Гэта была праўда. Сцяпан адразу ж адпісаў таксама па-беларуску, паведамляў, што ён ужо аднёс на працу і раздаў рабочым выразкі з газетак, паказаў там, які сапраўдны беларускі сцяг (забягаючы наперад, скажам, што яму гэта бокам вылезла).
— Ты збіраешся... калі-небудзь вярнуцца зноў у Мінск? — спытаў Сцяпан. Ён рабіў з хлебнага мякіша шарыкі і еў іх.
— Як табе сказаць... — Антон задумаўся. — Вядома, збіраюся. Тут да смерці сядзець не буду.
— Едзь, а цябе зноў выжануць! — уставіла маці.
— Мы, пакуль ішлі, гаварылі з маткаю... Антон, ты ж не адзін такі быў? Я ніколі не паверу, што ты быў нейкі галоўны там... А выгналі цябе. Няважна, за п'янку ці за што — проста ты падлез пад гарачую руку... Шэнціць перастала. Пайшла нейкая чорная паласа, бываюць такія палосы... Трэба перажыць яе, пераседзець, і ўсё наладзіцца.
— Гэта я і сам ведаю. Але дзе пераседзець?
— Тут. У маткі. Я табе параю: ідзі заўтра ж у сельсавет, прапісвайся і жыві.
— Ды я і сам так хацеў бы! — Антона ад гарэлкі, а яшчэ больш ад гэтай спакойнай мужчынскай гаворкі пацягнула на шчырасць, якой ён з маці не мог дапусціць. — Сёння вось у лес схадзіў, жэрдак прывёз... — ён хацеў расказаць, як адчуваў сябе селянінам і як гэта добра было, але пры матцы не стаў: — Але кожны ж дзень не будзеш ездзіць па жэрдкі! А чым заняцца? А жыць за што? Цыгарэт купіць, кашулю якую новую, шкарпэткі... А на матчынай шыі я сядзець не хачу.
— Я магу чым памагаць, — сказаў Сцяпан не вельмі ўпэўнена.
— Ты сваю сям'ю глядзі, а не памагаць! — зноў умяшалася маці; аднак ёй, відаць, спадабалася, што Антон не хоча «сядзець на яе шыі». — Хай жыве! А я на што? У мяне ж і пенсія, і палучка! Матка ж на тое і матка, каб памагаць!.. Сала вунь поўны кубел, вунь кабан на паўхлява, к Колядам зарэжам, на той год два купім, картопляў поўна, гуркі, капуста... Адно, што хлеб, ды муку, ды крупы трэба купляць... Але не пі, не куры — і пражывеш, прыпяваючы!.. Матка ж цябе выганяць не будзе, раз прыехаў!..
Наеліся, дапілі гарэлку, сабраліся на двор пакурыць, але на двары за дзень так усё растала, што аж з даху капала, таму селі ў сенцах на лаве пры ўваходзе, закурылі.
— Скажы, Антон, — спытаўся брат, стараючыся сваімі кароткімі тоўстымі пазногцямі расшчапіць запалку; не змог, абкусаў яе і стаў калупацца ў зубе. — Скажы: вось я гляджу тэлевізар, радыё слухаю, газеткі вашыя чытаў... Вас жа, такіх, як ты, многа... Як магло здарыцца, што цябе турнулі? Што цябе не змаглі абараніць, адстояць? Вы ўсё ж студэнты, разумныя — ды аб'явілі б галадоўку, забастоўку, сабралі б мітынг, напісалі б у газеты!.. Там усё ж Мінск, не нашае балота!
— Хочаш, я табе зараз пакажу свой «воўчы білет»? Альбо працоўную кніжку? Там жа не напісана «исключен за политическую неблагонадежность» ці за «национализм», а за «неоднократное нарушение правил соцобщежития, появление в пьяном виде, распитие в комнате спиртных напитков...» Якая галадоўка!.. Пратэстуем супраць выгнання за п'янства?! Ды я ж пісаў табе.
— Я першы раз чую пра ўсё гэта. — Не можа быць! — уразіўся Антон. — Я пісаў табе вялікае пісьмо, перад Новым годам!
— Першы раз чую, — паўтарыў брат. — Апошні твой ліст быў перад «акцябрскімі», кароткі — усё добра, вучуся... Потым ужо матка пазваніла з работы, сказала, што ты напісаў ёй нешта пра акадэмічны водпуск і хутчэй за ўсё цябе выганяць. Я толькі здагадваўся, што нешта здарылася.
Антон усё не мог прыйсці ў сябе. Вось так так! Адно пісьмо невядома кім і навошта прачытанае, другое ўвогуле не дайшло... Брат паклаў яму на плячо цяжкую руку, сказаў ціха:
— Пры матцы не хацеў гаварыць... У мяне таксама гісторыя. Перад Новым годам вызывае мяне з бытоўкі брыгадзір — зэк, нахабны, тупое рыла — і расказвае, што ў дырэктара была нарада, дзе адзін «весь в коже» — у скура.ной куртцы — ціхенька сядзеў у кутку, а потым падышоў да яго, брыгадзіра, і сказаў: «Перадай Васкевічу, што калі ён не хоча згніць у сваёй маласямейцы, калі хоча атрымаць нармальную кватэру, хай менш торкаецца са сваімі газеткамі і менш ляпае языком. А з тым мінскім братцам мы яшчэ разбярэмся!».