Выбрать главу

— І што ты думаеш рабіць цяпер? Адзін, як гаворыцца, на ўсе дзярэўні?

— Нічога... жыць.

— Ну жыві. Ідзі ў які калхоз, калі шчэ возьмуць, ды сядзі тут з маткаю... Будзеце піць з Пульсам, бо той тожэ адзін сядзіць, дык той дурны, а ты ж разумны...

Панесла вядро на двор, а Васкевіч зноў прысеў перад грубкаю, у якой даўно ўжо ўсё патухла, і паўтараў сам сабе, бы зацыклены: «Не Надзя, гэта не Надзя...»

Вяртаючыся, маці заскочыла ў поргаб[3], прынесла ў хату кош, выставіла з яго слоік гуркоў, слоік памідораў, слоік белых марынаваных грыбкоў, міску квашанай капусты, пабегла ў калідор, падсмажыла хутка на газе мяса з яечняю — застаўлены аказаўся ўвесь стол. Паелі моўчкі. Раней, калі Антон прыязджаў з Мінска, заўсёды пытала, ці не вьп'е, і калі згаджаўся, ставіла пляшку куплёнай гарэлкі — цяпер нават не папыталася. Хутка Антон падзякаваў, выбраўся з-за стала, накінуў на плечы кухвайку, выйшаў на двор пакурыць. Марозу амаль не было, ледзь-ледзь мігцелі над галавой слабыя зоры. Усё навокал цёмнае, чорнае — нават плот і дрывотня здаюцца нечым чужым, фантастычным... Моцна пахла начным адліжным снегам, і проста рука не паднялася закурыць, перабіваць гэты пах. «Нічога, цяпер усё ясна. Чысты перад Богам і людзьмі».

Спаць ляглі рана. Ціха ішоў тэлевізар. Антон пачаў быў ужо засынаць, як зусім бяссонным голасам азвалася маці:

— Нашто ты піў?

— Мама, я не піў. Гэта доўга расказваць. Мяне выгналі за тое, што я гаварыў так, як вы. Як у вёсцы гавораць. Па-беларуску.

— Не брашы. За гэтае нікога не выганяюць!

— Мяне ж выгналі.

— А яшчэ каго? — з надзеяй спытала маці.

— Нікога больш.

— Хіба ты адзін так гаварыў?

— Чалавек дзесяць.

— А цябе аднаго выгналі? Чаму?

«Хацеў бы я гэта і сам ведаць...» Антону раптам падалося, што маці разумее нашмат больш, чым яму здаецца — можа, ва ўсялякім разе, зразумець — і зноў пяшчота і шкадаванне да яе заварушыліся ў ім, але зноў ясна было, што калі пачаць гаварыць з ёю інакш, чым ён цяпер, больш лагодна, пачаць суцяшаць — яна толькі спалохаецца, адчуўшы нешта няладнае. «Ах, дурань! — запозна падумаў ён. — Трэба было не апраўдвацца, казаць, што выгналі за п'янку, тады б і ёй, і ўсім усё было б зразумела!»

— Валера ж вунь не выганяюць... — нібы сама сабе расказвала маці, — вучыцца хлопчык цішком-нішком, з такой жа беднай, як гаворыцца, сям'і (Валер, сын Надзі-паштальёнкі, Антонаў аднакласнік, таксама вучыўся цяпер у Мінску, у радыётэхнічным), жаніцца, тая хвалілася ў магазіне, скора будзе... Адзін ты!..

— Нашто ты так гаварыў? — спытала зноў у Антона. — Хіба ты не ўмеў, як трэба? Ты ж разумны, у варміі служыў...

— Мама, я хацеў гаварыць так, як ты мяне з малых гадоў вучыла, як мяне ў школе вучылі, як у нас усе гавораць! Вы такія ж людзі, як і тыя, што жывуць у горадзе, у вас такія ж галовы і такая ж культурная мова... ну, язык, як і ва ўсіх...

— Г...о ў нас, а не язык! У адной дзярэўні так скажуць, у нашай — яшчэ інакш, а выходзіць ні па-польску, ні па-конску...

