3 месяц дзеці не вучыліся. Усёй вёскай пісалі петыцыі начальству, і, у рэшце рэшт, улады здаліся — вярнулі настаўніцу, якая вучыла дзяцей па-беларуску. Але ненадоўга. Летам яе паклікалі на курсы ў Варшаву, а к восені саслалі некуды пад Кракаў, як і амаль усіх настаўнікаў беларускіх школ з «крэсаў усходніх». Восенню школу ў вёсцы закрылі, прапанаваўшы: хто хоча, каб дзеці былі пісьменнымі — хай аддаюць у польскую школу за пяць вёрст. Ніхто не паслаў. Нанялі самі звольненага палякамі настаўніка, вучылі дзяцей на роднай мове нелегальна. Толькі асаднікі вазілі штодня сваіх сыноў і дачок у польскую школу.
Пасля допытаў і катаванняў у дэфензіве, трохі падлячыўшы перад судом, Антося засудзілі як палітычнага. 3 турмы ён вярнуўся на трэцяе лета — бледны, худы, але нейкі прасветлены. 3 вачэй яго, здавалася, сочыцца, ліецца лютая нянавісць да паліцыянтаў, паноў, падпанкаў. Бязбоязна, задзірліва, бы знарок, каб хто данёс, здзекаваўся з маршалка Пілсудскага, называў яго катам беларускага народа, фашыстам, прайдзісветам, падбіваў не плаціць падаткі, на вячорках і забавах падвучваў хлопцаў і дзяўчат спяваць забароненыя песні, злыя прыпеўкі пра польскіх паноў, паліцыянтаў, шляхцюкоў. На пасядзелкі, дзе збіраліся сталыя мужчыны, прыносіў і чытаў газеты, кніжкі, у якіх пісалася пра сацыяльны і нацыянальны ўціск, самаўпраўства і фашыстоўскі тэрор санацыйных уладаў, заклікалася да змагання з акупантамі, за ўз’яднанне з братамі на Усходзе. Пагаворвалі, што ў турме Антось пазнаёміўся і сышоўся з бальшавікамі-камуністамі. Мусіць, гэта была і праўда, бо неўзабаве пасля вяртання да яго зачасцілі немаведама адкуль незнаёмыя людзі, на сялян не падобныя. Пра што яны там гаварылі — ніхто не ведаў, бо разумней за ўсё было нічога не ведаць, нічога не чуць.
Не прайшло і паўгода, як Антось зноў трапіў у пастарунак. За беспарадкі на кірмашы ў мястэчку. Сотні вяскоўцаў бачылі ўсё сваімі вачыма. Калі на кірмаш з’ехаўся народ з усёй акругі, не было дзе і яблыку ўпасці, Антось узабраўся на воз і пачаў агітаваць супроць паноў і палякаў, клікаць да непадпарадкавання акупацыйным уладам. Хоць ён быў і невысокага росту, але голас меў зычны, звонкі. Людзі, забыўшыся пра торг, ціснуліся да яго, уважліва слухалі, бо гаварыў ён тое, што кожнаму балела. Неўзабаве па людскім натоўпе прайшло хваляванне. Як з-пад зямлі ўзніклі, расштурхоўваючы локцямі і нагайкамі народ, сталі прадзірацца да Антося тры паліцыянты. А ён усё гаварыў і гаварыў, не зважаючы ці не заўважаючы іх. Людзі згуртоўваліся шчыльней, адціралі паліцыянтаў, крычалі Антосю, каб хаваўся, а ён нібы не чуў ці не хацеў чуць іх затрывожаных галасоў. Паліцыянтам, нарэшце, удалося праціснуцца да воза. Сцягнулі прамоўцу, звалілі на зямлю, неміласэрна білі цяжкімі ботамі. Пырснула кроў, народ зашумеў, хто быў бліжэй — кінуліся бараніць, ратаваць Антося. Раз’юшаныя паліцыянты сталі лупіць нагайкамі, кулакамі ўсіх, хто трапляў пад руку. Падняўся гвалт. Нехта загаласіў:
— Забі-і-і-лі-і...
Як гром, над натоўпам прагучаў нечы бас:
— Бі акупантаў!
Натоўп захваляваўся, прыйшоў у рух. Заржалі коні, затрашчалі паламаныя драбіны.
— Бі псяюх! Бі гадаў!
Раз’ятраныя людзі, падахвочаныя гэтым заклікам, кінуліся на паліцыянтаў, пацяснілі іх з кірмашу. Паліцыянты павыхоплівалі наганы:
— Пся крэў, быдла, пастшэлямы!
Пачуліся стрэлы ўверх. Але і яны не спынілі, не астудзілі людаей. Натоўп пагрозліва наступаў. Заднія падпіралі пярэдніх. Здавалася, яшчэ хвіліна, яшчэ апошння іскра — і паліцыянты будуць змяты, растаптаны. Яны самі, мусіць, адчулі рэальную пагрозу, рэальную небяспеку, бо пачалі пяцца назад, затым — кінуліся наўцёкі. Гэта прыдало раз'ятраным людзям яшчэ большую смеласць — з галёканнем кінуліся ўслед, шпурлялі каменні, гналі, аж пакуль паліцыянты не пахаваліся за масіўнымі дзвярыма пастарунка. Нехта падаў кліч падпаліць пастарунак, засмажыць псяюх жывымі, як гадаў, але разважлівыя галасы ўтрымалі ад гэтага небяспечнага кроку. Пашумеўшы яшчэ з гадзіну, закідаўшы пастарунак каменнямі, натоўп трохі аціх, разышоўся.