Выбрать главу

— Уваходзім!

Тое, што ўбачылі выратавальнікі, стала для іх шокам. Унутры варушылася нешта чорнае, падобнае на шчупальца, увянчанае грушападобным нарастам. Пры з’яўленні ратавальнікаў, яно звярнула да іх нараст і замерла, нібы вывучаючы.

— Усе назад! — першым апамятаўся Гедройц, рука якога інстынктыўна пацягнулася да кабуры. Пальцы сціснулі вакуум — правілы Выратавальнага Корпуса дазвалялі нашэнне зброі на караблі толькі пры наяўнасці прамой пагрозы жыццю экіпажа.

Ратавальнікі адскочылі і ўціснуліся ў пераборку, не зводзячы вачэй са шчупаль­ца. А яно не падавала прыкмет жыцця.

— Гэта пыл!

— Які да д’ябла пыл? — не зразумеў інжынер-тэхнік, паглядзеўшы на суднавага лекара, як на вар’ята.

Хурда асцярожна паставіў балон і павольна зрабіў крок наперад, дэманструючы пустыя рукі. Работнік службы бяспекі хацеў утрымаць суднавага лекара, але капітан не дазволіў. Бянткоўскі толькі цяпер заўважыў парушынкі, якія клубіліся вакол «галавы».

— Мы не жадаем табе зла! — Хурда зрабіў яшчэ адзін крок, працягваючы паказваць, што ў яго няма зброі. Шчупальца не сягала яго, што надало суднаваму лекару смеласці. — Не бойся!

Крок.

Яшчэ адзін.

Задняя частка шчупальца надзейна закаркоўвала дзірку з ірванымі лапікамі металу. Бянткоўскі падумаў пра тое, што сіла, якая прабіла ашалёўку, павінна быць страшэннай — карпусы выратавальных караблёў рабіліся звышмоцнымі.

Тым часам суднавы лекар скараціў адлегласць да шчупальца да двух метраў. Рукі апусціў, але рэзкіх рухаў не рабіў. Ратавальнікі маўчалі, баючыся спудзіць пыл рэзкім гукам.

Шчупальца падпусціла Хурду ўшчыльную, а затым імкліва ўцягнулася ў дзірку, пакінуўшы пасля сябе воблака пылу і шкляны корак.

— І гэта ўсё? — здзівіўся Смаляк.

Суднавы лекар паціснуў плячыма і прысеў над пылам.

V

Корак шчыльна запячатваў дзірку, тым не менш Бянткоўскі загадаў заліць яе яшчэ і пенай. Капітан не любіў сюрпрызаў. Асабліва такіх, чыю прыроду ён зразумець не мог. Як толькі герметычнасць была адноўлена, запрацавалі помпы, напаўняючы адсекі паветрам.

— Думаеш, кантакт адбыўся?

— Не ведаю, капітан. Мне вельмі моцна хацелася б у гэта верыць! — Хурда падышоў да корка і дакрануўся да яго рукой. Маса была цёплай. І гэта цяпло здавалася жывым. — Мы маем справу з калектыўным розумам, дзе кожная пылінка іграе строга адведзеную ёй ролю.

— Гэты калектыўны розум, ён небяспечны? — Едка трымаў руку на перакладзіне айсбаля.

— Мы занадта мала ведаем пра яго. Пакуль што ён не даваў падставы лічыць яго агрэсіўным.

— А гэта што? — Гедройц паказаў на прабоіну.

— З боку пылу гэта можа з’яўляцца спробай уступлення ў кантакт.

— Думаеш, пыл гэтак жа трызніць пра братоў па розуме, як і людзі?

— Усё можа быць.

— Навошта прабіваць ашалёўку? Чаму б проста не звярнуцца да нас?.. Камандзір, я хацеў бы, каб у мэтах бяспекі ўсяму экіпажу была раздадзена зброя!

— Едка, у цябе зноў абвастраецца паранойя!

— Няхай лепш я буду параноікам, чым вы ўсе мёртвымі, Якуб! Ведаеш, чаму я да гэтага часу жывы? Таму што добрасумленна стаўлюся да выканання сваіх абавязкаў! Мы павінны бачыць у ксенаморфах ворагаў да тых часоў, пакуль не будзе даказана адваротнае.

— Едка мае рацыю. Мы не маем права рызыкаваць.

— Пыл можа ўспрыняць гэта як адкрытую варожасць!

— Хто табе больш дарагі, Якуб? Таварышы або пыл?

— Ты некарэктна ставіш пытанне, Едка!

— Некарэктна, кажаш?.. А як жа «Ёган Кеплер»?

— У нас няма фактаў, якія пацвярджаюць, што экіпаж МКС сапраўды адбіваўся ад пылу. Яны маглі страляць і адзін у аднаго.

— Занадта шмат нестыковак.

— Гіпотэза мае права на жыццё!

— Хопіць спрачацца! — абарваў таварышаў Бянткоўскі. — Зброя пакуль застанецца ў арсенале.

— Капітан?

— Скумін, чаму не было сувязі?

— Нехта спрабаваў узламаць наш галоўны камп’ютар! На шчасце, я своечасова заўважыў небяспеку.

— Не падабаецца мне ўсё гэта, камандзір!

— Зноў падазраеш пыл, Едка? — ухмыльнуўся суднавы лекар.

— Такая ў мяне праца — падазраваць усіх і кожнага... Што будзем рабіць, камандзір: паспрабуем разабрацца самі або аддамо гэта права спецыялістам?

— Мы ні ў якім выпадку не павінны ляцець — іншага разу можа і не быць!

— А ці патрэбны кантакт наогул?

— Што ты такое кажаш, Едка? — вочы Хурды акругліліся. — Гэта ж — унікальная магчымасць пашырыць веды пра сусвет і здзейсніць гіганцкі скачок у развіцці!

— А што, калі пыл не захоча дзяліцца з намі ведамі? — суднавы лекар залыпаў вачыма. Мяркуючы па ўсім, пра такі варыянт Хурда не задумваўся. — Калі ён не жадае бачыць у нас братоў па розуме?