Раздзел першы
Вясною, як толькі пачыналася цяпло, Антось вяртаўся дадому. Угледзеўшы на вуліцы яго маленькую жвавую фігурку, абвешаную клункамі, вяскоўцы лагодна і жартаўліва ўсміхаліся:
— Ну, во і Антось прыляцеў з выраю...
Ён і на самай справе быў нечым падобны на стомленага настальгіяй і доўгім цяжкім пералётам старога бусла. Бусел па вяртанні з выраю ніколі адразу не разважна не кідаецца да свайго гнязда. Антось таксама звычайна не спяшаецца адмыкаць масіўны заржавелы замок на дзвярах, бы палохаецца сустрэчы з цяжкім нежылым духам, што ўсталяваўся за зіму ў хаце, выводзіць які давядзецца не дзень і не два.
Бусел заўсёды робіць кругі над ваколіцай, над вёскай, быццам не можа нацешыцца-нарадавацца сустрэчай з роднымі краявідамі, потым дзень-другі адпачывае на балоце, паважна тэпаючы чырвонымі цыбатымі нагамі па неглыбокай вадзе, цікуючы паўсонных жаб, і толькі пасля, трохі акрыяўшы, аглядае буслянку, з разважнай самавітасцю бярэцца за свае няхітрыя бусліныя клопаты.
Антось, сустрэўшы каго з вяскоўцаў па дарозе з аўтобуснага прыпынку альбо на вуліцы, будзе стаяць гадзіну-другую, выпытваць, якія тут навіны адбыліся без яго, рабіць выгляд, што яму спяшацца няма куды.
Прыйшоўшы, нарэшце, на панадворак, вызваляецца ад клункаў, складвае іх на вялізны плоскі камень перад парогам, размінае плечы, ідзе аглядваць сядзібу: ці ўсё на месцы, ці не нарабіў хто шкоды?
Перш за ўсё тэпае ў сад, лагодна кратае рукою кожнае дрэва, бы здароўкаецца, бы пытаецца: ну, як вы тут перазімавалі без мяне? Ці не пашкодзіў мароз, ці не папсавалі зайцы? Пераканаўшыся, што ўсё ў парадку, задаволена ўсміхаецца, ідзе далей — да ліпы з буслянкаю наверсе, да бяроз, якімі абсаджаны сад. Засмучаецца, калі заўважае на бярозах бесталковыя зарубкі, якіх, спускаючы ранняй вясною сок, парабілі Міколавы хлопцы.
Затым уважліва аглядае плот: абмацвае кожную штыкеціну, прыкідваючы, дзе яшчэ пастаіць, дзе — трэба паправіць, прымацаваць новым цвіком. Потым заглядвае ў хлеў, дзе, апроч кучы саломы ды некалькіх вязак з невядома якіх часоў сена — цяпер непатрэбнага, прыдатнага хіба толькі для катоў, больш нічога няма. Катоў тут жыве мо з дзесятак, а мо і болей — хто калі іх лічыў! Заўважыўшы Антося, яны — разнамасныя, худыя, дзікія, з шалёным металічным бляскам у вачах, панічна кідаюцца ўроссып. Не ўцякае, падазрона і насцярожана гледзячы, толькі рудая, з белымі плямамі і адвіслым жыватом старая кошка. Ад яе пайшла гэтая ўся дзікая хеўра. Кошка некалі была вельмі рахманая і свойская, а цяпер гэтаксама здзічэла, хоць і жыла больш у хаце, чым у хляве. У сені яна пранікала цераз лаз пад падрубай, а дзверы з сяней у хату Антось знарок не зачыняў на зіму, каб кошка магла хадзіць і ганяць мышэй, а то струшчаць усё ўшчэнт. Штогод яна мела ў хляве чатыры-пяць кацянят. Яны з самага нараджэння драпежна шчэрыліся, шыпелі, бы гады, як толькі з’яўляўся чалавек — зашываліся ва ўсе норы. Нават Міколавы дзеці не маглі іх прыручыць. Летам усе Антосевы каты, апроч кошкі, сыходзілі ў поле, у лес, лавілі птушак, маладых зайцоў, а позняй восенню, калі не было чым пажывіцца, прыбіваліся да свінафермы, да свірна, дзе лавілі мышэй, галубоў, ласаваліся на хвойніку, куды выкідвалі дохлых парасят. Катораму ўдавалася выжыць да вясны — зноў вяртаўся ў Антосеў хлеў.
Антось з’ехаў з вёскі гадоў дзесяць назад, калі памерла старая Антосіха — згорбленая сварлівая баба. З’ехаліся тады ўсе Антосевы дзеці і, пахаваўшы маці, сталі радзіць між сабою, што рабіць з бацькам — не пакідаць жа аднаго. Парадзілі-парадзілі і рашылі прадаць хату і ўсю маёмасць, грошы падзяліць пароўну, а каб ніхто не быў у крыўдзе і накладзе — браць старога, пакуль жывы, да сябе. Пажыве па чарзе год у аднаго, год — у другой, год — у трэцяй, год — у чацвёртай, а там відно будзе...
Антось успрыняў гэтае рашэнне без асаблівай радасці — моўчкі, глуха, як нешта фатальна-непазбежнае: чаму быць — таго не мінаваць. Але як пайшоў торг, каму першаму забіраць яго, пазмрачнеў, насупіўся, адчуўшы нешта няладнае. Астатак дня хадзіў нейкі прыбіты, адчужаны, усю ноч крэхтаў, варочаўся — не мог ніяк заснуць, а назаўтра нечакана ўстаў на дыбкі:
— Нікуды не паеду, хаты прадаваць не буду!
Дзеці разгублена кінуліся да яго:
— Тата?! Во табе на!.. Дамовіліся, а вы... Чаму вы перадумалі? Чаму не хочаце ехаць? У нас жа вам будзе лепш...
— Сказаў, нікуды не паеду — значыць, не паеду! — панура мовіў Антось і, не пажадаўшы нічога тлумачыць, выйшаў з хаты, пакінуўшы іх адных.
Дзеці добра ведалі зацяты, іншы раз — да безразважнасці зацяты бацькаў характар: як увапрэцца — нізашто не пераканаеш, нізашто не ўгаворыш. Абяцай хоць залатыя горы, хоць рэкі з кісельнымі берагамі — усё роўна будзе стаяць на сваім. Таму раз’ехаліся, рашыўшы паглядзець, што будзе, пачакаць, пакуль прыпячэ, ды сам папросіцца. Праўда, злыя языкі пагаворвалі, быццам Антосевы дзеці не так, як трэба, прасілі, не так, як трэба, пераконвалі бацьку. Ёсць тут доля праўды ці няма — хто ж яго ведае... Адно толькі праўда, што застаўся Антось адзін у хаце, адзін на адзін са сваёй невясёлай адзінотай. I трымаўся ён малайцом, быццам хацеў даказаць вёсцы і перш за ўсё ўласным дзецям, што пражыве-абыдзецца і без іх. Перазімаваў, нават пратрымаў карову, не збыў ніводнай курыцы, выгадаваў і закалоў пад Новы год свінчо. А к лету ўвогуле акрыяў. Але к восені адчуў сябе вельмі кепска, склікаў тэлеграмамі дзяцей, сам папрасіўся: рабіце, як казалі, забірайце...