— Ну-у й цётка! Ну-у, ма-ла-ток! Да-ай я цябе па-ацалую...
— Сядзь, алкаш! — са злосцю схапіла за каршэнь, пацягнула назад яго Ніна, і Ігар паслухмяна асеў на лаву, мармычучы нешта невыразнае.
П’яная Ігарава выхадка шакіравала ўсіх, змусіла ўставіць вочы долу, адчуць сябе як голыя ў крапіве.
— То пакладзіце яго на ложак — хай трохі падрэме,— са спагадаю параіла Клаўдзя.— I самі прысядзьце, чаго стаяць... Я зараз на стол збяру, нябось, прагаладаліся з дарогі...
Мяккі, зычлівы Клаўдзін голас клікаў да міру і паразумення, абяззбройваў, і гэта занепакоіла, бо кожны адчуваў, што варта толькі сесці за стол — і... Садзіцца тут за стол было б для іх вялікай ганьбаю.
— Не нада! Мы сыты! — напятым металічным голасам спыніў яе Галін муж — Эдуард, то знімаючы, то зноў навешваючы на нос акуляры, што выдавала яго хваляванне. — Не радзі этого мы здзесь...
— Да-да! — рашуча падтрымала мужа Галя, змераўшы Клаўдзію з ног да галавы пагардлівым позіркам. — Эдуард Серафімавіч прав: не для этаго мы здзесь.
Эдуарда за яго важнецкі начальніцкі выгляд нават старыя людзі ў вёсцы клікалі па імені і бацьку, хоць ніхто толкам не ведаў, у якіх начальніках ён ходзіць. Прыстойна кланяліся, а ў душы і за вочы насмейваліся — нейкая ўстойлівая антыпатыя была ў вяскоўцаў да гэтага чалавека. Серафімавіч, канечне, і не здагадваўся, што столькі гадоў ён тут гуляе з мянушкай "Антосеў гусь". Непрыязь да Серафімавіча ўзнікала нават тады, мо, нават — асабліва тады, калі ён пачынаў падладжвацца пад над народ, паляпваць вяскоўцаў па плячы, іграць ролю гэтага прасцяка і дэмакрата. Акцёр з яго быў неважнецкі — як шыла з мяшка, выпіралі няшчырасць, халодная паблажлівасць, самазадаволенасць з вечна скептычнай ухмылачкай, і гэта яшчэ больш адштурхоўвала людзей, рабіла яго вечным аб'ектам для перадражнівання, з'едлівых кепікаў. Як, дарэчы, і Галю: абое — рабое.
Толькі чалавеку абмежаванаму, аслепленаму ўласнай значнасцю здаецца, што вясковыя людзі з-за сваёй сціпласці, прыроджанай пачцівасці да гасцей і чужых людзей нічога не заўважаюць, ні пра што не здагадваюцца, усё даруюць. Ого, як бачаць, як здагадваюцца! Злёту ўгледзяць, што ты за птах, чаго варты, на свой аршын прымераюць тваю існасць.
Калі жыла Антосіха і было што пацягнуць, Галя са сваім Серафімавічам бывалі на машыне ледзь не кожныя выхадныя, а як бацька застаўся адзін, перестаў трымаць карову, гадаваць кабанчыкаў, вырабляць пальцам пханую калбаску, сушыць кумпячкі і палянгвічкі — у момант забылі дарогу, у момант прайшлі любоў і клопат, А існасць убачылі і ацанілі яшчэ раней — калі яны прыязджалі сюды ледзь не кожны тыдзень. Бывала, згорбленая Антосіха гачкуе дзялку, а расфуфыраная дочачка з зяцем ляжаць на лужку ўверх голымі пузамі, загараюць, адпачываюць пасля цяжкай разумовай працы. Надзёўбаўшыся, старая доіць карову, гатуе прысмакі, а яны яшчэ насамі круцяць: гэта не даспадобы, тое — не так, крывяцца, скоса паглядваючы на парэпаныя матчыны рукі. Серафімавіча яшчэ як-кольвек маглі зразумець вясковыя людзі: ён чалавек чужы, гарадскі, да сялянскай працы непрыдатны. А каб Галя, якая тут вырасла, можна сказаць, з гною вылузалася?!
Да Галі ў іх свая мерка, свой рахунак і куды большая непрыязь, чым да яе важнецкага мужа. Нават кепікі, якія адпускаюцца тут на Галіну долю, удвая-ўтрая зласнейшыя, чым тыя, якімі адорваўся яе Серафімавіч. Здзекуюцца вяскоўцы больш за ўсё з Галінай ганарыстасці, пагарды да ўсяго тутэйшага, вясковага, з яе да пацешнага ненатуральнай гарадской вытанчанасці, напятай, як маска, з-пад якой, як ні хавай, а вылазіць звычайная дурнаватая вясковая баба. Пра такіх здаўна кажуць: не дай бог свінні рог, а мужыку — панства.
— Ведаю, канечне, што не гасцяваць вы сюды прыехалі... — ціха і трохі адчужана сказала Клаўдзя.— А мо ўсё-такі сядзем за стол, як у людзей заведзена?
— Нам некагда расседжвацца! — сцяла нафарбаваныя вусны Галя.— Давайце к дзелу!
— Ну, што ж, давайце к дзелу, калі так няймецца... — разважліва згадзілася Клаўдзя. — Ці мо ўсё ж пачакаем бацьку? Як жа гэта без бацькі гаварыць?
— I праўда, давайце пачакаем бацьку,— нечакана падтрымала яе Ганна, якая дагэтуль не вымавіла ні слова. — Без бацькі якая гаворка... — Адчувалася, ёй было не па сабе і перад Клаўдзяй, і — асабліва перад мужам, якога тут, у вёсцы, дужа паважалі за кемнасць, спакойны, разам з тым вясёлы характар, уменне сыходзіцца, пагаварыць з людзьмі, лічылі за свайго, звалі проста — Алесь.
— А чаго чакаць?! — бліснула на Ганну нядобрым позіркам, як на здрадніцу, дэзерцірку, Галя. — Няма чаго чакаць: жанішок усё роўна недзееспасобны. — Павярнулася, шукаючы падтрымкі, да мужа: — Правільна я гавару, Эдуард Серафімавіч?