Выбрать главу

Калі не лічыць саду, то пэўную вартасць у Антосевай гаспадарцы меў, хіба, прасторны, не ўдратаваны, як у іншых, курамі і гусямі двор. Двор урастаў добрым мурагом з дзяцелінай, яго двойчы, а то і тройчы за лета выкошваў Мікола. Праўда, год ад году добрая трава прыкметна выроджвалася — то там, то сям браліся купіны сівога стрымбуляватага быльнягу, густой злой крапівы, калючага лопуху — спадарожнікаў запусцення і нежылога духу. За сена, якое меў Мікола са двара і з саду, Антось браў у яго малако — літровы слоік штодня. Міколава Маня прыносіла яшчэ то скрылік сала альбо кумпяка, то яйкі, то яшчэ які-небудзь прысмак, але Антось звычайна адмаўляўся:

— Ат, не есца нешта, Манечка, дзякуй. Тое, што ўчора прыносіла, засталося. Катам аддаў, каб яны паздыхалі. Забяры, Манечка, нашто псаваць прадукт...

Іншы раз хадзіў да іх пасёрбаць супу і не таму, што хацелася, а хутчэй каб не крыўдзіць добрую Маню.

Гаваркі Мікола часам прыходзіў пасядзець-пагаманіць, бесклапотна пацвельваўся:

— I жытуха ж у вас, дзядзька-а-а! Рабі — што хочаш, спі — колькі ўлезе, і ніхто не бубніць, ніхто не панукае-е... Эх, дажыць бы да такога гультрэсту! Што-што, а выспаўся-я б — во! Не жыццё — а суцэльнае свята...

— Не дай бог дажыцца да гэтага свята... — самотна і насуплена адказваў Антось, і Мікола ніякавеў пад яго строгім позіркам.

Звычайна ўставаў Антось рана, яшчэ да сонца — нараўне з усімі, мо нават раней за сяго-таго з вяскоўцаў. Сон у яго, як і ва ўсіх людзей у сталых гадах, быў чуйны, трывожны. Ускокваў ад брэху Міколавага сабакі, ад клёкату бусла. Іншы раз наогул не спалася. Таму ледзь не пасярод ночы шукаў нейкі клопат-занятак — добра, што ночы летам кароткія.

Выйдзе ледзь свет з хаты і пачынае паціху дзёбаць на калодцы хмыз, вазоў з дзесяць якога назапасіў яшчэ з вясны. Падзёбае-падзёбае, адкладзе тапор, пасноўдаецца па двары ці пасядзіць на прызбе, прыслухоўваючыся, як прачынаецца вёска, і зноў дзёбае: таўшчэйшыя паленцы расшчапляе папалам, танчэйшыя — пакідае кругляком. Насекшы і нашчапаўшы ладную кучу, складвае ў штабель ля сцяны, каб добра высахлі, бо як пойдуць яблыкі і асабліва грыбы, дроў спатрэбіцца не менш, чым самай рупнай гаспадыні. Назапасіць трэба, каб не толькі хапіла на яблычны і грыбны сезон, а і засталося на вясну. Без запасу сушняку вясною, калі ўсё ўвадзянее, набрыняе сокам, не ўпаліш. Па прыездзе заўсёды хата такая выстуджаная за зіму, што аж страшна знаходзіць — бы лядоўня. Асабліва печ. Ад яе, хоць і паліш дні тры, патыхае холадам, своеасаблівым непрыемным пахам. Добры воз дроў трэба спаліць, пакуль усё прыйдзе ў норму. Ды і на вуліцы вясною бывае яшчэ золка, ноччу і пад кажухом прабірае. Так што Антось ведае меру: штабялі дроў — на яблыкі і грыбы, тыя, што пад паветкай — на вясну.

Яблычны сезон у Антося звычайна пачынаецца ўжо на пачатку ліпеня, калі наліваецца спелым сокам белы наліў. А там не паспее і агледзецца, як ужо ледзь не навылёт прасвечваюцца — хоць зёрны лічы — чырванабокія, сакавітыя, велічынёю з добрую рэпу, яблыкі на Федзькавай яблыні. Гэта — знакамітая на ўсю ваколіцу яблыня. Яна мае цэлую гісторыю...

У сорак першым, калі ўжо гаспадарылі немцы, ноччу да Антося пастукаўся вайсковец — галодны, знясілены, увесь у балотнай твані, настолькі зарослы шчэццю, што немагчыма было вызначыць яго ўзрост. Пры ім была вінтоўка, але без патронаў. Вайсковец папрасіў чаго-небудзь паесці, расказаў, што прабіваецца да сваіх аж з-пад Беластока. Спачатку іх было сем чалавек. Днём, калі ўсе дарогі кішэлі немчурой, адседжваліся па лясах альбо рухаліся па сонцы на ўсход глухімі мясцінамі, але ў асноўным ішлі ноччу. На пятнаццаты дзень іх засеклі, абклалі з усіх бакоў. Пачалася перастрэлка. Калі скончыліся патроны, сталі ратавацца хто як можа. Федзька — так звалі акружэнца — упёрся ў нейкае балота, амаль два дні праседзеў пад чэзлым лазовым кустом пасярод непраходнан багны, пакуль немцы пе зніклі, рашыўшы, што ўсіх пералавілі ці перастралялі.

Антось накарміў яго, потым, нягледзячы што была ноч, узяўся рыхтаваць лазню. Калі вайсковец адмыўся, пагаліўся, было відаць, што гэта зусім яшчэ юны чарнявы хлопец. Антось прапанаваў, каб ён застаўся, пачакаў, пакуль вернуцца нашы — ён не сумняваўся, што праз які тыдзень, ад сілы — праз месяц, чырвонаармейцы пагоняць назад немчуру. Аднак Федзька адмовіўся. Падабралі яму сякую-такую цывільную вопратку, і ноччу ён рушыў далей. А праз два дні вярнуўся назад.