Выбрать главу

Тэлевізара тады не было. Антон вылазіў з-пад коўдры, бег па халоднай падлозе, уключаў радыё, стрымгалоў ляцеў назад і, лежачы, слухаў, як галасы з зусім іншага свету напаўняюць хату нейкай урачыстасцю, адчуваннем свята, быццам усё гэта для аднаго яго, хворага Антона...

Нешта падобнае ён адчуваў і цяпер. Лёгка, прыемна, радасна было ляжаць пад коўдрай аднаму ў хаце, глядзець у акно на ранішні прыцемак, але і ўставаць было радасна, бо чакала праца, якую Васкевіч умеў і любіў рабіць. Галоўнае, сам сабе гаспадар, ніхто не будзе камандаваць: як зробіш, так і добра.

Маці, падняўшыся ў чатыры гадзіны, паспела выпаліць у печы. На прыпечку стаяла патэльня смажанага мяса, падагрэтая ўчарашняя бульба. Васкевіч добра пад'еў — у Мінску забыў, калі ўвогуле апошні раз еў раніцай, — выйшаў на двор. Мароз яшчэ больш адлёг, усё было ў тумане. Дыхалася лёгка і здорава, як у дзяцінстве, ды ўсё вакол і было дзяцінствам: і гэтая сцяна хаты, і плот, і хлеў, і ледзь бачныя ў тумане абрысы блізкага лесу... А як добра само па сабе, смачна пад'еўшы! І гэтыя штаны байкавыя, валёнкі, кухвайка — цёпла, зручна...

Ён залез на гарышча, скінуў вялікія санкі, пацягаў іх трохі па снезе, каб адцерці з палазоў, у дрывотні знайшоў кавалак новай аборкі, падперазаўся і засунуў пад аборку сякеру. «Паглядзелі б цяпер на мяне хто з Мінску... — падумаў ён, ідучы агародамі па рыхлым снезе да пахмурнага лесу. — А можа, сапраўды, гэтая кухвайка і сякера за поясам якраз і ёсць маё, і не варта было рыпацца, шукаць нечага іншага...»

Ён з самага ранку настроіўся не спяшацца, як не спяшаецца звычайна ніколі сапраўдны вясковы мужык. У лесе кінуў на сцежцы санкі, доўга хадзіў, выбіраў раўнейшую, даўжэйшую хвойку. Усё былі роўныя і доўгія, і раслі пры самай дарозе. Прайшоў далей у лес — яшчэ лепшыя. Успомніў, што збіраўся насекчы лучыны, вярнуўся назад да дарогі — вось, тоўстая, камлюкаватая насечаная хвоя, насечку нядаўна нехта паліў і ўвесь камель аж да галін чорны.

Антон пасядзеў на санках, пакурыў. Усё пад бокам, думаў ён, — хочаш, хвойкі на жэрдкі, лучына, а летам тут жа, дзесяць мінут ходу, грыб, ягада, а вясною хочаш, прыходзь стаў[4] сок — вунь тры таўсценныя бярозы на пагорку... Папляваўшы для большай спаважнасці на далоні, насек лучыны — смачна хэкаючы, адчуваючы, як слухаюцца рукі, глыбокія і ладныя робяцца падсечкі і злупліваецца зверху вялікі, з аднаго боку гарэлы, з другога — жоўта-смалісты пахучы пласт... А некалі брат рубаў, а ён стаяў воддаль, каб не агрэла трэскаю, пазіраў з зайздрасцю... Склаў пласты каля санак, зноў трохі пахадзіў па лесе, нагледзеў урэшце дзве хвойкі, адна каля адной, абтупаў снег каля камлёў, каб ссячы пры самай зямлі; пагаварыў з імі ў думках, папрасіў прабачэння, што сабраўся іх забіваць — як рабіў у дзяцінстве, калі ўсё вакол здавалася жывым, разумным, і ён гаварыў і з катом, і з рэчкай, у якой купаўся, і з морквай, якую грыз, — так і цяпер: пагаварыў: «Вядома, вам тут лепш... І гэтыя бярозы будуць па вас сумаваць, і гэты дубок, які, нябось, ужо заглядаўся на вас, гадаў, каторую ўзяць у жонкі... Але што зробіш? Будзеце вісець у плоце прыбітымі да шулаў, вуліцу паглядзіце, людзей, машыны, кот па вас будзе бегаць. Тут, у лесе, магла б бура зваліць, ці самі па сабе састарэлі б, згнілі б — і ўсё; а ў плоце паслужыце, спарахнееце, парэжуць вас на дровы, спаляць, і паляціце дымам над гэтым лесам, над Беларуссю, свету пабачыце...»

вернуться

4

Спускай.