуць яе ў той летні дзень, калі пчолы гудзелі на красках, і ліплі да пальцаў смолкі, і песня плыла над рэчкаю, лугам, аддавалася ў лесе?..
Вось што цяпер яму казаць? Што выгналі мяне, але нічога страшнага, галоўнае, я люблю цябе, шкадую, буду слухацца, памагаць? Ды не трэба ёй ніякай помачы! Гэтая праца — адзінае, што ў яе асталося. Яна прывыкла жыць адна, есці абы-як, мала, не паліць у грубе, шкадуючы дроў, мерзці вечна, — але яна шчаслівая, бо жыве не для сябе, ведае: адзін, старэйшы сын — у блізкім горадзе, сямейны, другі вучыцца ў Мінску, гэта для іх ёй трэба недаядаць, недасыпаць... І вось заяўляецца ён, каб памагаць ёй — адбіраць занятак, які для яе само існаванне.
Гэты момант, калі Антон ледзь не заплакаў ад жалю, гледзячы на матку і яе жоўтае асенняе халоднае паліто, ясна паказаў яму: калі ён сапраўды так моцна любіць і шкадуе яе, лепш за ўсё яму не паказваць гэтага. Трэба быць або строга ўпэўненым, або насмешлівым, як з Пульсам у лесе, трэба казаць і рабіць выгляд, што яму на ўсё напляваць, у жыцці бывае не такое, ён, урэшце, жывы-здаровы, малады, і не прападзе. Расслабляцца не трэба было.
Ён сказаў:
— Сядзь ты за стол ды паеж па-людску. Зараз картоплі зварацца.
— Я не хачу, — але паслухалася, села, падперла рукою галаву, гледзячы на яго. — Ну, выгналі? Дапіўся? Ай-яй...
— Ніхто мяне не выганяў. Я заваліў экзамены і ўзяў... на год ці на паўгода акадэмічны водпуск.
— Не брашы, сынок, ты два гады вучыўся на круглыя пяць.
— Скажы лепш, — схамянуўся ён, — чаму ты раструбіла па ўсёй вёсцы, што мяне выгналі за п'янку?
— Я раструбіла?! Я маўчала, як тая рыба ў пельцы! Гэта ж тая, на пошце, прачытала тваё пісьмо! (Маці мела зуб на Надзю-паштальёнку, некалі сама хацела прыстроіцца насіць газеты, але ўзялі Надзю як больш «граматную».)
— Як прачытала? Чужы ліст?
— Так, разадрала канверт і прачытала! Яна што хочаш можа! І пісьмы чужыя чытае, і што хочаш... Пабач на сам, — маці дастала з шуфлядкі тумбачкі пісьмо, падала.
Праўда, добра было відаць, як няўмела, грубавата падклейваўся ў другі раз верх канверта. Васкевіч пакруціў канверт у руках — «А раптам гэта не Надзя?» — падумаў ён і знаёмы з Мінска халадок варухнуўся ў грудзях, каля сэрца.
— А я ўжо як пабачыла, — казала далей маці, — што яе рук гэта не мінула, тады ўжо і я ў магазіне — як то сказаць, прабалтала, што, можа, Антон мой хутка прыедзе. Што, можа, ён там у Мінску трохі выпівае. А так — я ж маўчала, як рыба!
Антон абгарнуў ручніком чыгунчык, сцадзіў у вядро, паклаў у талерку некалькі гарачых бульбін, падсунуў да маткі. Але тая не стала есці, усхапілася, выцягнула з печы вялізны чыгун са «свінячай» ежаю, у вядро з адцэджанай вадою сыпнула мукі, укінула паўкулідкі хлеба, пачала мяшаць рукою...