Выбрать главу

Прыстроіцца на якую-небудзь машыну не ўдавалася, хоць вайсковец і ўмольваў, і гразіўся пісталетам. Пайшлі пехам, несучы напераменку гэтыя цяжкія скрынкі. Повідну ісці па шашы ўжо стала немагчыма — самалёты зусім абнахабелі: бесперапынку, занудліва і пагрозліва кружылі, як каршуны, віселі над самымі прыдарожнымі дрэвамі, беспакарана выбіралі сабе ахвяру і закідвалі бомбамі, касілі кулямётнымі чэргамі. Пад вечар напавал уклала вайскоўца. Ён і не паспеў сказаць, куды і каму трэба аддаваць гэтыя праклятыя скрынкі. Разумней за ўсё было кінуць іх і ратавацца, але кідаць не адважваліся. Цягнулі на сабе ўсю ноч, канчаткова выбіліся з сіл. Раніцой пракацілася чутка, што наперадзе немцы, перарэзалі дарогу, выкінулі дэсант. Пачаліся хваляванне і паніка. Яны зразумелі, што са сваёй паклажай далёка не дойдуць. Звярнулі на прасёлачную дарогу, знайшлі добрае месца пад абрывам рэчкі непадалёк ад нейкай вёскі, закапалі скрынкі і, запомніўшы месца і назву вёскі, пайшлі на ўсход, кіруючыся па сонцы і зорках. Неўзабаве прыбіліся да групы вайскоўцаў, дзе за старшага быў палітрук. Распытаўшы і праверыўшы дакументы, вайскоўцы выдалі ім па вінтоўцы і патроны, не спытаўшы, ці хоць умеюць страляць. Прабіраліся да лясістай мясцовасці тры дні, пакуль не высветлілася, што наперадзе немцы. Тыкаліся туды-сюды — шлях быў адрэзаны, і, мяркуючы па самалётах, фронт адышоў далёка. Паспрабавалі прабіцца з боем — нічога не атрымалася: трох забіла, чатырох параніла. Нічога не заставалася, як прасочвацца акольнымі лясістымі шляхамі, абыходзячы вёскі і дарогі. Праз тыдні два зусім знясілелі, ніхто толкам не ведаў, дзе яны, куды ісці. Паблукаўшы яшчэ з тыдзень, вырашылі асесці ў лесе, партызаніць, чакаць прыходу сваіх. А ў тым, што немцаў вось-вось павернуць назад, ніхто не сумняваўся.

Патроху асвоіліся, навялі кантакты з мясцовымі жыхарамі, абсталявалі зямлянкі, добра замаскіравалі, сталі рыхтавацца да зімы...

К сорак трэцяму атрад вырас у брыгаду, ужо рабілі не асобныя засады, а прымалі бой, хадзілі рэйдамі на сотні кіламетраў, наладзілі сувязь з іншымі партызанскімі атрадамі і брыгадамі, а таксама з Вялікай зямлёй, адкуль прымалі грузы; і людзей на парашутах, а затым — і самалёты.

Пад Мінскам, куды пайшлі рэйдам на дапамогу суседняй брыгадзе, трапілі ў блакаду. Калі пасля трох дзён баёў прарыў не ўдаўся, паступіла каманда прасочвацца невялічкімі групкамі і збірацца ў Ліпічанскай пушчы. Халоднай дажджлівай ноччу іх група фарсіравала непраходнае балота і без адзінага стрэлу вырвалася з блакады. Адпрасіліся з Паўлам даць кругаля і заскочыць на пару дзён дадому, а праз тыдзень быць на месцы збору — ля вёсачкі Стукалы, што паміж Галубамі і Рудой-Яварскай...

Пасядзеўшы яшчэ трохі, Павел з Марыляй пайшлі дадому. А назаўтра, зацемна накарміўшы скаціну, навесілі замкі на дзверы — каб хто не ўздумаў сунуцца, увесь дзень праседзелі па сваіх хатах...

Калі ўлічыць гэтыя тры дні, што прабылі яны дома, дадаць некалькі тыдняў пасля вяселля перад вайною ды дзесяць дзён улетку сорак чацвёртага — перад тым, як іх забралі ў армію, то ледзьве па месяцу набярэцца на іх з Марыляю бабскае шчасце.

Зімою сорак пятага абедзве атрымалі паведамленні, што іх мужы прапалі без вестак. А вясною ў адзін дзень нарадзілі дачок. Марыля сваю назвала Клаудзяй, яна сваю Марыляй...

Шчыра кажучы, тыя паперкі, што Мікола і Павел прапалі без вестак, не дужа напалохалі яе і Марылю. Прапалі без вестак — гэта яшчэ не забітыя. Прападалі без вестак яны і ў сорак першым, а вярнуліся жывыя-здаровыя, без ніводнай драпінкі. I цяпер вернуцца, быць таго не можа, каб не вярнуліся. Калі выкруціліся ад моцнага фашыста на пачатку вайны, то цяпер, калі фашыст знясілены, спускае дух, і гаворкі быць не можа, што не выкруцяцца. Трэба толькі верыць і чакаць...

Верылі і чакалі і ў сорак пятым, калі дабілі Гітлера і яго зграю, і ў сорак шостым, і ў сорак сёмым, і ў пяцьдзесят трэцім, і яшчэ шмат-шмат гадоў спадзяваліся на цуд, хоць к таму часу ўсе, хто губляўся па шпіталях, у палоне, удалечыні ад Радзімы, знайшліся ці падалі пра сябе вестачку...

Бы сёння памятае Клаўдзя, як у тыя гады яны з Марыляй варажылі на вяночкі ў купальскую ноч. Спляталі вяночкі для сябе і мужоў і пускалі на затоку: калі сыдуцца да раніцы — значыць, значыць, жывыя, вернуцца, яшчэ сыдуцца іх лёсы.

3 заміраннем сэрца па халоднай расе, да сонца, беглі на бераг. Усе чатыры вяночкі заўсёды плавалі поразь...

У адно лета — здаецца, здаецца, у пяцьдзесят чацвёртым ці пяцьдзесят пятым годзе — Марылі прапанаваў сысціся аўдавелы аднарукі Хведар. Яна, не думаючы, адмовілася. А потым зусім захандрыла: ходзіць сама не свая, ні да чаго рукі не кладуцца, белы свет нямілы, адчужана маўчыць. А ў Клаўдзі сэрца абліваецца крывёю — хто-хто, а яна і без слоў разумее, што на душы ў сяброўкі: вагаецца, не можа супакоіцца Марыля, рашыць, разумна ці неразумна зрабіла, не прыняўшы Хведараву прапанову. Пэўна, каб не было яе, Клаўдзі, то і не адмовілася б...