Ледзьве выцягнула варажыць, калі наступіла купальская ноч. Марыля бы нечага баялася, бы нешта страхавіта-злавеснае было ў гэтай варажбе.
Сплялі чатыры вяночкі, пусцілі на затоку. Пастаяўшы трохі на беразе, пайшлі дадому, каб з першымі промнямі сонца прымчацца сюды, з заміраннем сэрца глянуць... Марыля ішла назад нейкая задумлівая, маўклівая, бы хворая. Як ні намагалася разгаварыць, развесяліць яе — не удавалася. Клаўдзя ведала, бачыла, што глыжэ яе. Давёўшы да самага дома, Клаўдзя прытаілася ля плота, пачакала, пакуль яна ўкладзецца спаць, і, пераканаўшыся, што Марыля аціхла, кінулася назад да затокі.
На рацэ было свежа і ціха. Амаль на поўначы дагарала, адлюстроўваючыся ў затоцы, цьмяная вячэрняя зараніца, якая ў купальскую ноч не паспявае патухнуць — рухаецца па паўночным небасхіле з захаду на ўсход, каб самкнуцца з ранішняй, нарадзіць ружовае сонца.
Клаўдзя распранулася, бязбоязна пайшла ў ваду, звяла Марылін і Паўлаў вяночкі, хацела нават для надзейнасці, каб не разышліся, злёгку звязаць, але перадумала: а раптам Марыля ўбачыць падман! Зблізіла, непрыкметна счапіла кветачку за кветачку...
Раніцой, убачыўшы вяночкі разам, Марыля войкнула, ногі ў яе падкасіліся, безданаможна асела на бераг. Нейкі час сядзела ў глыбокім аняменні, нотым упала тварам на зямлю, зайшлася горкімі, няўцешнымі слязьмі.
Збянтэжаная, збітая з тропу Клаўдзя стаяла як укапаная, не ведала, што рабіць, чым суцешыць сяброўку, праклінала сябе за сваю неразумную выдумку...
Гэта была іх аношняя наіўная варажба у купальскую ноч...
А ўсё ж не бывае так, каб чалавек прапаў бясследна. Рана ці позна, а ўсё роўна знаходзяцца нейкія канцы, дакочваецца рэха. Праз дваццаць гадоў — летам шэсцьдзесят пятага — прыйшла вестка і пра Міколу, Паўла, У Калінінградзе, былым Кёнігсбергу, дзе вясною сорак пятага былі жорсткія баі, бульдозер расчышчаў пляцоўку пад нейкую будоўлю і патрпіў на старыя засыпаныя скляпенні, у абвалах якіх знайшлі астанкі дзесяці нашых байцоў. Сярод іх, мяркуючы па сатлелых дакумептах, а таксама па запісках у гільзах з прозвішчамі, імёнамі, хатнімі адрасамі, былі Мікола і Павел.
Ездзілі з Марыляй на пахаванне. Былі труны на артылерыйскім лафеце, ганаровы вайсковы каравул, духавы аркестр, шмат народу, мітынг, прамовы, у якіх Міколу і Паўла называлі героямі, мужнымі сынамі беларускага народа, былі залпы халастымі патронамі...
Пахавалі іх у брацкай магіле, дапісаўшы імёны на прыгожым мармуровым помніку. Спачатку яны хацелі забраць і пахаваць у вёсцы, але адгаварылі: хай ляжаць, дзе загінулі, хай на іх прыкладзе выхоўваюцца новыя пакаленні. Падумалі і згадзіліся: мо і праўда, хай ляжаць усе разам. Калі доля іх усіх дзесяцярых звяла разам у тым падвале — навошта разлучаць. Ды і паспрабуй угадай, каторы з іх Мікола і Павел...
Гэта добра, што знайшліся, што ёсць магіла. У кожнага чалавека павінна быць свая, хай сабе і брацкая, але свая, магіла на зямлі, куды родным, сваякам, пакуль жывыя, можна з’ездзіць на раданіцу, пакласці кветкі, памянуць добрым словам. Добра, канечне, што золатам высечаны імёны. Як кажуць, нішто не забыта, ніхто не забыты... Толькі ці лягчэй стала жыць пасля гэтага ім, удовам, што спадзяваліся, чакалі гэтулькі гадоў? Цяжка сказаць... 3 аднаго боку, можа, і лягчэй: прыйшла нарэшце поўная яснасць, з душы спаў пакутлівы цяжар чакання і няведання, аддадзена належнае, ушанавана памяць... А з другога... 3 другога боку — нечакана са здзіўленнем і смуткам сталі адчуваць, што раптам нешта абарвалася, перайначылася ў іх жыцці, прыходзіла разуменне, што ім стала не хапаць таго звыклага, застаялага, як хранічны боль, цяжару няведання, бо ўсё ж ён меў у сабе нейкае цяпельца, дзе тлелі, хай сабе з гадамі ледзь-ледзь, але ўсё яшчэ тлелі слабенькія вугельчыкі веры і надзеі. Наўрад ці прасцей і лягчэй жывецца чалавеку, калі ў яго душы патухаюць апошнія вугельчыкі веры і надзеі. Хоць і яна, Клаўдзя, і, па ўсім відаць, Марыля, і самі сабе палохаліся прызнацца, але з гадамі міжволі ўсё часцей і часцей сталі прыходзіць невядомыя раней здрадлівыя думкі, што марна чакалі, марна загубілі-патрацілі маладыя гады, калі можна было хоць як уладкаваць сваё бабскае шчасце, хоць як скрасіць сваю невясёлую ўдовіну долю.