Пра Антося больш як год ніхто нічога не чуў. Нават сталі патроху адвыкаць, як адвыкаюць ад нябожчыка. Сяды-тады, праўда, узнікалі пагалоскі, быццам і на самай справе ён ужо нежывы, пахаваны на Палессі. Але гэтыя пагалоскі як узнікалі, так і затухалі — ім мала хто верыў. Не верылі таму, што ніхто не ехаў да пустой Антосевай хаты. Звычайна, калі памірае гаспадар — наследнікі не марудзяць, не змушаюць сябе доўга чакаць...
Раздзел чацвёрты
У сярэдзіне мая, калі адцвілі сады, узялося цяпло, неспадзявана для ўсіх у вёску вярнуўся Антось. Яго цяжка было пазнаць: ссохся, згорбіўся, ледзьве валачыў ногі. Пройдзе крокаў дзесяць — і адпачывае, аддыхваецца, абапёршыся на кавеньку. I сляпому было ясна: не жыхар на гэтым свеце.
— I чаго ж гэта вы ўжо ехалі, дзядзька? — са спагадай пыталіся ў яго.— Вам у бальніцу трэба ехаць, а не сюды.
— Ніякая бальніца, ніякія дактары мне ўжо не памогуць... — самотна махнуў рукою Антось. — Паміраць прыехаў. Чалавеку непрыдатна паміраць у чужой хаце.
— От, гаворыце абы-што, дзядзька! — стараліся падбадзёрыць яго.~ Вам яшчэ жыць ды жыць!
— Чалавек мусіць ляжаць у сваёй зямлі, дзе яго пуп закапаны,— не зважаючы, цвердзіў сваё Антось.— Гэта асабліва пачынаеш разумець, калі твой час падходзіць. Мой час падышоў, браточкі...
Гэта былі, бадай, апошнія словы, якія чулі ад яго вяскоўцы. Ні з кім больш ні ў якія размовы не пускаўся. Калі нехта прыставаў з пытаннямі — незадаволена бурчаў альбо насуплена маўчаў, не слухаючы, бы гэтым адчужаным маўчаннем і хацеў сказаць: ідзі ты, чалавеча, сваёй дарогай, займайся сваёй справай, не было б табе большых клопатаў, чым пытацца ў старога чалавека, ці патрэбна яму якая помач, ці паеў ён, ці купіць чаго трэба ў магазіне, ці не прынесці чаго. Не хачу я ні есці, ні гаварыць, не трэба мне ніякай помачы, не трэба ў мяне нічога дапытвацца, бо ўсё роўна нічога не скажу. Нічога ўжо мне не трэба. Я стаміўся на гэтым свеце. I будзь ласкавы, не назаляй мне, чалавеча...
Нават калі з горада сталі ездзіць па яблыкі даўнія пакупнікі, Антось не кранаўся з месца, насуплена сядзеў на прызбе.
— Трасіце, бярыце колькі трэба... — абыякава казаў ён, на нейкую хвілінку выходзячы і тут жа зноў упадаючы ў глыбокую паўдрымотную апатыю.
Калі хто з іх шчыра альбо для прыліку спрабаваў пытацца ў яго пра здароўе, Антось хмурыўся, незадаволена пакашліваў, даючы зравумець: не совайся ты з пустым і нікчэмным, набірай яблыкаў ды едзь сабе падабру-паздарову...
Пакупнікам не падабаўся Антосеў настрой, у садзе яны адчувалі сябе няўтульна, ніякавата, быццам абкрадваюць старога, нямоглага чалавека. Хуценька напакоўвалі скрынкі, совалі Антосю грошы, на якія ён навят не глядзеў, а калі і глядзеў, то з нейкай невядомай пагардай, з цяжкім астоем на сэрцы знікалі, усю дарогу адчуваючы ў сабе незразумелае страхавітае пачуццё.
Антось нічога не рабіў, ні за што не браўся. У яго і сілы не было, каб нешта рабіць, за нешта брацца. Задуменна пасноўдаецца сюды-туды і зноў сядае на прызбу, у глыбокім одуме грэецца на сонцы.
Сядзіба яго, як ніколі, прыйшла ў запусценне. Хата па вокны ўрасла ў крапіву, быльнёг, ад чаго, здавалася, асела, скасабочылася. Усё тут патыхала халодным, нежылым духам. Нават старая рудая кошка некуды знікла — ці то здохла, ці хто забіў, а мо пабрыла за сваім дзікім патомствам у поле, у лес, дзе ёсць чым пажывіцца. Толькі буслы на старой ліпе, вывеўшы і паставіўшы на крыло двух маладых буслянят, яшчэ прыляталі ўсёй сям’ёю, каб усцешыць гаспадара сваім вясёлым і ўжо невясёлым — з сумнымі развітальнымі ноткамі — клёкатам. Антось дзівіўся, што яны тут яшчэ выводзяцца.
Сяды-тады хадзіў ён на могілкі. Сядзе сцішаны ля Клаўдзінай магілкі і нешта думае, невідушча гледзячы на трохі пачарнелы ад часу драўляны крыж з маленькім фартушком. Тут, на могілках, яго нібы хто падмяняў: быў нейкі ўлагоджаны, прасветлены знутры. Можна было падумаць, што менавіта цяпер ён спасціг нешта неспасцігальнае, дакрануўся да недаступнай, непадуладнай чалавечаму розуму існасці, узняўся над тлумам быцця, яго смешнымі, недарэчнымі клопатамі.