Лене гэтаксама больш за ўсё даспадобы гэтыя сціплыя сіненькія кветачкі. Нават у іх назве ёсць нешта цёплае, ласкавае, пяшчотнае: ва-сі-ль-кі, ва-сі-лё-ё-чкі... А яшчэ сям-там на Беларусі іх завуць — ва-лош-кі. Гэта яна адкрыла для сябе ў этнаграфічнай студэнцкай экспедыцыі. Пачуеш: ва-лош-кі — і патыхае спёкаю лета, пахамі жытнёвага пылку. Васількі-валошкі... Ёсць у іх нешта таемна-загадкавае, як светлы сум, як непадзеленае каханне, як любоў да роднай зямлі. Пэўна, гэта ад Максіма Багдановіча, для каго васілёк быў сімвалам Радзімы.
А паэту запала ў душу, як пяялі мо ракуцёўскія, мо і не ракуцёўскія жнейкі:
А вы дакарайце,
Толькі не журыце,
Ціха ўспамінайце
Васілёчкі ў жыце...
Пранізліва-шчымлівая мелодыя гэтай песні раптам узнікла ў яе душы, спачатку — ціха-ціхутка, потым пачала нарастаць, загучала плачам скрыпак, шматгалоссем хору, урачыстым харалам:
Ціха ўспамінайце
Васілёчкі ў жыце...
Мелодыя стала кранаць да спазмаў у горле, клалася на яе настрой, цалкам, да донца выказвала пачуцці, што цясніліся, не знаходвілі выйсця, пачуцці, якіх не магла зразумець, выказаць словамі ўсе гэтыя дні жалобы па дзеду. Журботная мелодыя праследавала яе, як сверб, пранізвала ўсю істоту:
Ціха ўспамінайце
Васілёчкі ў жыце...
Яна ўспамінала тое жыта, тыя васілёчкі, што бачыла — збірала, як хадзілі з дзедам тым летам па палях. Гэта было самае шчаслівае яе лета... Яна ўспамінала, а журботная песня гучала ў душы, была нечым накшталт музычнага фону, музычнага суправаджэння для тых светлых успамінаў, і ўсё разам набывала новую выразнасць, іншы сэнс, невядомыя раней адценні. Яна несла ў сабе гэтую мелодыю як нешта трапяткое, далікатна-крохкае, баялася спужаць яе, як палахлівую птушку, хацелася пабыць адной, мо нават паплакаць...
На могілках стаяла задумлівая, улагоджаная цішыня, якой не стрэнеш нідзе, апроч як на могілках. Во і свежая дзедава магілка! Вакол утаптана, рэшткі жвіру, наспех, абы-як пастаўлены-пакладзены шорсткія казённыя вянкі. Хацела паправіць, але нешта стрымала: папраўляць трэба, калі збяруцца ўсе. Пастаяла, паклала прынесеныя кветкі:
Ціха ўспамінайце
Васілёчкі ў жыце...
Мелодыя па-ранейшаму сачылася з падсвядомасці, свярбела, як пераспелая болька.
Побач была бабуліна магілка. Бабулю яна ўжо зусім не помніць, бачыла яе, як была яшчэ зусім малая. Магілка амаль што зраўнялася з зямлёю, урасла травой. Па ёй учора хадзілі. Нехта неасцярожна зачапіў патрэсканы цэментавы ломнічак, які паставіў дзед, і помнічак пахіліўся — во-во ўпадзе. Лена паспрабавала падняць, паставіць яго на месца, і ледзьве кранула — пасыпалася, палезла пластамі цэментавая тынкоўка, агаляючы праржавелую драцяную сетку. Пякельны сорам раптам апаліў яе сэрца. Гэта тут яе, Ленчына, бабуля, гэта ж родная маці яе маці, цётак Ніны і Галі, дзядзькі Макара! Як жа гэтак можна?!
Няўжо праз год-два тое ж будзе і з дзедавай магілкай?! Будзе, усё ідзе да таго, што будзе... Прададуць дзедаву хату, падзеляць грошы і забудуць, нават на раданіцу ніхто не прыедзе... Няўжо і яна, яго любая ўнучка, яна, на каго ён ускладваў свае лепшыя надзеі, гэтаксама вырачацца?..
Ёй хацелася няўцешна плакаць, нема крычаць ад роспачы, ад свайго бяссіля нешта змяніць, нешта перайначыць, аднак не плакала, не крычала. Думала. А чаму, уласна кажучы, яна не можа нічога змяніць, нічога перайначыць? Чаму, уласна кажучы, яна такая слабая, бездапаможная? Не-е-е! Яна можа быць і ўпартая, моцная. Нездарма ўсе кажуць, што ў яе дзедаў характар. У яе жылах цячэ дзедава бунтарская кроў. Дарма ты, дзед, сакрушаўся, што нарадзілася не хлопцам. Дзякуй табе, дзед, светлы і чысты чалавек, што запаліў у душы маёй святло, даў тое, для чаго варта жыць. На тваёй магіле клянуся, дзед, што святло тваёй душы я буду несці ўсё сваё жыццё, запальваць яго ў душах маіх будучых вучняў. I гэта не пустыя, гучныя словы, павер мне, дзед.
Не для таго ты...
Раздзел пяты
Галя з Серафімавічам на сваёй машыне прыехалі к абеду наступнага дня. Прыляцелі з Крыма яны яшчэ ўчора пад вечар, рашылі пераспаць дома, каб не ехаць на ноч. Вестка, што Галя, каго не проста стаміліся чакаць, а чаканне ўжо дайшло да кіпення, не надта спяшалася, была ўспрынята як непавага да ўсіх, як абраза кожнаму.
Аднак, каб не сварыцца, прамаучалі, перапальваючы абурэнне кожны ў сабе.
Для прыліку Галя трохі пахліпала, прыкладваючы хусцінку да сухіх вачэй, потым, не выказаўшы нават намёку, каб схадзіць на бацькаву магілу, заявіла, што хату і сядзібу пакіне сабе як дачу.