— Совершенно верно! — на ляту падхапіў Серафімавіч.— У старыка — палнейшый старчэскій маразм. Он не отвечает за своі дзействія.— Пагразіў пальцам Клаўдзі.— Учціце: дзело будзеце імець з намі — его наследнікамі і апекунамі!..
Гэтая Серафімавічава нетактоўнасць да бацькі непрыемна ўразіла ўсіх, асабліва — Ганну, нават Ніну. Алесь скрывіўся, як ад зубнога болю. Было відаць, што ён ледзьве стрымліваецца, каб не сказаць-рубануць швагру тое, што ён заслугоўвае за яго «старчаскій маразм», аднак зрабіць гэта яму, мусіць, замінала толькі тое, што прыехалі сюды не для таго, каб лаяцца між сабою.
— Якое дзела, Серафімавіч? Пра што ты гаворыш? — захвалявалася Клаўдая. — Калі пра хату, то я ж сказала: забірайцв на здароўе! Забірайце — яна нам не патрэбна. Перабірайцеся каторы ды жывіце на здароўечка. А не хочаце перабірацца, жыць у вёсцы — прадайце... — Паглядзела з дакорам: — А пра бацьку так няможна, Серафімавіч. Грэх так пра бацьку...
Серафімавіч нервова праціраў хусцінкай акуляры, то навешваючы, то знімаючы іх. Рукі ў яго злёгку дрыжалі. Здаецца, ён сам разумеў, якую даў прамашку, ляпнуўшы... Але слова — не верабей...
I зноў які ўжо раз у хаце павісла насцярожанае, гнятлівае маўчанне. Нават агрэсіўная Галя прыкусіла язык. Па Ганніным твары пайшлі чырвоныя плямы, што сведчыла пра крайнюю ступень няёмкасці і сораму, які яна зараз адчувае. Ніна пазмрачнела, прысела на лаву. Алесь не вытрымаў — пайшоў на вуліцу пакурыць. Клаўдзя хвалявалася, не ведала, куды падзець свае цяжкія, загрубелыя рукі. Адзін Ігар, прысланіўшыся да сцяны, кляваў носам, нічога не заўважаючы, нічога не разумеючы.
Цяжкае маўчанне доўжылася і доўжылася, згушчаючыся, асядаючы гнятлівым змрокам.
— Цётка... — нарэшце не вытрымала Ніна, прымірэнчым, здранцвелым голасам пачала паварочваць гаворку ў іншае, спакайнейшае рэчышча. — Устыдна, дальбог, устыдна...
— А то не ўстыдна! — пагадзілася Клаўдзя, яшчэ раз змерала Серафімавіча дакорлівым позіркам.— Серафімавіч, відаць, не падумаўшы гэта сказаў...
Серафімавіч маўчаў. Ён не прывык пры людзях прызнаваць свае памылкі, нават калі рабіў відавочнае глупства.
— Вядома ж, не падумаўшы... — выручыла яго Ніна.— Але я не пра тое, цётка... — Як гэта вы-ы на старасці гадоў... Устыдна! 3-за вас і нам усім сораму не абабрацца...
Клаўдзя разумела, што рана ці позна давядзецца гаварыць з Антосевымі дзецьмі, і не цешыла сябе, што гэтая гаворка будзе простай, лёгкай. Яна рыхтавалася да сустрэчы з Антосевымі дзецьмі і баялася гэтай сустрэчы. Каб яны пачалі адразу, як яна думала, з таго, з чаго пачынае цяпер Ніна, Клаўдзя па-чалавечы зразумела б іх, зрабіла б усё, каб і яны змаглі хоць як-кольвек зразумець і яе, бацьку, зразумець, што і ў іх, старых, ёсць свая праўда, ёсць сваё апраўданне. А яны пачалі вунь з чаго... 3 таго, пра што яна ніколі і не падумала, што і ў галаву ёй не магло прыйсці... Не пасаромеліся бацьку абразіць, яе, Клаўдзю, якая ўзяла на сябе, калі на тое пайшло, іхні клопат пра бацьку, ні пра што крыўдзяць сваім падазрэннем... Ды, па ўсім відаць, не бацька іх хвалюе, іх хвалюе, каб якую тысячу не ўпусціць. I яны яшчэ збіраюцца яе сарамаціць?!
— Ну, ён стары, дурны, а вы?! — між тым працягвала Ніна.— Што вы сабе думалі?! — Голас яе смялеў, набываў павучальныя і патрабавальныя ноткі.— Што вы сабе думалі, пытаюся?! Калі вам падабаецца, што з вас, а праз вас і з бацькі ўся вёска рагоча, то мы не жадаем, каб з нас і нашых дзяцей увесь свет пацяшаўся, каб пальцамі тыцкалі. Вы гэта спецыяльна зрабілі, каб нас зняславіць, спецыяльна! Як вам не ўстыдна, цётка?! Не чакала ад вас...
— А чаго ты чакала? — голасам з падазрона ветлівымі адценнямі спытала Клаўдзя, бязлітасна змерала Ніну, потым — Галю, яе Серафімавіча, па Ганне прайшлася толькі мелькам.— Вы чакалі, каб тут аднаго бацьку вошы з’елі? Каб ён тут адубеў адзін? Гэтага ты, Ніна, чакала?! А цяпер ты мне: «Усты-ыдна-а»... А табе не ўстыдна было, як стары бацька дзічэў адзін, гразёю ўрастаў?! Ты хоць раз прыехала, прыбрала, памыла? А язды-то той — сорак мінут аўтобусам... А табе, Галя, не ўстыдна?! Ты хоць які клопат пра бацьку праявіла? Хоць раз за лета прыехала, праведала, паглядзела, ці хоць жывы? Нябось, раней... — Запнулася, стрымалася, падумаўшы.— А вы мне цяпер: «Усты-ы-ыд-на-а»... То каму больш устыдна: мне ці вам, родным дочкам?! Што ён, ваш бацька, у мяне галодны, недагледжаны, у шмацці ходзіць?! Няма чаго мне ўстыдацца. Вы ўстыдайцеся...
— Цётка, што вы гаворыце?.. — не ўтрымала Ганна. Голас яе дрыжаў ад хвалявання, але быў разважны, нават вінаваты.— Можна падумаць, што толькі вы для бацькі дабра зычыце, вы адна дабрадзейка, а мы чорт ведае што...