Выбрать главу

Каля дзевяці раніцы, выбраўшы момант, калі нікога не было ля хаты, ціхутка шмыгнулі ў машыну і памчалі да сельсавета. Ніхто толкам не ведаў, бо старшыня калгаса, злы, занерваваны, учора на гэты конт нічога не сказаў, ці трэба быць усім, ці толькі некаму аднаму. Ніхто не хацеў заставацца, і паехалі ўсе пяцёра.

Варта было Серафімавічу сесці за руль, як яго ікаўку, што замучыла ўшчэнт, бы рукой зняло. Аднак у душы не было ніякага прасвету. Гняло, мучыла, паліла, што хочаш не хочаш, а ўсё ж давядзецца ўніжацца, прасіць Ігара ўзяць усё на сябе. Іншага выйсця ён не бачыў. Але як сказаць, як папрасіць? Хоць бы сам ці хто даўмеўся змікіціць, даць намёк! Нябось, як таргавацца, лішнюю тысячу для іх выбіць — то ён, Серафімавіч. А калі Серафімавіча трэба выручыць — усе такія нездагадлівыя...

Чакаць, што нехта здагадаецца, адцягваць ужо не было куды. Канечне ж, ён ніколі нізашто не дазволіў бы сабе такога прыніжэння, каб... Для яго гэта — пытанне жыцця і смерці! Аднак, толькі настройваўся, толькі набіраўся духу — і язык зноў і зноў прысыхаў да зубоў. Але цягнуць было немагчыма, упускаць апошні шанц было б найвялікшым глупствам, і нарэшце, калі ўжо заставаліся да сельсавета лічаныя хвіліны, выдушыў з сябе нейкі не свой — здранцвелы, прыгнечаны голас:

— Ігар, як ты паглядзіш, што... адным словам, учора быў не я, а ты?

— Як гэта не ты, а я? — не зразумеў Ігар.— Дзе быў?

— Ну-у, гэта самае... ліпу... Табе-то што, а ў мяне, панімаеш, могуць быць непрыемнасці...

— Значыць: ты нанаскудзіў, а я на сябе тваё дзярмо павінен браць? — нечакана заўпарціўся Ігар.— Не-е, ты мяне не чапай!

— А што табе гразіць? Скажаш, быў выпіўшы...

— I праўда, Ігар,— спахапілася Галя.— Ты ж сам павінен разумець, што Эдуард Серафімавіч...

— Не-е-е, даражэнькая! — працягваў упарціцца Ігар.— Думаеш, раз ён там нейкі начальнік, то яму ўсё можна? Я хоць і не шыбка граматны, за каўнер закладваю, але — пардон, розуму не прапіваю. Я скарэй дам сабе руку адпілаваць, чым спілоўваць дрэва, што продкі для красы пасадзілі. Гэта — пардон, што на могілках крыжы выварочваць. Быў у нас на Магілёўшчыне адзін такі. Урэзаўся п’яны на матацыкле галавою ў плот, і нешта з мазгой сталася — адняло памяць, як абрэзала: не помніць, хто ён, што было да таго. Патроху і мову згубіў: мычыць нешта — нічога не зразумееш. А здаровы — як бык. I ведаеш, што рабіць пачаў? Хадзіў на могілкі, руйнаваў магілы, крушыў крыжы, выварочваў помнікі. Паправяць — зноў павыварочвае, пазацягвае, што і цяжка знайсці. I нічога не зробіш — нонармальны. Людзі пляваліся, шкадавалі, што жывы застаўся, дачакацца не маглі, каб узяла якая халера... Ты хочаш, каб і мне людзі ўслед пляваліся? Не-е-е!

— Ладна, ладна...— вымучана падміргнуў Серафімавіч.— 3 мяне тры пляшкі армянскага...— Ён не сумняваўся, што Ігару не ўстаяць перад гэтакай спакусай.— Ідзе?!

На здзіўленне, Ігар грэбліва паморшчыўся, глянуў з пасмешкай:

— Ты што, купіць мяне хочаш? I дзёшава ж цэніш: тры пляшкі армянскага. Па дзесятцы за штуку, і таго — трыццаць срэбранікаў...

Ніна і Макар панура маўчалі. Яны не ведалі, асуджаць ці ўхваляць Ігараву ўпартую незгаворлівасць. Нейкае цяжкое, раздвоенае пачуццё аглытвала іх. 3 аднаго боку, і праўда, Ігару нічога страшнага не пагражае — што з яго возьмеш! Мог бы і выручыць па-сваяцку. А з другога... Макару, канечне, лацвей быць у кампаніі з Серафімавічам, чым з п’яніцам Ігарам, калі заварыцца каша. Тут зусім іншае вымярэнне, зусім іншы падыход, зусім іншая адказнасць... А Ніне? Якой гэта жонцы хочацца, каб муж быў замешаны ў непрыгожай справе, нават калі гэта непуцёвы муж!

Не заўважылі, як да машыны наблізіўся старшыня калгаса, жэстам падаў знак ісці за ім, але чакаць не стаў, пакуль яны вылезуць.

Старшыня сельсавета — немалады ўжо чалавек — быў за сваім рабочым сталом, значна маладзейшы старшыня калгаса прымасціўся ля прыстаўнога століка.

Стрымана і сціпла паздароўкаліся, адчуваючы нябачную дыстанцыю, якая заўсёды бывае паміж наведвальнікам і гаспадаром кабінета, нават калі гэта зусім маленькі начальнік, але ад якога залежыць рашэнне тваёй справы.

Па ўсім было відаць, што ні сельсавецкае, ні калгаснае начальства яшчэ нічога не ведае пра тое, што адбылося ноччу. У Макара адлягло ад сэрца, ён навідавоку весялеў, вяртаў былую ўпэўненасць. Ведаюць ці не ведаюць — Ніне і Ігару, здаецца, ужо было ўсё роўна, не мела істотнага значэння: свае грошы яны атрымаюць. Мо нават трохі хацелі, каб даведаліся — хай пакруціўся б, як скурат на агні, хітранькі Серафімавіч, і гэтая думка прыносіла ім ціхую казытлівую радасць. Па Серафімавічавым твары пайшлі барвовыя плямы. Зноў пачалася ікаўка. А Галя, здаецца, не разумела ці ўвогуле няздольная была зразумець да канца, у якую сітуацыю трапіў, якія страшныя, супярэчлівыя думкі аглытваюць зараз мужа.