Выбрать главу

— Селянін за гэты час высек бы і абчасаў даўно! — схамянуўшыся, сказаў сабе Васкевіч.

Але настрой гэты — «здзяцінелы», узнёслы — не пакідаў яго, пакуль высякаў, цягаў па адной хвойцы, прывязваючы камель да санак, а доўгі хвост валачыўся па снезе і спружыніў на буграх і ямах, пакуль абчэсваў, здымаў кару... Раскідаў старое прасла — амаль усе дошкі пагнілі там, дзе былі прыбітыя цвікамі, парасколваў гэтыя дошкі напал, і ўсё пайшло ў дзела. Хутка новенькае прасла жаўцела сваімі новымі жэрдкамі, адыходзіць не хацелася... Насек са смалістых пластоў поўны вялікі кош лучыны, а рукі ўсё не ўнімаліся, яшчэ прасілі работы. Падмёў хату, вытрас палавікі, гадзіны ў чатыры, калі ўжо змяркалася, запаліў у грубцы. На гэты раз не паспелі яшчэ як след разгарэцца дровы, як на двары пачуўся тупат, і зайшла маці з братам Сцяпанам. Маці, відаць, адпрасілася раней, заехала ў горадзе да Сцяпана, і вось, прыбылі, вырашаць Антонаў далейшы лёс. Маці была зусім іншая, чым учора, — ці проста выгаварылася дарогай Сцяпану, ці паспела ўжо ўбачыць і новыя жэрдкі, і кош лучыны, і што ў хаце чыста.

— Ну, як ты тут, сынок? — спытала і хутчэй кінулася збіраць на стол. На гэты раз знайшлася і пляшка.

Сама за стол не села, прыткнулася на ўслончыку каля печы.

— Вот, Сцёпа, вот куды яму дзецца? — спытала маці, калі браты выпілі і Сцяпан цягнуў з міскі поўную лыжку тугіх, слізкіх у алеі грыбкоў; па яе інтанацыі можна было здагадацца, што за сённяшні дзень яна задае гэтае пытанне не ў першы раз.

— Ён жа не малое дзіця, — асцярожна адказаў Сцяпан, жуючы грыбкі, пазіраючы на брата спагадлівымі вачыма з-пад чорных густых броваў.

— З Менска я выпісаны поўнасцю, і што рабіць, пакуль не знаю, — шчыра сказаў Антон. — Можа, у горадзе можна будзе як прыляпіцца?

— І не думай! — ускрыкнула матка. Відаць, і пра гэта яны са Сцяпанам ужо гаварылі.

— Горад... — Сцяпан фыркнуў насмешліва. — Добра, калі б быў горад!.. Гэта табе не Мінск, ці, як ты кажаш, Менск. Ды гэта большае балота, большая глуш за нашую вёску, за любы хутар! Абшчагі, заводы, бруд, аўтобусы ходзяць абы-як, у выхадныя да цэнтра няможна дабрацца, а калі і дабярэшся, дык што? Што ў нас за цэнтр? Два кінатэатры? Поўна нейкіх зэкаў, хімікаў[5], страшна па вуліцы прайсці... Зацемна еду на работу, зацемна вяртаюся, замыкаемся і глядзім тэлевізар — вось мне і ўвесь горад... Але хоць дзякую Богу, што вырваўся з той абшчагі рабочай, хоць гэтую маласямейку далі, а то ж страшна ўспомніць... П'янкі, бойкі, дзверы трашчаць, вады вечна няма, на кухнях нагаджана, пліты паламаныя, у душ пасля работы не сходзіш, калі і вада ёсць, бо баішся схапіць якой каросты ці грыбок!.. Наш горад!..

V

Антон лічыў старэйшага на шэсць гадоў брата лепшым сваім сябрам, самым блізкім па духу чалавекам. Яны перапісваліся ўжо гадоў з дзесяць — з тых часоў, калі Сцяпан пайшоў у армію, астаўся там «макароннікам» — звыштэрмінова, — ажаніўся, потым вярнуўся, але ўжо Антону настаў час служыць... Бачыліся яны мала і рэдка, таму толькі ў пісьмах і маглі спавядацца, раскрываць адзін аднаму душу.

Яны былі не падобныя. Сцяпан — вышэйшы ростам, плячысты, па-паляшуцку марудлівы ў рухах і словах, з грубымі, моцнымі рукамі — адразу было відаць, што чалавек працуе фізічна, многа і нялёгка працуе. У адрозненне ад бялявага Антона, які пайшоў трохі ў бацьку-нябожчыка, трохі ў светла-русага дзеда Антона, Сцяпан быў увесь у матку: зусім чорны, скуласты, з паляшуцкімі глыбокімі чорнымі вочкамі. Перад тым, як Антону ісці ў армію, яны сфатаграфаваліся — чорны Сцяпан і белы, з доўгімі патламі, у белай куртцы Антон — і ў Сцяпана потым пыталі, ці не сястра гэта яго? Сапраўды, Антон перад войскам упершыню згаліў пушок са шчок і пад носам і быў падобны на дзяўчыну.

Раней, у дзяцінстве, у школьныя гады Сцяпан, як і належыць старэйшаму, быў ва ўсім галоўны, завадатар. Антон слухаўся яго і пабойваўся, бо брат, калі што не па ім, цырымоніцца не любіў, часцяком пападала Антону і па вушах, і асабліва па тым месцы, з якога ногі растуць. Потым, калі Сцяпан, ужо жанаты, жыў у горадзе, а Антон, адслужыўшы, вучыўся ў Мінску, неяк ролі памяняліся, неяк патроху-патроху ўжо ён, Антон, пачаў выходзіць у «камандзіры», а брат слухаў яго і верыў... Сцяпан не здзівіўся, калі аднойчы атрымаў ад брата ліст, напісаны па-беларуску, ліст блытаны, з клічнікамі, з намаляваным унізе бел-чырвона-белым сцяжком, з выразкамі з нейкіх газетак... Антон пісаў, што цяпер у Мінску многа такіх, як ён, што ён раней быў сляпы, а цяпер нібы наноў нарадзіўся на свет. «Успомні, — пісаў Антон, — як у нас заўсёды, з малых гадоў жыло адчуванне, што мы — беларусы, чорт вазьмі! І самі павінны гаспадарыць на нашай зямлі! Успомні, як мы чыталі «Векапомныя дні» Лынькова, Паслядовіча — мы ж чыталі наадварот, між радкоў вышуквалі, што за «нацыяналісты»? Дзе яны цяпер? Чаго яны хацелі? Чаму іх з такой нянавісцю, пагардай, сатыраю апісваюць Лынькоў, Паслядовіч і іншыя?»

вернуться

5

Вольнапасяленцаў (распаўсюджаны жарганізм).