Выбрать главу

На дварэ было месячна, зорна. Ніна і Галя ўклаліся ў Міколавай хаце. Макару і Серафімавічу не спалася на сенавале — бязбожна хроп Ігар, які ўпотай ад Ніны выжлуктаў на ноч пляшку «чарніла». Апроч таго, ніяк не хацела праходзіць нервовае ўзбуджэнне ад цяжкай і прыкрай гаворкі са старшынёй калгаса. Жыло, не давала спакою адчуванне, што прадзешавілі, што іх пакінулі з носам.

Моўчкі стаялі ля плота, асцерагаючыся гаварыць пра тое, што грызла абодвух.

— Слухай, швагер, а давай правучым, раз яны так, а? — нечакана прапанаваў Макар.— Ты пілу цягаць не развучыўся?

— А што? — не зразумеў Серафімавіч.

— Давай спляжым пару дрэў. А на астатніх збрубім кару, каб дасохлі. Хай будзе ім краса, ведаюць хай, дзе бананы растуць і дзе дурняў шукаць...

— А што! Давай! — не думаючы, згадзіўся Серафімавіч і адразу ж адчуў, як наплывае, напаўняе яго нейкая радасна-помслівая сіла — аж засвярбелі рукі.

Макар пайшоў у хлеў, выцягнуў з-пад страхі старую заржавелую пілу, якую нагледзеў яшчэ ўчора, паспрабаваў на палец:

— Нішто сабе, вострая...

Рашылі валіць ліпу, прыкінуўшы: хоць яна і таўшчэйшая, але трохі нахіленая, таму пілаваць будзе лягчэй і, пэўна, рухне — варта толькі падпілаваць напалавіну. К таму ж, мусіць, знутры трухлявая.

Піла лёгка ўпілася ў мяккае цела ліпы. I не заўважылі, як яна ўвайшла на ўсю вышыню ленты. Але, па меры таго як піла заглыблялася і змяншаўся разгон, цягаць рабілася ўсё цяжэй і цяжэй. Раз-пораз спыняліся аддыхацца на хвілінку, і зноў з нейкім сляпым апантаннем браліся цягаць пілу. Макар яшчэ нічога, а Серафімавіч без звычкі ўпрэў з галавы да пят, але не зважаў, не зусім умела, але з нейкім лютым імпэтам цягаў, цягаў, цягаў, апантаны жаданнем як мага хутчэй палажыць, знішчыць гэтую старую ліпу, быццам яна самы закляты яго вораг.

— Нічога, нічога,— падахвочваў Макар. — Гэта для цябе добрая фіззарадка. А то раніцой махаеш без толку рукамі... Во яшчэ трошкі — і пойдзе лягчэй. Галоўнае — дабрацца да асяродка...

Неўзабаве разгон зусім скараціўся: толькі некалькі сантыметраў туды-сюды. Справа рухалася марудна, стала стамляць да адчаю. Трэба было нешта рабіць. Вынялі пілу, Макар узяў тапор, зрабіў злева і справа ладныя зарубкі, каб хоць трохі павялічыць разгон.

— Ну, во, так лепей,— аддыхваючыся, суцешыў Макар.— Здаецца, во-во, так сказаць, экватар — дабіраемся да асяродка. Засталося нямнога... А, халера ж, здаровая, а я-то думаў — струхлела знутры...

Як толькі прайшлі асяродак, магутнае дрэва нібы ўстрапянулася ў перадсмяротнай сутарзе, зашумела ўсёй істотай, бы аднекуль наляцеў вецер, ледзь прыкметна падалося, расшырыўшы адтуліну, бы знарок падстаўляючы бок пад сталёвыя зубы пілы. Цягаць стала лягчэй. Неўзабаве нешта злёгку трэснула ў камлі, шчыліна пачала пашырацца, а піла ўгрызацца лёгка, як у масла.

— Яшчэ трошку, яшчэ трошку, — падбадзёрваў Макар, і ўмакрэлы Серафімавіч перастаў адчуваць стому.

Ліпа на імгненне застыла, пачала злёгку паварочвацца па восі, заціскаючы, прымінаючы пілу.

— Назад! — скамандаваў Макар, хоць Серафімавіч раней за яго адчуў небяспеку і ўжо адскочыў на ладную адлегласць.

Дрэва яшчэ трохі павярнулася па восі. Дзынкнула, як абарваная струна, піла. Ліпа на нейкае імгненне застыла, нібы рабіла апошнюю адчайную спробу ўтрымацца, зноў трывожна зашумела лісцём і стала хіліцца, падаць, хапаючыся сукамі за паветра, аддзіраючы ад камля тоўстую плашку. У сваім велічным падзенні на фоне зорнага неба гэтая аграмадзіна нечакана нагадала Макару казачнага мнагарукага волата, пра якога яму ў дзяцінстве баяў бацька. Успамін кальнуў шчымліва і тут жа знік...

Мікола прачнуўся, ускочыў з ложка ад незразумелага грукату, трэску. Нешта гухнула ў двары, што аж забрынчэлі шыбы. Кінуўся да акна: што ж там такое? Падобна, быццам нехта паваліў дрэва... Глянуў — і здзіўлена заморгаў: нібы глядзеў не са свайго акна, а невядома адкуль. Нечага не хапала, а чаго — не разумеў спрасонку. Чакай-чакай, а дзе Антосева ліпа?! Няўжо ліпу звалілі?! Але хто?! Каму яна спатрэбілася, у каго рука паднялася?..

Наспех нацягнуўшы адзежыну, кінуўся цераз агарод на Антосеў пляц. Магутная ліпа ляжала неяк бездапаможна на зямлі, яе сукаватая крона ўзвышалася над садам. Відовішча ашаламіла Міколу.