Выбрать главу

Пластом злягла Марыля, зусім зламаталі хваробы. Прывозілі доктара, навыпісваў лякарстваў, казаў: калі лепей не стане, то забяруць у бальніцу. Яна, Клаўдзя, не адыходзіць ад Марылі. Тры апошнія ночы ў яе начавала. Сёння раніцой, калі яшчэ толькі бралася кудаса, Марылю прыехала адведаць дачка і засталася, бо назад аўтобус не пайшоў, ніводная калгасная машына з гаража не выйшла ў такі снегавей. Сядзіць як на іголках: заўтра на работу, а невядома калі ўляжацца завіруха, калі праб’юць дарогу.

Каб не было дачкі, канечне ж, апранулася б, і пайшла да Марылі, і начаваць у яе засталася б. Памагла б чаго, і весялей удзвюх. Перціся цяпер не з рукі — хай сабе пагамоняць маці з дачкой, не так часта выдараецца такая нагода, Дзецям заўсёды не стае часу: заскочыць на гадзінку-другую — і зноў на аўтобус. То хай хоць дзякуючы гэтай завірусе нагамоняцца ўволю. Вядома, яна цяпер не пойдзе да Марылі, не будзе замінаць іх гаворцы. Пэўна, і ў іх ёсць нешта такое, пра што не пагамоніш адкрыта пры староннім чалавеку. А яны з Марыляй яшчэ паспеюць нагаманіцца...

Іншы раз Клаўдзя і сама дзівіцца: як яны з Марыляй не збрыднеюць адна адной? Здаецца, нагаманіліся за жыццё, ўсё гаворана-перагаворана, здаецца, а не бачацца паўдня — і сумна, ужо цягне сустрэцца. I гэтак — як помняць, з самага малку. Яшчэ ледзь не пад стол пехам хадзілі, як разам сталі бегаць на вячоркі — ашываліся па-за печчу, пад вокнамі, бо старэйшыя ганялі, каб не бачылі, як заводзяць гулі з хлопцамі. Асабліва настойліва, са злосцю гналі, калі на вячоркі-пагулянкі прыходзіў Антось і вучыў прынесеныя з астрога песні, прыпеўкі. Але не так проста было іх прагнаць — хоць цераз шчылінку, хоць цераз комін падглядвалі-падслухоўвалі. Цікава — аж дых займала. А як падраслі — здаецца, ні разу адна без адной і не былі на забавах. А як пачалі хлопцы заляцацца — проста смех... Лічы, што разам — з розніцай усяго два тыдні — і замуж выходзілі перад самай вайной. Яна, Клаўдзя,— за Міколу, Марыля — за Паўла. Хлопцы гэтаксама дужа таварышавалі, былі між сабою — як родныя браты. Мо таму толькі і сышліся-злюбіліся, а інакш... На сённяшні розум адна пацеха...

Ды кароткім, карацейшым, чым купальская ноч, было іх шчасце. Страшнай бядою навалілася вайна. Міколу і Паўла разам з усімі вясковымі хлопцамі і маладымі мужчынамі паклікаў ваенкамат. Але не паспелі пасадзіць на цягнік. Вярнуліся ўсе: хто перад самым прыходам, хто — па прыходзе немцаў. Апроч Міколы і Паўла. Расказвалі, што іх, як самых шустрых, узяў з сабою ў машыну ваенком везці скрынкі з дакументамі.

Больш як два гады пра іх не было ні слуху ні духу. Мала хто верыў, што яны жывыя. А яны з Марыляй верылі, нават думкі не маглі дапусціць, душа чула, што жывыя. Калі нехта пачынаў спачуваць-супакойваць, называць удовамі, злаваліся альбо пасмехваліся:

— Не хвалюйцеся: мы сваіх дачакаемся. Каго зажыва хаваюць — той до-оўга жыве...