— Табе што маці сказала?! — вызверыўся на яе Макар.
Лена не зрэагавала і на дзядзькаву грубасць, у вачах яе бліснулі энергічныя, задзірлівыя іскрынкі:
— Паслухайце мяне, наследніцу дзедавай спадчыны...
— Во! Аказваецца, яшчэ адна прэтэндэнтка аб’явілася...— з’едліва перапыніў яе Серафімавіч.— Ха-ха-ха!
— Так-так! Не смейцеся! Я — наследніца на дзедаву спадчыну...— з тым жа ўпартым выклікам, усхвалявана сказала Лена, і гэтае хваляванне надавала яе твару натхнёнасць, яшчэ большую прыгажосць.— Ды не палохайцеся — не на хату, не на грошы наследніца. На дзедавы думкі, на ўсё тое, чым ён жыў, я наследніца. На дзедаву духоўную спадчыну. Яна вам ні к чаму.— I, нібы спалохаўшыся свайго трохі патэтычнага тону, спакойна, але цвёрда, як пра справу для яе ясную, вырашаную, дадала: — Ведайце: я ўсё роўна сюды вярнуся. Скончу універсітэт — і вярнуся. Сюды, у гэтую школу вазьму накіраванне...
Ганна і Алесь глядзелі на дачку здзіўлена, насцярожана, разам з тым — здаецца, не без гордасці, маўчалі.
— То чаго ж ты хочаш? — паблажліва, з іроніяй звярнуўся да Лены Макар.— Каб табе хату пакінулі?
— Не трэба, дзядзька Макар... — з жалем глянула на яго Лена. — Я ўсё чула, што вы тут гаварылі. Хоць бы акно зачынілі, а то заўтра ўся вёска будзе гаварыць... Я хачу аднаго: каб вы чалавечай годнасці не гублялі, каб па-людску зрабілі...
— Ну-ну... — з тым жа недаверам, ужо не хаваючы іроніі, глянуў Макар.— То што і як, па-твойму, мы павінны зрабіць, каб было па-людску?..
— Прадайце хату і пастаўце дзеду і бабулі людскія помнікі...
Леніна прапанова была такой нечаканай, што ўсе заморгалі, здаецца, трохі пасаромленыя, што не ім, сталым людзям, а гэтай пігаліцы прыйшло такое ў галаву.
— Правільна! — падтрымаў дачку Алесь.
— А і праўда! — ажывіўся Ігар.— Малаток, пляменніца!
Галя і Ніна напята маўчалі, ледзьве хаваючы сваё супраціўленне, не рашаючыся пярэчыць адкрыта.
— Устами младенца глоголет истина...— кіславата ўсміхнуўшыся, глыбакадумна мовіў Серафімавіч.— Ідэя харошая. Я абедзвюма рукамі — «за». За сем-восем тысяч можна не памятнікі, а мемарыяльны комплекс адгрохаць... — Памуляўся, устаў і ўзнёслым, пастаўленым голасам пачаў: — Таварышы! Як я ўжо адзначыў: я дзвюма рукамі — «за». Ідэя благародная і гуманная. I тое, што яна сыходзіць ад прадстаўніка нашай слаўнай моладзі, лішні раз сведчыць, што маладое пакаленне расце дастойным нас, старэйшых пакаленняў. Ды, як вы ведаеце, маладосці ўласцівы максімалізм, з-за якога яна часта ўпускае рацыянальнае зярно, можна сказаць, з-за дрэў лесу не бачыць. Гэта можна сказаць і пра даны выпадак... Калі паразмысліць здрава, то гэта — недазваліцельная раскоша... Старыя былі людзі простыя, скромныя. Будзь яны жывыя — ні за што не блаславілі б такую недазваліцельную раскошу. Я думаю, што на матчынай магіле помнік яшчэ харошы, нада толькі паднавіць...
— Не-е, трэба два аднолькавыя,— не дала дагаварыць яму Ганна.— Той ужо зусім разваліўся. Калі ўжо рабіць, то рабіць... Урэшце рэшт — гэта бацькавы грошы.
— А я ўсё ж прапаную без пампезнасці,— стаяў на сваім Серафімавіч,— Хопіць і тых паўтары тысячы, што вярнуў Мікалай з памінак. Ва ўсякім разе, скінемся яшчэ па сотні-другой. А я бяру на сябе заказаць скромныя, стандартныя бетонныя помнікі.
— Ды гэтыя стандартныя, што праз год рассыпаюцца, мне хлопцы за дзве пляшкі зробяць,— уставіў сваё слова Ігар.— А калі яшчэ дзве пляшкі ды добрую закусь дабавіць - жалезную абгародку з блішчастымі набалдашнікамі зварганяць...— I цяжка было зразумець: ці ўхваляе ён шваграву ашчаднасць, ці здзекуецца з яго дробязнай сквапнасці, ці хоча сказаць, што Серафімавічу не ўдасца гэтак прымітыўна абжуліць усіх іх.
— Знаеш што?! — нечакана ўскіпеў Серафімавіч.— Калі табе, апроч пляшкі, апроч твайго «чарніла», нічога ў галаву не прыходзіць, то заткніся і не хрукай! Усякі п’янтос...
— П’яны — праспіцца, дурня — не вылечыш...— завучана сказаў Ігар і раптам гэтаксама ўзарваўся, кінуўся да Серафімавіча, схапіў загрудкі: — Ану-у паўтары, што сказаў?! Гэта я хрукаю?! Ды я табе за гэта зараз увесь твой шляхецкі лыч разукрашу!
Галя і Ніна, збянтэжаныя, напалоханыя, кінуліся разнімаць іх, але разняць было не так проста.
— Ану перастаньце! — грукнуў кулаком па стале Макар. — Зараз жа перастаньце!
Гэта падзейнічала: Ігар і Серафімавіч апусцілі рукі, люта глядзелі адзін на аднаго, як два заклятыя ворагі.
— Ану, дзеўкі, паехалі! — ускочыў у хату злы, як чорт, Алесь, які корпаўся ў машыне на панадворку і, мусіць, чуў, што тут рабілася. — Зараз жа паехалі! Яны тут адзін аднаму горла перагрызуць, як шакалы. Хай робяць што хочуць — ну іх к чортавай матары! Я вам забараняю лезці ў гэтае дзярмо! Паехалі! Далей ад граху, а то зараз буду біць іх морды...