Выбрать главу

Галя імгненна схапіла яго за рукі, балюча закруціла назад, цыкнула:

— Сядзі-і-і! — Націснула чорную кнопачку на дзверцах.

Антось яшчэ доўга рваўся да гэтай кнопачкі, крычаў, лаяўся, прасіў, але яго надзейна трымалі маладыя, дужыя рукі. Перакапаўшыся, што яму не звалодаць з гэтымі дужымі рукамі, не ўгаварыць па-добраму, неяк раптам аціх, бы смяртэльна стаміўся ад гэтай няроўнай барацьбы. Яму падалося, што нешта падобнае, калі адчайваўся ад сваёй бездапаможнасці, немагчымасці супрацьстаяць фатальнай грубай сіле, з ім ужо было. Гэтае забытае, але нечакана такое знаемае адчуванне змусіла напружыць памяць: дзе, калі было?.. У польскай дэфензіве, у астрозе?..

Ён невідушча глядзеў наперад, не бачыў, не ведаў, дзе яны, колькі прайшло часу. Міжволі, як адчайны крык, як рэзкі боль у сэрцы, вырвалася:

— Адкуль вы такія?! Чаму вы такія бессардэчныя?! Хто, што вас зрабіла такімі?!

Гэтае адчайнае пытанне наўрад ці было адрасавана ім, хутчэй — самому сабе, нікому, аднак Галя палічыла патрэбным адказаць:

— Сам выгадаваў...

Пад горла падкаціла спазма, самі сабой з вачэй пакаціліся, упалі на калені буйныя, як боб, горкія, як палын, слёзы роспачы і крыўды.

У вёсцы потым доўга гаварылі-абгаворвалі, як Антосевы зяці і дочкі выманілі бацьку ад Клаўдзі, сілком заштурхалі ў машыну, павезлі, не пайшоўшы нават у хату, не даўшы развітацца з Клаўдзяй. I двіва: ніхто не смяяўся, ніхто не строіў кепікаў. Усе ў адзін голас абураліся, асуджалі Антосевых дачок за ўчынены гвалт над старым бацькам.

Наступнай вясной Антось не вярнуўся са свайго выраю. Адны казалі, што занядужаў, другія — што не адпусціла Ганна, каб зноў не падаўся ў прымакі да Клаўдзі, трэція — што сам не схацеў ехаць, бо саромеецца глядзець у вочы вяскоўцам, перш за ўсё — Клаўдзі, саромеецца за сваю бездапаможнасць, саромеецца перад людзьмі за сваіх дзяцей. Мо былі і нейкія іншыя важкія прычыны — невядома, ніхто толкам нічога не ведаў.

Пляц, як заўсёды, выкасіў на сена сусед Мікалай. Заадно прыглядаў і за садам. Калі паспелі яблыкі і сталі ездзіць даўнія Антосевы пакупнікі — прадаў усё, апроч нікому непатрэбных падгнілых ападкаў, а грошы выслаў па пошце на Ганнін адрас. Усе да капеечкі, зрабіўшы ў пісьме поўную справаздачу, з каго і якія сумы ўзяў.

Нічога асаблівага за гэты год у вёсцы не адбылося, калі не лічыць, што пахавалі васьмярых старых людзей, нарадзілася трое дзяцей, нават адгулялі два вяселлі. У трох апусцелых хатах, якія купіў і адрамантаваў калгас, пасяліліся прыезджыя людзі. Адна сям’я добрая — і ён, і яна працавітыя, дзеці разумныя, паслухмяныя. 3 горада пераехала. У свой час, не падумаўшы, прадалі пасля смерці бацькоў хату ў суседнім раёне, а цяпер, нацешыўшыся ўдосталь горадам, пацягнула да зямлі, а ў сваёй мясцовасці няма жылля і не купіш, каб хацеў. Во і прыбіліся. Здаецца, нармалыіыя людзі, пакуль што да іх ніхто нічога не мае.

Затое дзве іншыя сямейкі — не дай бог. У адной п’янчугі, як ён, так і яна, гультаі несусветныя, цягнуць і прапіваюць, што пад рукі трапіць, што вочы нагледзяць. Брыгадзір стаў прыціскаць, патрабаваць работы, то, пабраўшы «чарніла», з нажом кінуўся. Каб не было поблізу мужчын ды не скруцілі і не адабралі нож, то яшчэ невядома, чым усё скончылася б: здаровы, як бык, шчуплага брыгадзіра падмяў пад сябе, бы якога падлетка. Цяпер арыштавалі, суда чакае. Вёска ўздыхнула з палёгкаю, бо чапляўся да кожнага, не глядзеў, хто перад ім — малы ці стары, на вуліцу вечарам страх было выходзіць.

Дзяцей шкада. Занядбалыя, запалохапыя, адзін — няшчасны. Галава вялікая, як цабэрак, сёмы годзік, скора ў школу, а яшчэ не гаворыць, толькі мычыць нешта, а вочы затуманеныя, нялюдскія. Кажуць, вырадзіўся такі, што па-п’янаму зроблены. Пасадзілі мужа, а яна за розум не бярэцца, п’е па-ранейшаму, дзяцей не глядзіць. Хто што дасць паесці — тым і жывуць. Нядаўна сход быў, рашылі накіраваць на прымусовае лячэнне, а дзяцей аддаць у дзетдом.

У другой сямейцы хоць і п’юць не так, на людзей з нажом не кідаюцца, але не лепшыя. Зануды — свет не бачыў. Усё ім не падабаецца, усім яны незадаволеныя: то трактар не той далі, то соткі не там выдзелілі, то брыгадзір да іх незаконна чапляецца, то школа мясцовая не даспаспадобы, давай такую, якую ім хочацца, а на ўсіх ім напляваць. Пішуць ва ўсе канцы, камісіі розныя ездзяць, і невядома, чым усё скончыцца. Усе ў іх кепскія, адны яны — харошыя, хоць крыльцы прырабляй. Людзі пры іх і гаварыць баяцца — кожнае слова бяруць на аловак, пераварочваюць, крэмзаюць свае паклёпы-даносы.

Канечне ж, добрыя людзі не кідаюць сваё, не бадзяюцца па свеце, шукаючы выгоду...

У вёсцы вельмі спачувалі Клаўдзі, як ніколі раней, ставіліся да яе з увагай. Пасля таго як Антосевы дочкі і зяці сілком забралі Антося, Клаўдзя неяк раптам здала, пастарэла, хадзіла як з крыжа знятая — не пазнаць. К зіме адна за адною сталі чапляцца да яе хваробы, а вясною, не прычакаўшы Антося, зусім занядужала, не мела сіл абрабляць не тое што соткі, а нават агарод. Усю сваю жывіну — курэй, гусей, парася параздавала далёкім сваякам і суседзям, карову прадала ў калгас, а сама злягла ў бальніцу. Здароўе яе то ішло на папраўку, то зноў нагаршалася. Пад восень, калі адляталі буслы, яе пахавалі на вясковых могілках побач з яе даўняй сяброўкан і такою ж, як яна, адзінокай удавою-салдаткай Марыляй...