Выбрать главу

Антось ніяк не можа зразумець сына: як гэта так можна? Птушка, звер і тыя да родных краёў цягу маюць, а каб чалавек?.. Калі выракаешся свайго, то і чужога цаніць не ўмееш, цябе паважаць перастаюць, сам сябе паважаць развучышся. Не-е, што б там ні казалі, у якім дастатку ні жыў, а не можа быць шчаслівы чалавек без сваіх каранёў, без любасці да свайго роду-племені. Чалавек без каранёў — як тая стэпавая траўка, што перакаці-полем завецца: куды падзьмуў ветрык — туды і пакацілася, куды пакацілася — там і пасеялася. Якая была патрэба Макару сеяцца ў тым Казахстане? Можна зразумець, калі аралі цаліну — рабочых рук не хапала. А зараз там сваіх людзей удосталь — сам бачыў. Сем’і ў казахаў вялікія — па восем-дзесяць жэўжыкаў у хаце, адно пад адно, аж душа радуецца. Во з каго нашым людзям трэба прыклад браць! А то народзяць адно, ад сілы двое — і ўсё, пачынаюць сабак заводзіць, каб яны паздыхалі. Наглядзеўся ў горадзе, як быў у Галі. Ходзіць сабе па скверы кабета кроў з малаком, ёй самы раз у рукі каляску з дзіцянём, а яна на павадку кабяля са страшэннай мордай, велічынёй з цялушку ці нейкую помесь сабакі з авечкай, прагульвае. Што за радасць, што за мода — у галаву не ўкладваецца. А тым часам бы якая эпідэмія павымятала вёскі: каго — у горад, каго — на могільнік, каго — пагнала па свеце, як тое перакаці-поле. Яшчэ пасля вайны тут было за сто двароў. А зараз? 3 палавіну вычысціла... Апошнім часам, праўда, падобна, што патроху ўсё пачынае паварочвацца назад — памалу засяляюцца апусцелыя вясковыя гнёзды-сядзібы. У каго сын, у каго замужняя дачка вяртаюцца, паспытаўшы гарадскога смаку. Але часцей за ўсё едуць прышлыя людзі. А чужому вядома як: абы страха над галавою, абы грошы. У залётных няма повязяў з гэтай зямлёй: сёння ён тут, заўтра — там, адкуль павабяць лепшымі выгодамі і большымі грашыма. Грошы, грошы, грошы... Затапілі яны вёску. У многіх ужо дзесяткі тысяч на кніжках, і людзі не ведаюць, што рабіць з імі. Сумна жыць на свеце, калі, апроч грошай, нічога святога за душою не застаецца. Мо таму, шмат хто залівае свой сум і нуду гэтым праклятым «чарнілам», якое пажырае і тыя ж грошы, і здароўе, і розум, даводзіць чалавека да свінства...

Не-е, што б там ні казалі, а залётныя людзі — не гаспадары на зямлі, рэдка хто з іх пускае карані...

А дзе ж свае сыны і дочкі, што разляцеліся з родных гнёздаў па свеце? Колькі будзе доўжыцца іх вырай?! Няўжо навек наканавана ім жыць без памяці, заставацца Іванамі без роду і племені?! Няўжо не прабудзіцца ў іх цяга да сваіх вытокаў, як абуджаецца яна ў птушак вясною, у рыб, што ідуць на нераст?..

Узяць таго ж Макара. Чаго, на добры розум, сядзець яму там, у тым Казахстане? Яшчэ б меў якую важнецкую работу, а то просты шафёр. Быдта тут у шафёрах няма патрэбы. Жыў бы ў бацькоўскай хаце, ездзіў па сваёй зямлі, гадаваў дзяцей, унукаў. Жонка ўпарціцца. Сама выраклася радні і, як стала начальніцай, яго выракла.

Крыўдна і брыдка Антосю, што сын паддаўся нявестцы, што камандуе ім як хоча, быдта не ён, а яна мужык у хаце. Толку мала, калі ў сям'і за камандзіра жонка. Жонку, канечне, трэба слухаць, калі што разумнае кажа: ну, не пі, не лайдачы, не цягайся з кім папала. А так трэба, каб у мужыка свой розум, свая галава на плячах была. На тое ён і мужык...

Хоць хто яго ведае... Не ўсякі мужчына варты, каб яго слухалі. Узяць хоць бы зяця Эдуарда. Усе вакол, асабліва яго матулька, лічаць, што ён ашчаслівіў Галю: з вёскі ў інтэлігенцыю выцягнуў. Інтэлігентнасць, па-іхняму,— сваім грэбаваць, са свайго здзекавацца. Калі падраслі дзеці і трэ было пасылаць у школу, то не аддалі, як усе, у звычайную, што ў двары, а з ног збіліся, уладкоўваючы ў нейкую модную — з англійскім ухілам. Праз увесь горад з трыма перасадкамі вазілі-прывозілі. А ў тых аўтобусах зранку людзей — што селядцоў у бочцы. Бедныя дзеці ў дурных бацькоў... Летам і на дзень баяліся прывезці ў вёску — як ад агню, аберагалі ад дзеда і бабы. Іх, бачыце, страх апаноўваў, што малыя на ляту засвойваюць вясковую гаворку, псуюць акцэнт... Неяк вазіў падарункі ўнукам, пайшоў з імі пагуляць у горад. Зацягнулі ў кнігарню, захацелі, каб купіў прыгожыя каляровыя кніжкі. Што было, як вярнуліся дадому! Глядзелі на пакупку так, быдта даў малым забаўляцца востры нож. Выхапілі тыя кніжкі з рук, малыя — у плач, а яны: вам нельга гэтага, тут не па-культурнаму пісана. На вачах у дзяцей парвалі на шматкі і — у смеццеправод. Абурыўся, сказаў усё, што думаў... Пакрыўдзіліся, а свацця да самай смерці глядзела воўкам...