Выбрать главу

Два дні і шэптам, і ўголас уся акруга толькі і гаварыла пра той кірмаш. Ніхто толкам не ведаў, хто гэта выступаў з воза, а хто і ведаў — абачліва трымаў язык за зубамі. Але шыла ў мяшку не ўтоіш...

На трэці дзень к вечару Антося арыштавалі. Арышты прайшлі па ўсіх навакольных вёсках, у мястэчку. Тры дні з пастарунка несліся крыкі і енкі.

Антося прывезлі на фурманцы ледзьве жывога. Два месяцы пластом ляжаў — гнаіліся раны. Думалі, не вычухаецца.

Толькі к восені стаў добра на ногі. А на свята Кастрычніцкай рэвалюцыі нехта ўздоўж усяго гасцінца на тэлефонных правадах навывешваў чырвоных флажкоў. Ды так, што паліцыянтам і зняць было не проста — хоць слупы спілоўвай. Да позняй ночы спорвалі баграмі.

Чыя гэта была работа: Антосева ці мо і не Антосева — дэфензіва на гэты раз не надта разбіралася. Схапілі Антося...

Потым нават газета пісала, беларускія дэпутаты падавалі ў польскі сейм інтэрпеляцыю пра катаванні Антося ў дэфензіве. Катавалі яго люта, па-зверску. Заціскалі ў дзверы пальцы, пускалі цераз трубачку газу, мачу ў нос, звязаныя рукі прапускалі між звязаных ног, прасоўвалі кол і падвешвалі так, каб сам скурчаны вісеў уніз, а напружаныя ногі былі ўверсе, білі гумай, жалязякамі па пятах, пакуль не губляў прытомнасць. Адлівалі вадою і білі зноў, патрабуючы, каб прызнаваўся. Ці то Антось маўчаў зацята, каб не выдаваць тых, хто яму памагаў вывешваць тыя флажкі, ці мо яму і не было ў чым прызнавацца, але дэфензіва ад яго так нічога і не выведала, нічога не дамаглася катаваннямі. Аднак нават гэта не ўратавала Антося ад турмы. Знайшлі нейкі параграф і пасадзілі на год у Лукішкі.

I яшчэ потым двойчы знаўся з дэфензівай Антось, праз што і сёння ходзіць неяк ненатуральна — трохі з падскокам, бы зрываецца бегчы. Даюць знаць патрушчаныя косці, накалечаныя пяты.

Іншы на яго месцы сёння хадзіў бы ў героях: сядзеў у ганаровых прэзідыумах, выступаў перад школьнікамі, расказваў, як жылі, як змагаліся, дамогся сабе павышанай пенсіі. Але не Антось. Хто толькі не надавумляў падаваць дакументы на персанальную, а ён і слухаць не хоча, нават злуецца:

— Мне і гэтай досыць. Чаго гэта я буду клянчыць, як жабрак?

Пагаворвалі, быццам Антось саромеецца прасіць павышаную пенсію з-за таго, што ў вайну Антосіха не пусціла яго ў партызаны.

— Хочаш, каб з-за цябе дзяцей немцы пазабівалі,— канючыла яна, беручы на рукі блізнят і галосячы: — Ах, дзетачкі-і, ах, родненькі-ія, ваш тата-ачка-а схацеў загубіць вашы няві-ін-ныя-я, вашы святы-ыя душачкі-і...

Антось нерваваўся, ведаючы, што жонка бярэ зморам, аднак... Аднак і партызаны не разумелі яго.

— Сядзі, дзядзька, і не рыпайся! — казаў Федзька.— Ты свае наваяваўся з палякамі, а з немцамі і без цябе ўправімся...

— Як гэта ўправімся?! — змрочна глядзеў на яго Антось.— А мы што, па-твойму...

— Зразумей адно, дзядзька,— разважна тлумачыў яму Федзька.— Ты ж і вінтоўку ў руках трымаць не ўмееш. Якая ж ад цябе карысць будзе ў атрадзе? Нам большая карысць, калі ты тут...

Антось нізашто не мог пагадзіцца з Федзькам, дайшоў да партызанскага камандзіра. Але і камандзір бы згаварыўся з Федзькам: у нас ёсць каму страляць, нам трэба свае, надзейныя людзі ў кожнай вёсцы, у кожнай хаце, каб і харчам, і адзеннем дапамагалі, былі вачамі і вушамі партызан. Болей таго — камандзір закінуў, каб Антось падаўся ў старасты, але сустрэў такое абурэнне, што і не рады быў, прапаноўваючы.

У Антося былі падазрэнні, нават не падазрэнні — амаль упэўненасць, што гэта Антосіха ўгаварыла Федзьку, а Федзька — камандзіра не браць яго ў партызаны, і не мог ёй дараваць гэтага, здаецца, так і не дараваў да канца дзён яе.

Да таго ж яшчэ ў сорак чацвёртым яго не ўзялі ў армію — не прайшоў камісію. Нават старэйшых за яго мужыкоў пабралі, добрая палавіна з іх не вярнулася з фронту ці вярнуліся пакалечаныя — хто без рукі, хто без нагі, хто з асколкамі ў целе, хто кантужаны, без здароўя, а ён... А ён адседжваўся са сваім белым білетам ля жончынай спадніцы.

— Ты здурэў, ці што? — падзівіўся бязрукі Зміцер — недалёкі Антосеў сусед і нейкі сваяк па жонцы, калі Антось неяк сказаў яму гэта. — А твая-то тут якая віна? Цябе камісія забракавала. Ты сваё пры паляках узяў...

— Лёгка табе гаварыць... — скрушліва ўздыхнуў Антось.— А пабыў бы ты на маім месцы... Я, калі хочаш ведаць, нават табе не магу ў вочы глядзець...

— Чаго гэта ты мне ў вочы не можаш глядзець? — не разумеў Зміцер. — Што ты ў мяне цяля ўкраў, ці што?

— І табе, і ўсім вам, каго пакалечыла вайна, устыдна глядзець у вочы... — упарта цвярдзіў сваё Антось. — Столькі часу прайшло, а ўсё глыжэ думка: а раптам той асколак, што табе руку адарваў, мне быў прызначаны? А можа, тая куля, што ўлажыла Марылінага Паўла ці Клаўдзінага Міколу,— была мая? Выходзіць, што я за вашы спіны схаваўся, можна сказаць — вы мяне прыкрылі...