Выбрать главу

У вёсцы свой бяздротавы, безапаратны тэлеграф, і ўжо да сямі раніцы амаль усе ведалі, што адбылося ноччу на Антосевым пляцы. Калі ўсе гэтыя дні людзі ішлі да Антосевай сядзібы, каб памагчы хто як можа, развітацца з нябожчыкам, выказаць спачуванне дочкам, зяцям, Макару, унучкам, то зараз пацягнуліся невялікімі групкамі, у адзіночку, каб сваімі вачамі пабачыць, якое паскудства ўчынілі наследнікі, выказаць сваё абурзнне і асуджэнне.

Антосева хата нагадвала асаджаную крэпасць: дзверы былі зачынены на масіўную засоўку, вокны — на ўсе кручкі, старанна заштораны. Ледзьве стала віднець, як сюды сабраліся ўсе. Успаролі з сенавала нават Ігара, якога пасля выпіўкі не так проста ўспароць у такую рань. Ужо з шасці раніцы пайшлі людзі. Што толькі яны не гаварылі! Гаварылі так, што б было чутно ў хаце.

— На чорта вам была тая ліпа! — бубнеў, дакараючы Макара і Серафімавіча, Ігар. — Хоць бы ў мяне спыталіся, перш чым рабіць такую дурасць!

— Спытаешся ў цябе, калі насмактаўся свайго «чарніла» ды хроп, нібы рэактыўны самалёт, — абараняўся Макар. — А цяпер, бач, які разумны. Мо каб не хроп, то і мы спалі б...

Адчувалася, што яму і без Ігаравых папрокаў несалодка. Зараз ён гатовы быў вінаваціць усіх: і Ігара, і Серафімавіча, што не ўтрымаў, згадзіўся пілаваць, і Ніну, Галю, што не ўгледзілі, разлёгшыся, як пані, у Міколавай хаце, і нават д'ябла, які падбіў яго з Серафімавічам.

А пад вокнамі шумелі, крычалі, пагражалі парасквашваць нюхаўкі.

Перспектыва атрымаць па карку, канечне, не была выключана. Але не гэта больш за ўсё непакоіла. Гняло, наводзіла панічны страх іншае: ведаюць ці не ведаюць пра ўсё ў сельсавеце, у калгаснай канторы? О, каб не ведалі! Каб паспець аформіць, атрымаць грошы... А калі ведаюць? Дайшло калі? Што будзе? Як павернецца?.. І трэба ж было!.. І трэба ж было гэтай праклятай ліпе рухнуць на сад, паламаць гэтыя паршывыя яблыні! Канечне ж, будуць сароміць, чытаць мараль. Але каб толькі! Ад маралі ніхто не памёр, ад маралі карона не спадзе. Плакалі, пэўна, грошыкі. Рублёў трыста — чатырыста давядзецца яму выкінуць...

У Ніны, праўда, на гэты конт была свая думка, якую пакуль што хавала. Але калі настане час — маўчаць не будзе, адкрыта скажа: і мы-то тут пры чым? Макар з Серафіманічам натварылі — хай і расплочваюцца...

Але самым страшным здавалася: не дай бог уздумаць праводзіць расследаванне — клікаць міліцыю і сведак, складаць акт... Гэта значыць — давядзецца затрымацца... Перспектыва і, мяркуючы па ўсім, не такая ўжо нерэальная, затрымацца тут на суткі-двое, сядзець бязвылазна ў апастылелай нежылой хаце, нават спаць (не пойдзеш у такой сітуацыі да Міколы) у сценах, дзе яшчэ не выветрыўся дух нябожчыка, падсцілаць пад сябе лахманы, на якіх толькі што ляжаў ён, выклікала ва ўсіх панічны жах.

Ніхто з іх і не здагадваўся, адзін Серафімавіч ведаў і, мусіць, ад гэтага біў яго нейкі нервовы цік, душыла ікаўка, што ёсць, ва ўсякім разе — для яго асабіста, куды горшы паварот, чым бязглузда выкінуць тры-чатыры сотні, выслухоўваць натацыі ў сельсавеце, начаваць у нежылой хаце, дзе яшчэ пахне нябожчыкам. Ён зараз аддаў бы і паўтысячы, мо і ўсю тысячу, гатовы выслухаць любую абразу, спаць упокат хоць тыдзень на лахманах нябожчыка, абы сышло ціха, не паднялі скандалу, не прыпісалі самаўпраўства, злоўжывання службовым становішчам ды... не паведамілі на работу. Калі паведамяць на работу — гэта канец, апакаліпсіс. Шэф даўно шукае зачэпку, каб прыдрацца, скалупнуць з месца. А тут — гэтакі падаруначак! Такога падаруначка ён і прысніць не мог...

О, як зайздросціў зараз ён Ігару, Макару, Ніне, нават уласнай жонцы! Для іх было б найвялікшым шчасцем, каб у калгаснай канторы і сельсавеце нічога не ведалі пра яблыкі, пра ліпу, падпісалі купчую, выдалі грошы — і бывайце здаровы, жывіце багата. А для яго, Серафімавіча? Для яго такі варыянт — катэгарычна непрымальны. Цяпер не ведаюць, то к вечару даведаюцца. А з’ехаць ціхенька, атрымаўшы грошы,— гэта амаль гарантыя, што ўслед папаўзе фурманка-скарга... Праверка, разбор на сходзе, аргвывады... Не-е, лепш каб і ў сельсавеце, і ў калгасе ўсё ведалі. Тады ўсё ясна: можна пакаяцца, без лішняга слова выкласці тры-чатыры, а то і пяць соцень, хоць на каленях, але ўпрасіць, каб было ўсё шыта-крыта... Але калі яшчэ нічога не ведаюць? Як сказаць пра гэта самому?! Што прыдумаць?.. Словам, куды ні кінь — усюды клін...

Было, праўда, выйсце: прасіць у гэтага алкаголіка Ігара, каб узяў на сябе. 3 яго што возьмуць? Але язык не паварочваўся прасіць, апускацца да ўзроўню гэтага алкаша...