Выбрать главу

Старшыня сельсавета праглядзеў купчую і... раптам нечакана задумаўся, нешта прыгадваючы. Макара, Серафімавіча праняў неўсвядомлены халадок трывогі.

— Пачакайце, пачакайце, а ці... — змоўк на паўслове старшыня, устаў, пайшоў да сейфа, адамкнуў, пакорпаўшыся, знайшоў нейкую паперку, сеў за стол, пачаў уважліва чытаць, потым падняў галаву: — Даруйце, хто тут прысутнічае? Я ўсіх і не ведаю.

Макар, Галя, Ніна назваліся, прадставілі Серафімавіча, Ігара.

— Ёсць яшчэ сястра Ганна... — заўважыўшы на старшынёвым твары падазроныя пытанні, паспяшалася паясніць Галя.— Але яна не магла чакаць, тэрмінова выехала. Упаўнаважыла нас ад яе імені...

— А хто будзе Алена Аляксандраўна Тамашэвіч? — падкрэслена афіцыйным голасам запытаў старшыня.

— Алена?.. Аляксандраўна?.. Тамашэвіч...— здзіўлена пераглянуліся яны, паціскаючм плячыма.— А-а-а! Ды гэта ж Ганніна дачка — Лена...— Імгненна насцярожыліся: — А што?..

Старшыня сельсавета правёў па ўсіх трохі спачувальным позіркам, звярнуўся да старшыні калгаса.

— Іван Сцяпанавіч, а здзелка незаконная...

— Як незаконная?! — здзівіўся той.— Мы ж заўсёды па гэтакай форме...

— Тут іншы выпадак, Іван Сцяпанавіч. Нябожчык перад смерцю пакінуў завяшчанне. Хата і ўся маёмасць пераходзіць ва ўласнасць Алены Аляксандраўны Тамашэвіч — такая яго воля. Во, глядзіце...— Перадаў паперку старшыні калгаса.— Аформлена ў поўнай адпаведнасці з законам...

— Што-о-о?! — залыпаў вачыма Макар, імгненна выхапіў з рук старшыні калгаса паперку, стаў чытаць, асядаючы на крэсла.— Гэ-э-эта ж... Г-э-э-та ж... разбой. Мы-ы... дакажам сваё цераз суд...

— Даруйце...— развёў рукамі старшыня сельсавета.— Але нічым дапамагчы не магу. Завяшчанне ёсць завяшчанне, законны наследнік ёсць законны наследнік...

Аглушаныя гэтай неспадзеўкай, ачмурэлыя Галя, Ніна, Серафімавіч не хацелі верыць, здаецца, яшчэ не разумелі...

Сумна ўсміхаўся Ігар...

Быў канец жніўня. Стаялі ціхія сонечныя дні. Прытомленае лета аддавала зямлі сваё апошняе шчодрае цяпло, настоенае на пахах мяты і спелага аржанога поля. На выганах і пожнях збіраліся ў чароды, гарланілі, мітусіліся нізка над полем гракі. Яны то чорнай хмарай абсядалі дрэвы, то накідваліся на яшчэ не ўбраныя палеткі, наталялі свае ненасытныя чэравы. А высока ў небе над вёскай луналі буслы. Распластаўшы белыя крылы, яны спакойна і велічна плылі круг за кругам, то зніжаліся, то ўздымаліся ўвысь, бы аглядаючы з рознай вышыні, у розных вымярэннях родныя краявіды, каб сумаваць па іх у цёплых, але чужых і няласкавых далёкіх краях. Буслы кружылі, кружылі ў сваім рытуальным карагодзе, бласлаўляючы зямлю, што плыве пад іх белымі крыламі, зычачы ёй спакою і шчасця. Толькі чатыры буслы — два старыя і два маладыя — паводзілі сябе неяк нязвыкла. Яны раз-пораз ні з сяго ні з таго пікіравалі над вёскай, скіроўваючыся на Антосеву сядзібу, садзіліся на страху, затрывожана клекаталі, здзіўлена глядзелі на паваленую ліпу, на разбураную буслянку. Рэзкімі ўзмахамі крылаў узляталі, набіралі вышыню, далучаліся да сваіх суродзічаў, і трывога перадавалася ўсёй чарадзе. Сваім зоркім позіркам буслы бачылі, трывожыліся, што згублены нейкі важны арыенцір на шляху, па якім вясною давядзецца вяртацца да роднай зямлі, да родных вытокаў.

Са сваёй вышыні буслы, канечне ж, бачылі, не маглі не бачыць «Жыгулі», што мітусліва, нервова кідаючыся туды-сюды, імчалі на ўсіх газах ад вёскі, пакідаючы за сабою рэдзенькі пыл. Сваім бусліным розумам яны, вядома, не разумелі, куды спяшаюцца, на якія арыенціры імчыць гэтая, з іх вышыні — зусім маленькая, як прыгожая цацка, шустрая жалезная кузюрка, напакаваная такімі ж маленькімі чалавечкамі...