— Не пра цябе гаворка, Ганна. Ты жывеш далёка, бацьку на зіму забірала, дачку летам прысылала, цябе ніхто не асудзіць. Я пра іх, пра Ніну і Галю...
Нейкае супярэчлівае, двоістае пачуццё раздзірала Ганніну душу. 3 аднаго боку, яна калі яшчэ не цалкам разумела, то спрабавала зразумець бацьку, Клаўдзю. Хто-хто, а яна бачыла, душа збалелася, бачачы, як ён нудзіўся, якая скруха-самота сушыла яго ў яе на Палессі, як ён чакаў вясны, каб вырвацца дадому. Што ні рабіла, як ні ўлагоджвала — нішто не памагала, нішто не магло вылечыць ад скрухі-настальгіі па сваёй вёсцы. I калі шчыра, як гэта ні горка, ён лепш сябе адчувае тут, з Клаўдзяй, якая клапоціцца пра яго. Але... Але гэта — кашчунства над памяццю маці. Чым можна апраўдаць гэтае кашчунства? Нічым... Гэта, у рэшце рэшт, пляма на іх, яго дзяцей: бацьку на старасці год аддалі ў прымакі... За старым, нямоглым бацькам даглядае зусім чужая жанчына... Гэта — усё роўна што сплавіць старога, нямоглага бацьку ў дом састарэлых... Што скажа яна, Ганна, сваім дочкам? Чаго пасля гэтага можа чакаць у старасці ад сваіх дачок?..
Антось прытэпаў з лесу з поўным кошыкам грыбоў. Яшчэ не наступіла залецце, грыбы толькі што пайшлі, таму браў усё, што траплялася: і лісічкі, і савячкі, пават сыраежкі. Праўда, усё ж падняў пару маладзенькіх баравічкоў, а гэта значыць: калі пастаіць цяпло ды яшчэ бог нашле добры цёплы дожджык-грыбасей — пасыплюцца па хвойніках, як гарох. Ото ж пачнецца...
Цяпер, калі адужаў усе неадкладныя справы, можна будзе пагрыбаваць, адвесці душу. Падабаецца ці не падабаецца Клаўдзі, але трэба сказаць: хай ходзе сушыць у яго хату — там печ здатнейшая. I... заўважыўшы дачок, зяцёў, анямеў, халадок пайшоў пад сэрцам. Мо схавацца, не паказвацца? Але было позна, яго ўжо заўважылі — пасыпаліся з хаты, рушылі насустрач. Збянтэжана таптаўся на месцы, акружаны імі, не ведаў, што сказаць, што рабіць з кошыкам — паставіць тут ці несці ў хату.
— Пойдзем дадому, тата, пагаворым...
Антось з удзячнасцю паглядзеў на Ганну:
— Добра, пойдзем...
— Да сваёй хаты! — заступіла дарогу Ніна.
— Што ж, пойдзем і да сваёй... Во толькі ключ вазьму.
Моўчкі стаялі ля плота, нецярпліва чакалі, а яго ўсё не было і не было.
— Не трэба было адпускаць,— не вытрымала Галя.— Мо эта ведзьма... — Змоўкла, убачыўшы, што бацька выйшаў з хаты.
Ён скінуў абшарганую світку, у якой хадзіў У лес, пераапрануўся ў новы касцюм, быў супакоены, упэўнены ў сабе:
— Пайшлі!
Усю дарогу панура маўчалі. Антось не хацеў першы падаваць голасу — чакаў, пакуль загавораць яны. Ён ужо, здаецца, не палохаўся, гатовы быў да гаворкі з імі.
Калі параўняліся з машынамі, Серафімавіч нечакана спыніўся, адамкнуў ключом дзверцы сваіх «Жыгулёў», мякка прапанаваў:
— Сядай, баця...
Антось запытальна глянуў на яго. Зяцевы вочы за шкельцамі акуляраў бегалі ва ўсе бакі. Яны былі насцярожаныя, фальшывыя, у глыбіні іх хавалася нешта нядобрае, аднак Антось рашуча і бязбоязна палез у машыну: падумаеш, яны мяне павучаць сабраліся!..
Побач з іы прымасцілася Галя, а спераду ля Серафімавіча сел Ігар. Ніна і Ганна селі ў Алесеву машыну.
Калі выехалі за вёску, Антось запепакоіўся: што гэта яны надумалі? 3 асцярогаю запытаў:
— То куды гэта едаем?
— Да Ніны, а там рашым куды: да нас ці да Ганны...
— Чаго мне да вас ці да Ганны? — не зразумеў Антось.
— Каб людзей не смяшыў! — суха сказала Галя.
— Што гэта значыць?! — патрабавальна і строга паглядзеў на яе бацька, усім сваім выглядам падкрэсліваючы, што такія штучкі яму не падабаюцца.
— Тое значыць, што хопіць бадзяцца сюды,— з’едліва мовіла Галя.— Хм, пры-ы-мачок! Куры дохнуць са смеху!.. Усё!
— Вы гэта ўсур’ёз? — усё яшчэ не верыў Антось.
— А то, думаеш, жартаваць ехалі... Рабіць нам, думаеш, няма чаго?
— Вы што, падурэлі?! — нервова замітусіўся Антось.— Спыні машыну, Эдзік! Выпусці!
- Сядзі, жанішок! — насмешлівым, разам з тым уладным голасам загадала Галя.
— Ану зараз жа спыніся, Эдзік! Што я табе кажу?! — раз’ярыўся Антось.— Спыні, а то зараз выскачу на хаду!
Серафімавіч вёў машыну, быццам глухі быў. Уцягнуўшы галаву ў плечы, быццам была небяспека атрымаць ззаду па карку, панура маўчаў Ігар. Нешта нядобрае, паскуднае было ў яго на душы.
- Ану-у, стой! — схапіў Серафімавіча за плячо Антось.— Стой, табе кажу! — Прыўзняўся, каб схапіць за руль.
- Ты што-о, ашалеў?! — вызверылася Галя, рыўком асадзіўшы бацьку на месца.— У аварыю захацеў?!
— Стойце! Сто-ой-це-е! — адчайна залямантаваў Амтось, кінуўся да дзверцаў.— Вы-ыска-ачу!..