Выбрать главу

Пайшоў у сад. Спыніўся ля старой разгалістай ліпы з буслянкай на вершаліне. Гэтая ліпа была і мала чым змянілася з тых пор, як ён помніць. Дзед расказваў, што пасадзіў яе яшчэ яго дзед, які завёў борці. Ды пчаляр з яго не атрымаўся, пчолы прапалі, а ліпа засталася дзеля красы. Буслы на ёй пасяліліся пасля вайны. Тады шмат было бяздомных — і людзей, і птушак. Зацёг, прыладзіў старую барану — і яны тут як тут.

Задраўшы галаву, развітальна паглядзеў на самотную, сіратлівую буслянку, падумаў, што не бачыць больш яму сваіх буслоў, якіх па толькі яму вядомых прыкметах адрозніць ад сотні чужых. Вывеліся, паляцелі ў вырай. Прыляцяць вясною — а тут чужыя людзі. Пэўна, і не заўважаць, што няма яго, Антося... Не-е, быць такога не можа, каб не заўважылі. Бусел — птушка назіральная, разумная, адразу ж убачыць перамену... Каб хоць добрыя людзі трапіліся! А то раптам паселяцца якія злыдні: пачнуць ім замінаць буслы, трывожыць сон. Вунь у суседняй вёсцы купілі хату, пасяліліся дачнікі, то выйшаў на двор смаркач — і ў бусліху з драбавіка. Бачыце, не давала яму і яго кралі выспацца...

Супакаенне, якога ён шукаў на вуліцы, не прыходзіла. Наадварот, на душы рабілася яшчэ больш тужліва і трывожна.

Пэўна, новыя гаспадары пачнуць усё тут перайначваць па-свойму. I забудуць, а неўзабаве і вёска забудзе, што жыў-быў тут, пад гэтымі бярозамі і ліпамі, нейкі Антось, што жылі-былі тут яго дзяды-прадзеды. Пэўны час, канечне, будуць помніць — нагадваць будуць пляц, бярозы і асабліва — аграмадзіна-ліпа, якую тут усе кругом завуць Антосева. Але ненадоўга. Стануць зваць па імені новых гаспадароў. Некалі звалі дзедавым іменем — Мартынава, потым бацькавым — Максімава, ад бацькі перадалося — Антосева. А ён, гэты Антось, не пасеяў свайго насення, даў зачэхнуць яшчэ аднаму сялянскаму кораню. Колькі іх, гэтых спрадвечных сялянскіх каранёў, ужо зачэхла ў вёсцы, не дало тут усходаў?!.

А мо ўсё ж не зачэхнуць яго карані? Мо калі не з дзяцей, то хто з унукаў вернецца? Мо прабудзіцца ў іх цяга да вытокаў сваіх, да свайго роду-племені, як прабуджаецца інстынкт у птушак, у рыб, як абуджаюцца пасля зімовага сну раўчукі, рэкі? А мо яшчэ і Ганна перадумае, пераедзе сюды? На сваёй зямлі яно лацвей гаспадарыць, а яна ж — аграномка...

Тлее, яшчэ не патухла зусім у яго душы надзея, што Ганна ўсё ж вернецца. I няўжо сёння, падпісаўшы паперу, якую складаюць гэтыя людзі, ён назаўсёды адразае шлях для вяртання сюды і сабе, і, магчыма, Ганне, унукам, праўнукам? Няўжо адракаецца права вярнуцца сюды, дзе нарадзіўся, дзе ўсё такое да болю роднае, блізкае? Няўжо пазбаўляе сябе нават магчымасці быць пахаваным тут, у роднай зямельцы?!

Гэтыя думкі апяклі да слёз, да спазмы ў горле, вывелі з нейкага анямення, паўдрымоцця. Толькі цяпер ён пачаў да канца разумець рэальнасць і непапраўнасць таго, што робіць, што робіцца з яго згоды. Разгублена камечыў у руках шапку, потым схамянуўся, бы торкнуты токам, стрымгалоў кінуўся ў хату:

— Ганначка! Давайі пачакаем, не будзем прадаваць...

— Тата, вы што?! — сумелася Ганна.— Мы ж дамовіліся, людзі прыйшлі... — Яна паказала на камісію.

Камісія разгублена пераглянулася: во табе павароцік дык павароцік! 3 гэтымі старымі што з малымі...

— Не прадавайце, Ганначка-дочачка, Алеська-сыночак! Не прадавайце... — з роспаччу ўзмаліўся Антось.— Не прадавайце, пакуль жывы. Памру — тады рабіце што хочаце...

— А што мы Ленцы скажам?.. — спрабавала яшчэ раз націснуць на балючае Антосева месца Ганна, але ўбачыла ў бацькавых вачах такі боль і адчай, што самой захацелася заплакаць. — Ладна, тата, не будзем то не будзем... — Павярнулася да анямелай камісіі, развяла рукамі, ціха сказала: — Даруйце, што патурбавалі. Бачыце, бацькава воля... Ён тут гаспадар...

3 тых пор Антось кожную восень адпраўляўся зімаваць на Палессе да Ганны, а вясной разам з бусламі вяртаўся да свайго жытла. Жыў адзін, як на дачы, забыты ўсімі, нікому ні на што не скардзячыся, ні ад каго нічога не патрабуючы. Наадварот, быў, здавалася, вельмі задаволены сваім лёсам. Праўда, за вочы людзі нядобра гаварылі пра Антосевых дачок, асабліва — пра Галю і Ніну. Адной — гадзіна язды на машыне, другой — сорак мінут аўтобусам, а яны за ўсё лета і носа не пакажуць. Як гэта можна занядбаць так старога бацьку?

Адно лета да Антося прыязджала ўнучка Ленка. Усе свае студэнцкія канікулы прабыла ў дзеда. Нават звонку памаладзела, пахарашэла ў тое лета Антосева сядзіба. Ленка вымыла-вычысціла, падтрымлівала такі парадак, якому магла пазайздросціць самая руплівая вясковая гаспадыня. Антось аж свяціўся ад гордасці за ўнучку. Днём яны часта шпацыравалі па вёсцы, хадзілі ў лес, дзе паказваў ёй ягадныя і грыбныя мясціны. Іншы раз Ленка з мясцовымі дзяўчатамі і хлопцамі, а таксама з тымі, хто, як і яна, прыехаў пагасціць сюды на лета, выскоквала на сенакос. А вечарамі ладзілі танцы альбо спеўкі. Ленка ведала столькі песень — і сучасных, і даўніх, народных, што ўсе дзіву даваліся. Часцей за ўсё яна была запявалай. Як зацягне звонкім голасам: