Макар глянуў на яе цяжка і хмура, пакуль што прамаўчаў, спадзеючыся, што скажуць сваё слова і без яго абсякуць гэтае нахабства, паставяць на месца сястру Ніна і Ганна.
Ганна ніяк не зрэагавала, бы не пачула, бы не зразумела, пра што гаворка. Затое Нініна рэакцыя была імгненнай і менавіта такой, якую ён чакаў.
— А чаму іменна ты? — адкрыта абурылася яна.— А чаму, напрыклад, не я, не Ганна, не Макар?
— Таму, што я — адна сярод вас гараджанка. Мне дача — во, пазарэз! — выразна правяла даланёю па шыі.
Салідны Серафімавіч згодна ківаў галавою.
— Цікава, цікава...— не хавала злой іроніі Ніна.— Толькі ты адна гараджанка... А я што, па-твойму, не гараджанка? Па-твойму, толькі табе дача патрэбна?..
— Знайшла мне горад — райцэнтр! — з былой упэўненасцю трымалася Галя.— Тая ж вёска! Толькі гразь жыжэй ды дамы трохі вышэй. Што, мо ў вас машын столькі? Мо хімкамбінат труціць?!
— Таварышы, таварышы! — улавіў агульны настрой Серафімавіч і кінуўся на падмогу жонцы, якая, на яго думку, дзейнічае занадта адкрыта, улабавую.— Я разумею вас, але і зразумейце і вы нас. У Галіны Антонаўны — вашай сястры — нікудышняе здароўе. Ёй дактары прапісваюць свежае паветра...
— Пачакай-пачакай...— перапыніў яго сёння зусім цвярозы Ігар.— А на вашай дачы, што пад горадам ля ракі, хіба мала свежага паветра?
— То якая там дача! — зніякавеўшы, махнуў рукою Серафімавіч.— Сабачая будка.
— Шэсць на шэсць даміна — і гэта сабачая будка? — занерваваўся Ігар.— Нішто сабе-е-е...
— Галя, гэта праўда? — здзівілася Ганна.
Галя прамаўчала.
- Таварышы, дарагія таварышы,— прымірэнча пачаў Серафімавіч.— Калі вы гэтак ставіце пытанне, то мы згодны на кампенсацыю...
— Якая ж твая будзе цана? — праявіў жывую цікавасць Макар.
- Ну-у...— падумаў Серафімавіч.— Па пяцьсот кожнаму наследніку: табе, Ганне, Ніне.
— Гэта ты ўсур’ёз ці ў насмешку? — з выклікам запытаў Макар.— Ты што, нас за ідыётаў прымаеш? Заплоціш паўтары тысячы, а заўтра загоніш за шэсць-сем кускоў? Даеш, швагер! Ці мо хочаш сказаць, што пераехаць сюды сабраўся?
— А чаму б і не? — агрызнуўся, абараняючыся, Серафімавіч.— Во выйду на пенсію — і пераедзем...
— Ды цябе сюды і калом не загоніш! — здзекліва сказаў Макар.— Не валяй дурня! Хіцер Зміцер, але і Ванька не дурны. Гані паўтары тысячы на нос — тады і гаварыць можна.
— За што?! За гэтую развалюху?!
— Тады заткніся і маўчы! — груба абсадзіў яго Макар.
На нейкі час павісла нядобрае, наэлектрызаванае маўчанне.
— Як вам не сорамна? — плаксівым голасам нарэшце парушыла яго Ніна.— Жывяце ўсе як у бога за пазухай — на сваіх машынах раскатваеце, толькі птушынага малака не стае ў кожнага, і вы-ы?! Пра мяне, малодшую, вы хоць падумалі? Вы падумалі, што ў вашай малодшай, пакрыўджанай лёсам сястры, апроч во гэтага апівошыны,— ткнула на мужа,— няма нічога, хоць шаром пакаці. I калі па-сумленнаму, па-сястрынску, па-брацку, то бацькава мне павінна застацца. Я была бліжэй за ўсіх вас да бацькі...
Калі напачатку Ніну слухалі, апусціўшы вочы, хто як, але адчуваючы ў яе словах праўду, то апошняе — пра блізкасць да бацькі — было пераборам, Нініным пралікам.
— Ты-ы? Бліжэй?! — абурылася Галя.— Ты хоць раз да сябе бацьку ўзяла?! Хоць раз прыехала, прыбрала, бялізну памыла?! Табе яшчэ Клаўдзя гэтым у нос тыцкала. Ды праз цябе і абсароміў тады ўсіх нас стары! А цяпер, бачыце, яна — гэтакая казанская сіротка, добранькая дочачка, яна бліжэй за ўсіх была да бацькі...
— А ты лепшая?! — імгненна прапала плаксівасць у Ніны.— Ты нават на пахаванне не прыехала, на магілку яшчэ не схадзіла, а ўжо распусціла свае рукі заграбушчыя. Каб не дзяліць дабро, то з месца не зрушылася б са свайго курорту...
— Ладна, хопіць! — прыкрыкнуў на іх Макар.— Паказалі свае апетыты — і досыць! Вы забыліся, што ёсць я, сын, прамы наследнік. Думалі, я дабравольна адкажуся ад сваёй долі? Шыш! Не хачу, як вы, заграбастаць усё, але і свайго, майце на ўвазе, не ўпушчу.
— Ну, а ў цябе-то якое права, апроч таго, што не сукенку, а штаны носіш?..
Зайшла Лена, і ўсе абачліва замоўклі.
— Лена, ідзі пагуляй! — хацела справадзіць адсюль дачку Ганна.— Вазьмі Олю, схадаіце на рэчку...
— А чаго вы ўсе такія надзьмутыя, злыя? — з наіўнай хітрынкай абвяла ўсіх позіркам Лена, не зрэагаваўшы на матчын загад.— Нябось, дзедаву гаспадарку ніяк не можаце падзяліць?..
— Я табе што сказала: ідзі пагуляй! — яшчэ настойлівей загадала Ганна.— Не твайго розуму тут справа...
— А чаму не майго? — з выклікам, упарта запытала Лена, рашучым жэстам адкінуўшы назад валасы.— I нікуды я не пайду!