Памаўчалі.

— Вунь паслухай, у целявізары гавораць па-беларускаму... Антон! Чаму іх не выганяюць?

«А чорт іх знае!» — хацеў адказаць Антон, але сказаў другое:

— Гэта ж дыктары, гэта работа іхняя, а на вуліцы яны па-руску чёкаюць, як Надзін прымак.

— І ты б на вуліцы гаварыў па-рускі... А пісацелі? Пісацелі ж пішуць, і гавораць, і ў радзьве — хіба іх хто чапае?

— Не ведаю.

Зноў пачаў засынаць Антон, і зноў адазвалася матка:

— Яшчэ ў якую цюрму забяруць. «Да — вось, здавалася б, самае дзікае глупства, бязглуздзіца: за тое, што гаварыў па-беларуску ў Беларусі, адлічваюць з інстытута, родная матка, вяскоўцы замест таго, каб ганарыцца, што хоць адзін знайшоўся, які любіць іх, іхнюю мову, звычкі — замест гэтага дапускаюць, што кара яшчэ замалая, што не будзе вялікага дзіва, калі яго яшчэ ўпякуць у турму! Як усё ж умее думаць вясковы практычны мозг!.. Самае цікавае, што мала памыляюцца...»

Але ў самога Васкевіча мозг болей думаць не хацеў, дужа мякка і цёпла было ляжаць. Матка яшчэ нешта пыталася, гаварыла, але ён больш не слухаў, не адказваў — перастаў змагацца са сном, і салодкія хвалі закружылі яго, загайдалі, у вушах пачуўся перастук вагонных колаў, запішчаў снег пад Пульсавымі саначкамі... Так моцна і соладка, як у гэтую ноч, Васкевіч даўно ўжо не спаў.

ІV

За акном трошкі развіднела. У хаце было ціха. Маці зноў пайшла на працу, яна падмяняла гэты месяц сваю хворую зменшчыцу.

Васкевіч ляжаў, круціўся пад цёплай коўдраю, не жадаючы расставацца з лёгкай, ціхай прыемнасцю ад здаровага сну, ад родных сцен, ад таго, што ён адзін у хаце. Ён палюбіў быць адзін раніцамі яшчэ з дзяцінства, калі неяк, таксама зімою, моцна захварэў на вятранку і два тыдні сядзеў дома. Брат сыходзіў у школу, маці — у саўгас, а ён уключаў святло, бо за акном стаялі такія ж, як цяпер, прыцемкі, браў у ложак міску сухіх гарбузовых зярнят, кніжку — Мележа ці Васілевіч «Пачакай, затрымайся...» — і за некалькі гадзін перажываў некалькі чужых жыццяў, такіх яркіх, цікавых, і разам з тым такіх блізкіх і падобных на сваё будучае жыццё... У Мележа Васіль абдымаў Ганну, а ён, чытаючы, думаў пра сваю новую маладую настаўніцу батанікі і ўяўляў, як ён вырасце і таксама будзе абдымаць дзяўчыну, падобную да гэтай настаўніцы. У кніжцы смалілі вепрука, а ён думаў, што і яны скора будуць біць кабана, а ён, Антон, залезе на печ, будзе пазіраць, як дзядзька Мікола-ляснік пакладзе на лаўку свой штык-нож, скіне шапку, перахрысціцца на пусты кут (абраз Міколы ў большай хаце), потым сядуць з братам за стол, вып'юць, матка будзе круціцца каля стала і прытворна дзякаваць, увесь час крадком пазіраючы на пляшку, ці не многа выпілі... А ён, глытаючы слінкі, адчуваючы страшны, да моташнасці голад, будзе пазіраць з печы, і вось урэшце матка падасць яму місачку свежаніны з лустай хлеба, шкваркі — каторая перасмажаная, аж чорная, каторая ледзь пажаўцелая, з белым салам, але ўсе да таго смачныя, што нават шкада глытаць іх, хочацца даўжэй патрымаць у роце, ды не слухаюцца і, неразжованыя, неяк самі пракоўтваюцца...

вернуться

3

Пограб.