— Іх дзела маладое, дзядзька. Калі ўздумаюць сысціся і тут жыць, то і ў нас месца хопіць. А не схочуць жыць разам — пабудуюцца, калгас дасць...
— Не-е, Маня... Я ўсё ж перапішу...
— Дзядзька, дальбог, вы — як малы! I не ўздумайце людзей смяшыць!
— Ну, што ж... — цяжка ўстаў з лавы Антось. Адчувалася, ён трохі пакрыўдзіўся.— I на тым дзякуй. Дабранач.
— А мо ў нас пераначуеце? — замітусілася Маня.— А то вы нейкі...
— I праўда, дзядзька: заставайцеся! — падтрымаў яе Мікола.— Во, кладзіцеся...
— Ды не, пайду дадому...
Калі ён быў ужо ля парога, Маня ўбачыла на стале загорнуты ў газету скрутак. Здагадалася, спалохана кінулася наўздагон.
— Дзядзька, забярыце! Гэта ўсё ні к чаму... — Сілком сунула скрутак Антосю ў кішэню.— Калі спатрэбяцца, то-о... — Збянтэжана запнулася, злавіўшы яго скрушлівы пагляд, паспяшалася перакінуцца на іншае: — А ў хаце я вам прыбяру... I не таму-у... Выкіньце вы гэта з галавы...
— Дзякуй, Манечка. А грошы... — Паказаў на кішэнь.— Знойдзеце ў шуфлядцы... Толькі ўжо зрабіце па-людску, як прасіў...
Памёр Антось роўна праз тыдзень. Агледзела гэта Маня, выганяючы на досвітку каровы. Прахалода такая, росна, а ён сядзіць на прызбе, прысланіўшыся да сцяны. Адразу ж узнікла нядобрае прадчуванне. Аклікнула:
— Дзядзька! А дзядзька!
Не азываецца.
Падышла а ён халодны, упруцянелы.
Праз якую гадзіну ўся вёска ведала пра Антосеву смерць. Збіраліся людзі. Мужчыны занеслі нябожчыка ў хату, паклалі на ложак, сталі радзіцца, што і як рабіць далей.
Пахаванні ў вёсцы сёння не рэдкасць, і людзі ведаюць, што, дзе і як трэба рабіць. Кожны гатовы прыйсці на помач, узяць на сябе нейкі клопат, бо цябе за чалавека перастануць лічыць, калі не адклікнешся па такой справе. Але ўсё роўна непрадбачаных, неспадзяваных клопатаў і розных закавык заўсёды хапае. Перш за ўсё трэ было даць тэлеграмы Антосевым дзецям, а адрасоў, як на тую бяду, ніхто дакладна не ведае. Перавярнулі ўсё ўверх дном, ледзьве знайшлі старыя паштоўкі і канверты над шмаццём. У самай ніжняй шуфлядцы — бы знарок Антось засунуў іх туды, схаваў ад некага.
На пошце не хацелі прымаць тэлеграмы: трэба, каб была даведка ад доктара, а чамусьці нікому у галаву не цюкнула ехаць адразу па доктара. Сяк-так угаварылі паштарак, паабяцаўшы, што даведку прывязуць пасля, калі пабудзе доктар.
На бачным месцы ў шкапчыку знайшлі скрутак з грашыма. Пералічылі гуртам: без дваццаці рублёў тры тысячы.
Мікола на матацыкле паехаў у кантору выпісаць парсючка і бычка на памінкі, заадно папрасіць, каб далі машыну ехаць у горад купіць труну, вянкі, дамовіцца з музыкай, прывезці і адвезці ў пэўны час аркестрантаў.
3 Міколам у раён паехала і Маня, каб купіць для нябожчыка свежы чорны касцюм, кашулю, туфлі, бо ў сельмагу патрэбных не знайшлося. Заадно яны мелі намер прывезці і Ніну.
У Ніны нікога не было дома — ні калі прыехалі, ні ў абед. Падумалі, што яна паехала ўжо аўтобусам, атрымаўшы тэлеграму.
Уладкаваўшы ўсе справы, хуценька паехалі назад, не меўшы часу нават забегчы ў сталоўку. Прыехалі, аднак Ніны яшчэ не было.
Абмыўшы і прыбраўшы нябожчыка, кабеты сталі рыхтаваць памінкі, чакаць Антосевых дзяцей.
Першая назаўтра к абеду на машыне з мужам і дзвюма дарослымі дочкамі прыехала Ганна. Па дарозе яны заязджалі ў Мінск, каб забраць малодшую Ленку — дзедаву любіміцу, заадно купіць вянкі і сёе-тое для хаўтур.
Паплакаўшы ля труны, яны ўзяліся дапамагаць вясковым кабетам гатаваць стравы.
Ніну і Галю чакалі да позняга вечара, а іх чамусьці ўсё не было. Пачалі хвалявацца: што сталася? Няўжо не дайшлі тэлеграмы? Не можа быць. Да Ганны ж дайшла. Мо каб адрас зблыталі, але ж Ганна пацвердзіла, што і Макару, і Галі, і Ніне паслалі правільна...
Ганна ўсё намагалася ўспомніць Галін хатні тэлефон, кляла сябе, што не ўзяла запісную кніжку, дзе ёсць і тэлефоны, і адрасы з індэксамі. Нарэшце ўспомніла, на ўсякі выпадак нават запісала на паперцы, змусіла Алеся неадкладна заводзіць машыну і ехаць з ёю ў калгасную кантору пазваніць, даведацца, у чым справа. У канторы ў такі час, канечне, нікога не было, апроч вартаўніка. Паехалі шукаць і падымаць дзяўчат з бухгалтэрыі, каб адчынілі кабінет і заказалі тэлефон.