Выбрать главу

— Нічога, Антоська, — самотна ўздыхала Клаўдзя. — За гэтыя гады намахалася і з левага, і з правага. Чаго цяпер глядзець...

Не так проста адгаварыць Антося, калі ўвапрэцца ў што. Перасек, перакалоў усе дрэвы, а яна яму ўзялася мыць бялізну.

Па вёсцы пайшлі жартачкі-кепікі.

— Клаўдзя, ці не прымака ты сабе прыдбала?

— А чаму б і не? — аджартоўвалася яна.— Што, я ўжо такая старая-нікудышняя? Я яшчэ — ого! Як у тых прыпеўках: «Прыхадзіце сватацца, я не буду пратацца»...

Падпускалі кепікі і Антосю. Неяк сусед Мікола шматзначна падміргнуў:

— То калі, дзядзька, у сваты пойдзем?

Антось пад старасць быў не дужа ахвотнік да розных жартачак, асабліва — да такіх. Разнерваваўся, зазлаваў, глянуў на Міколу строга і сурова:

— Цьфу, блазен!

Але калі праз нейкі час Мікола на поўным сур’ёзе пачаў разважаць, чаму б і на самай справе ім, старым, адзінокім людзям не сысціся ды дажываць свой век разам, Антось паставіўся да яго слоў уважна, з цікавасцю. Адчувалася, падобныя думкі яму і самому прыходзілі ў галаву, больш таго — дужа непакояць яго. Павагаўшыся, Антось нясмела, крадком запытаў:

— А што людзі скажуць? Як ты думаеш, Мікола?

— Палахняць ды сціхнуць! — з рашучай упэўненасцю супакоіў яго Мікола.— А што да таго людзям? Абы вам добра было.

Па сваёй наіўнаватай прасцякаватасці Мікола, канечне, і ўявіць сабе не мог, колькі і якіх кашалёў будзе наплецена вакол Антосевай і Клаўдзінай жаніцьбы, калі можна назваць жаніцьбай тое, што двое старых адзінокіх, на схіле дзён сваіх людзей без усялякага запісу сышліся, каб дапамагаць адзін аднаму, клапаціцца адзін пра аднаго, дажываць свой век пад адным дахам. Падобныя падзеі не так часта здараюцца ў вёсцы, і, само сабой зразумела, яны не могуць прайсці незаўважанымі, не даць падставы людзям паапярэзвацца языкамі.

Па-рознаму была ўспрынята ў вёсцы гэтая незвычайная навіна. Маладзейшыя з уласцівай маладым катэгарычнасцю сцвярджалі, што Антось і Клаўдзя з’ехалі да ручкі, на старасці год падзяцінелі, павыжывалі з розуму. Старэйшыя людзі не спяшаліся з такімі катэгарычнымі высновамі, ставіліся з разуменнем, толькі дзівіліся, што маладзейшая на гадоў пятнаццаць-дваццаць Клаўдзя згадзілася надзець сабе на шыю такі хамут. Знайшліся і такія, хто спадцішка гундосіў, быццам Клаўдзя намерылася прыбраць да рук Антосеву маёмасць, але іх ніхто ўсур’ёз не прымаў: каго-каго, а западозрыць Клаўдзю ў цёмных карыслівых намерах можа толькі апошні сквалыга і зайздроснік. Клаўдзя і сваё каму хочаш аддасць, апошняй макулінкай падзеліцца. На якую трасцу ёй Антосева гаспадарка, калі сваёй няма каму пакідаць.

Але не забароніш людзям плявузгаць.

Антось, здаецца, і на самай справе нічога не заўважаў, нічога не чуў. Клаўдзя гэтаксама рабіла выгляд, што нічога не чуе, нічога не заўважае, хоць прыкідвацца глуханямой, канечне ж, ёй было няпроста. Каб жыла Марыля, вядома, і ў галаву не прыйшло б сыходзіцца з адзічэлым Антосем. Нават пасмяялася б з такой задумы. Хоць, па праўдзе кажучы, не першы год балела душа, гледзячы, як ён мучыцца адзін. Па ўсім відаць, і на Палессі, куды ездзіць зімаваць, яму нясоладка, холадна. Ды што казаць: не сагравае чалавека чужое неба, чужая, хай сабе і доччына, хай сабе поўная дастатку, хата. Гэтага мала для старога чалавека. Старога чалавека і родныя сцены саграваюць...

У Клаўдзі Антось, здавалася, памаладзеў, аж ззяў-свяціўся знутры і звонку. Мо гэта надта ж кідалася ў вочы, што быў ён заўсёды нязвыкла чысты, паголены, прыбраны, як на свята, што былую нелюдзімасць і панурасць з яго як рукой зняло. Усе глядзелі на гэтыя змены, як на якое дзіва. Яны, гэтыя змены, канечне ж, не маглі не даваць падставы-зачэпкі для розных жартачак-кепікаў, без якіх не абыходзіцца, калі збіраюцца так сабе мужчыны, асабліва як трапляе ў кампанію вясковы вастраслоў, на якога, што б ён ні казаў, ніколі ніхто не злуецца.

— То, як там у цябе, Антось, па маладой часці? — цвялліва «пад’язджалі» да яго.— Ці скора на хрысціны паклічаш?

— А думаеш, я такі зломак, як ты? — не палез за словам у кішэню Антось і тут жа пачаў выдаваць жартаўніку такое, ад чаго прысутныя аж поўзалі са смеху, а пацвельвальнік і сам не рады быў, што зачапіў.

I гэта таксама было дзіва, бо ніхто не памятаў, калі апошні раз смяяўся-жартаваў пануры і нелюдзімы Антось, і, канечне ж, забыліся, што ў яго можа быць ого які востры язык: лепш не трапляй, не кладзі палец у рот — па локаць адхопіць.

I Клаўдзю пры Антосю гэтаксама бы хто падмяніў. То хадзіла ледзьве цягаючы ногі, а тут пажвавела, павесялела, усё вакол яго лагодненька: паеш, Антоська, адпачні, Антоська, не ўлягай гэтак, Антоська,— досыць таго сена, з калгаса дадуць, досыць тых дроў, на дзве зімы стане. Аднак чым настойлівей стрымлівала яна, тым больш свярбелі рукі да работы ў Антося, тым больш было яму няўлежна.