Выбрать главу

— І чаго гэта калгас павінен даваць, калі сам магу назапасіць,— казаў ён і тэпаў кожную раніцу дыбаць траву па хмызняках, прыдарожных канавах.

Каб не прасіць у брыгадзіра з-за нейкай дробязі каня, змайстраваў тачку на старых веласіпедных колах, вазіў адзін альбо ўдваіх з Клаўдзяй тое сена. Назапасілі — у гумно не ўмясцілася, два стажкі паставілі ў агародзе. А дровамі Антось напакаваў надпаветку, абклаў хлеў і гумно з усіх чатырох бакоў.

Адно, чаго не мог зразумець, з чым не мог змірыцца ён, была Клаўдзіна ўпартасць — і нагой не хацела ступіць, за вярсту абыходзіла яго сядзібу. Нават калі паспелі яблыкі, змушаны быў сам абіраць, падбіраць на зямлі і вазіць мяхамі да яе хаты, хоць, як ён лічыў, на добры розум, можна было сушыць і на месцы.

— Навошта, Антоська, каб людзі чорт ведае што думалі, языкамі мянцілі,— казала яна, не паддаючыся ні на якія ўгаворы.

Мяшочкі з сушкамі яна перадавала Антосю, строга наказваючы, каб усе да аднаго адсылаў па пошце сваім дзецям.

— То давай і тваёй Марусі пашлём — чаго гэта толькі маім? — не згаджаўся Антось.

— Не трэба! — рашуча пярэчыла Клаўдзя.— Нашто лішнія плёткі?

Антось чуўся ніякавата, бурчаў, злаваўся, нават спрабаваў лаяцца, але, у рэшце рэшт, каб не сварыцца, рабіў так, як яна казала...

Ім было добра разам, дваім адзінокім старым людзям, прыязныя, шчырыя адносіны скрашвалі, асвятлялі іхнія дні, сутонне іх жыцця. Сёй-той, здаецца, пачынаў зайздросціць ім...

Ды нядоўгім было іх трохі дзівакаватае, не ўсімі зразуметае, не ўсімі ўхваленае шчасце.

Неяк а другой палавіне дня ў суботу заявіліся Антосевы дзеці. Невядома, ці Антось сам ім напісаў, ці нехта з «добразычліўцаў» давёў да вушэй, але з'явіліся яны на дзвюх машынах усе разам, у адзін час. Пэўна, спісаліся альбо сазваніліся. Прыбылі Ганна з Алесем, Галя з Серафімавічам і Ніна са сваім Ігарам. Усе былі знерваваныя, змрочныя.

Патаптаўшыся ля замкнёнай на вялізны ржавы замок, запушчанай, урослай на вокны ў быльнёг і крапіву, бацькавай хаты, з прыгнечанай нерашучасцю рушылі да Клаўдзі.

Бацькі не было, і калі ён з’явіцца — Клаўдзя дакладна не ведала. I гаспадыня, і госці былі страшэнна збянтэжаныя гэтай сустрэчай, не ведалі, што рабіць, што гаварыць. Хоць, пэўна, і гаварыць нешта не было ніякай патрэбы — выразней за ўсялякія словы гаварылі позіркі...

Канечне ж, Клаўдзя і не думала, і не спадзявалася, што Антосевы дзеці адразу зразумеюць, адразу ўхваляць бацькава і яе рашэнне, але і сустрэць такую адкрытую, зацятую, глухую варажнечу гэтаксама не чакала. Нешта сцялася, анямела ў яе душы. Даўно, бадай, ніколі яшчэ яна не адчувала ў сабе такую разгубленасць, бездапаможнасць. Яна лічыла сябе галоўнай віноўніцай і, здаецца, пачынала шкадаваць, што увязалася ў гэтую гісторыю: трэ было ўзважыць усё як след, ва ўсякім разе — не рабіць без ведама Антосевых дзяцей. А то пра сябе дбалі, а пра дзяцей, як яны паставяцца да ўсяго — не падумалі, не дадумалі да канца. У іхнія гады пара быць разумнейшымі, абачлівымі...

Здаецца, вечнасць доўжылася гэтае няёмкае, нядобрае, гнятлівае маўчанне, і ніхто не ведаў, як яго парушыць.

— Дом хочаш царапнуць, старая ведзьма! — нарэшце без усялякіх дыпламатый боўтнуў Нінін муж — Ігар. Ён перад прыходам сюды ўпотай ад усіх каўтануў за цесцевым хлявом для храбрасці з паўпляшкі «чарніла», закусіўшы рукавом, і зараз тое «чарніла» пачало надаваць смеласці.— Во даеш, старая карга!..

Гэтая грубая, крыўдная няпраўда, хай сабе і з вуснаў п’янаватага Ігара (што ў цвярозага ў галаве, тое ў п’янога на языку) балюча торкнула Клаўдзю, але — во дзіва! — ніколечкі не абразіла. Мо нават наадварот — узрадавала. Ды во, аказваецца, пра што ў іх увесь клопат! А яна-то думала...

— Нашто мне ваш дом? — спакойна і разважліва сказала Клаўдзя, адчуваючы, што да яе вяртаецца ўпэўненасць, яшчэ нешта такое, што ўзнімае яе над імі, дае маральную перавагу.— У мяне свой ёсць — не горшы...

— Э-ге-е, не хітры-ры-ы... — п’яна пагразіў пальцам Ігар.— Я-я цябе-е наскр-ро-о-зь ба-чу-у. Ы-ы-эге...

— А чаго мне хітрыць?.. Во перабірайся — і жыві. Што там салодкага знайшоў у сваім раёне? Рабочыя рукі і тут патрэбны. Хочаш, бацька хату на цябе перапіша? Пераязджайце — і жывіце на здароўе...

Ігар змоўк, лыпаючы асалавелымі вачыма. Цяжка было зразумець, ці да яго не дайшоў сэнс Клаўдзіных слоў, ці вагаецца: даваць ці не даваць ім веры? Нарэшце нешта прабілася-прабліснула ў яго затуманенай галаве, хісткім крокам рушыў да Клаўдзі: